Фестываль, які яднае людзей і народы

 

Вельмі многія з тых, хто накіроўваўся ў нядзелю ў Старыя Васілішкі на фестываль музыкі Чэслава Немэна, спыняліся ля нядаўна ўстаноўленага на ўездзе памятнага каменя. На агромністым валуне выбіты дата ўтварэння вёскі – 1385 год, і словы: “Кожная зямля мае тых, хто яе праслаўляе”. Гэта сціплае мястэчка даўно на слыху дзякуючы феномену польскага музыканта і кампазітара, які пры ўсёй сваёй велічыні для многіх васілішкаўцаў і па сённяшні дзень застаецца проста Чэсікам Выджыцкім, бо разам хадзілі ў школу, ганялі на ровары, спявалі пад гармонік і гітару... Тут, у Старых Васілішках, у звычайнай сялянскай хаце рос той, каго сёння лічаць рок-зоркай сусветнай велічыні і наватарам музычнай культуры ХХ стагоддзя.

 

 

 Гэты камень-валун устаноўлены дзякуючы мецэнату – кіраўніку мінскай кампаніі “Фомар” Вячаславу Бруйку, які, дарэчы, прыхільнік творчасці нашага земляка і сёння таксама сярод гасцей фестывалю, – гаворыць загадчык клуба-музея Чэслава Немэна Уладзімір Сянюта.

 

 

На свята завітаў і старшыня Саюза палякаў на Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сангін. Госці з Мінска, Гродна, Ліды, Шчучына прыехалі з сябрамі і цэлымі сем’ямі, любуюцца адроджанай сядзібай Выджыцкіх і новымі элементамі ландшафтнага афармлення. Падумаць толькі, нават з улікам няпростай сітуацыі з пандэміяй сёлета музей ужо наведалі каля чатырох тысяч турыстаў.

 

 

– А я прыехаў з Варшавы, жыву ў тым жа мікрараёне, дзе знаходзіцца кватэра Чэслава Немэна. Лічу яго адным з лепшых музыкантаў свету, – гаворыць Анджэй Карчэўскі. – У свой час мне пашчасціла трапіць на яго канцэрт, што праходзіў у прэстыжнай зале Варшаўскага кангрэсу. Уражанне засталося незабыўнае. Ужо ў другі раз прыязджаю на фестываль у Васілішкі, дзе пануе такая цудоўная атмасфера. Вялікі дзякуй арганізатарам – добрую справу робяць, услаўляючы імя таленавітага творцы.

 

 

Сапраўдным падарункам для ўсіх аматараў прыгожага стаў канцэрт арганнай музыкі ў касцёле Пятра і Паўла, дзе сваім майстэрствам уразіла арганіст Людміла Казлова. На адным дыханні прайшла і экскурсія па доме-музеі славутага земляка.

 

– Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта так пераканаўча расказвае пра тыя часы і падзеі, што на нейкі момант здаецца, нібыта ў яго самога “перасялілася” часцінка Чэслава Немэна. Такі эмацыянальны аповед дае магчымасць глыбока пранікнуцца атмасферай і… пачуць недаказанае самім кампазітарам, – дзеліцца Аляксандр Сангін. – А ўвогуле я здзіўлены і ўражаны ўбачаным і пачутым, бо ўпершыню тут. Упэўнены, што гэта не апошняе маё спатканне з радзімай Чэслава Немэна.

 

 

На падворку Выджыцкіх, сярод кветак і прыгожых архітэктурных форм, ладзіцца імпрэза. Гарманічна гучаць чыстыя галасы салістаў Васілішкаўскага цэнтра культуры і мелодыі песень кампазітара. Гаспадынькі ў народных строях частуюць гасцей вясковымі прысмакамі. Кажуць, што печыва асабліва смачнае ад таго, што з яблыкаў з саду Выджыцкіх, дзе, мабыць, сам Чэслаў садзіў антонаўку ды ранеты.

 

 

Далей фестываль перамяшчаецца ў аграгарадок Васілішкі. Там ужо ва ўсю ладзілі кірмаш народныя майстры, працавалі дзіцячыя атракцыёны, самыя лепшыя кулінаркі з усіх устаноў і арганізацый Васілішкаўскага сельсавета на каларытных падворках прэзентавалі неверагодна прыгожыя і смачныя яблычныя дэсерты. Адмовіцца ад дэгустацыі было проста нерэальна!

 

Але вось фестывальныя мелодыі клічуць у імправізаваны амфітэатр, што ўтварыўся ля цэнтра культуры. Удзельнікаў вітаюць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна, старшыня Саюза палякаў на Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Сангін, загадчык дома-музея Чэслава Немэна Уладзімір Сянюта, дырэктар кампаніі “Фомар” Вячаслаў Бруёк. У кожным з выступленняў рэфрэнам праходзіць думка: гэты неардынарны фэст яднае народы, абуджае духоўнасць, адкрывае новыя таленты. Гарачымі апладысментамі ўзнагароджвала публіка васілішкаўскіх артыстаў Алёну Ляпеша, Вераніку Шырокую, Валянціну Страчынскую, Дар’ю Васілеўскую, Таццяну Шэршань.

 

 

З цудоўнай канцэртнай праграмай прыехаў на фестываль народны ансамбль “Красавяцы” з Ліды. Сваю самабытную творчасць прадэманстравалі ўдзельнікі народнага хору польскай песні “Промень” Шчучынскага РЦКіНТ і народнага ансамбля “Васільковая раніца” Васілішкаўскага цэнтра культуры. У гэты дзень арганічна гучалі музычныя творы на польскай, беларускай, рускай, украінскай мовах...

 

А вечарам ладзілася не толькі дыскатэка, але і былі падведзены вынікі абласнога праекта “ЭтнаБум”, дзе лепшыя танцавальныя пары Шчучыншчыны давалі майстар-клас у выкананні побытавых народных танцаў. У Васілішках ад душы скакалі польку і абэрак, Кракавяк і Падэспань. Па традыцыі самых актыўных удзельнікаў фестывалю ўзнагароджвалі памятнымі падарункамі – за лепшыя падвор’і, самыя смачныя стравы і самыя агністыя танцы.

 

 

– Я сёння для сябе адкрыла гэты рэгіён, – прызнаецца мінчанка Ганна Вашчынчук – начальнік аддзела Нацыянальнага агенцтва па турызме. – Унікальная асоба рок-музыканта Чэслава Немэна з яго асабістай гісторыяй нібы магнітам прыцягвае ў Васілішкі людзей розных культур і розных нацыянальнасцей. За час існавання музея з 2010 года тут пабывалі тысячы турыстаў. А дзякуючы фестывалю і такой шчырай гасціннасці, якую сёння адчулі мы, турыстычны патэнцыял гэтых мясцін будзе толькі нарастаць.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!