Домік у вёсцы: хто ахвотна будуецца і набывае апусцелыя сядзібы ў Шчучынскім сельсавеце

 

“Вы прайдзіцеся па вуліцы Лясной у Тур’і – такое хараство, усё аж зіхаціць!” – так эмацыянальна-вобразна старшыня Шчучынскага сельвыканкама Станіслаў Яўгенюшавіч Возны пачынае расказ пра землякоў, якія ўласнаручна ствараюць прыгажосць у доме і на зямлі.

 

І насамрэч тут радуюць вока дагледжаныя сядзібы з яркімі кветнікамі, цікавымі ландшафтнымі аазісамі і ўсялякімі мудрагелістымі паробкамі. Многія падворкі абнесены ўзорыстымі, розных форм і колераў платамі і агароджамі… Гаспадары-рупліўцы, такія як Рэгіна Іосіфаўна Валасюк, Іван Вацлававіч Кімашэўскі і многія іншыя іх суседзі, пастараліся ад душы. Жыхары суседніх Янчукоў і Буйвічаў таксама не адстаюць у навядзенні чысціні і прыгажосці.

 

img_0981.jpg

 

Безумоўна, на развіццё прыгарадных аграгарадка і вёсак уплывае гэты іх статус. Блізкасць да Шчучына, добрая сацыяльная інфраструктура, зручныя транспартныя зносіны, маляўнічая прырода прывабліваюць сюды новых людзей. Адпаведна ўзводзіцца камфортнае жыллё.

 

– У Тур’і цяпер шмат новабудоўляў, утворана яшчэ адна вуліца – Сасновая. Сёлета будзем фарміраваць 20 участкаў пад жыллёвае будаўніцтва на вуліцы Паўднёвай, – працягвае С.Я. Возны. – Хто не мае ўласных метраў, атрымае ўчастак бясплатна. Вось і нядаўна звярнулася ў сельвыканкам маладая сям’я: хочуць застацца жыць побач з бацькамі жонкі. Пахвальнае жаданне! Заахвоціліся пабудавацца тут і мінчане – ураджэнцы Тур’і.

 

Не знікае таксама цікавасць да янчукоўскіх, ельнянскіх, скоржыцкіх і іншых куточкаў сельсавета, асабліва тых, дзе побач лес і возера. Дарэчы, уладальнікамі дамоў на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі становяцца жыхары не толькі рэгіёнаў нашай краіны (як прыклад – сям’я, якая пераехала ў Янчукі з Гомельшчыны), але і замежжа. Станіслаў Яўгенюшавіч падкрэслівае: гэта добра. Бо ёсць людзі – жыве вёска. Ён сам валодае ўсёй інфармацыяй па апусцелых сядзібах, трымае ў полі зроку і засяленне “новенькіх”, і іх далейшае “ўкараненне” ў вёсках.

 

 

– За апошнія пяць год новыя гаспадары з’явіліся прыкладна ў 50 сядзіб, – задаволены С.Я. Возны. – Яны ўдыхнулі жыццё і ў практычна апусцелыя куточкі. Так, быў момант, калі ў вёсцы Агароднікі заставаўся толькі адзін чалавек. Цяпер іншая справа. Заахвоціліся вярнуцца да вытокаў мясцовыя, сюды ж пераехала сям’я ажно з Краснаярска… Дарэчы, вельмі прыстойныя і працавітыя людзі. Яны ўпарадкавалі дом і падворак, узвялі лазню, паставілі вуллі, вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю. І на сумежным участку прыбраліся: тут плануюць… пасадзіць ружы. Такую ініцыятыву толькі вітаю!

 

А вось жыхары абласнога цэнтра купілі чатыры сядзібы ў вёсцы Ельня. Дзве з іх – для развіцця асабістай падсобнай гаспадаркі. Тут урадлівыя землі, што добра для агародніцтва і развядзення жыўнасці. Па словах старшыні, дбайнымі гаспадарамі зарэкамендавалі сябе і браты-гродзенцы, якія асталяваліся ў Юшках. А ў Скоржыках сёлета дзве хаты набылі пад дачы.

 

Трэба сказаць, што і сам старшыня, і яго каманда прыклалі шмат намаганняў для таго, каб у акрузе не заціхлі назаўжды вёскі і вёсачкі. “Работу вялі ў адпаведнасці з указамі Прэзідэнта па апусцелых дамах. Адправілі пісьмы спадчыннікам, – прыгадвае Станіслаў Яўгенюшавіч. – Людзі адклікнуліся. Хто, выйшаўшы на пенсію, вярнуўся на малую радзіму жыць, хто на бацькаўшчыне дачу зрабіў, хто прадаў хатку добрым людзям. Попыт жа ёсць. Бо мясціны тут маляўнічыя. Узяць тыя ж Агароднікі. Навокал лес, а значыць, чыстае паветра, грыбы-ягады, побач шаша М6 – едзь у любы бок”.

 

 

Старшыня сельвыканкама падкрэслівае: работа з апусцелымі і старымі дамамі паступальная, павольная і нават руцінная. Пошукі ўладальнікаў, дакументальнае афармленне здзелак куплі-продажу…

 

– Затое радуе, што ўсё часцей новымі сяльчанамі становяцца здольныя, энергічныя, масцеравыя людзі, якія з паніклага дамка могуць зрабіць сапраўдны церамок, – падкрэслівае Станіслаў Яўгенюшавіч. – Так, сёлета ў Буйвічах новыя гаспадары адчынілі дзверы ў тры нядаўна яшчэ пустыя хаты: маладыя сем’і маюць намер ператварыць іх у камфортнае жыллё. Пачатак ужо ёсць: падворкі пакошаны, на тэрыторыі парадак, падвозяць будаўнічы матэрыял. Заўважны рух і на дзвюх сядзібах у Янчуках, набытых сёлета. Уладальнікам адной з іх стаў малады гараджанін: бацькі дапамаглі сыну спраўдзіць мару пра дом у вёсцы. Я ўпэўнены: для таго, каб вёсачка жыла, кожны дом павінен мець гаспадара. Будуць жыць людзі – будуць нараджацца дзеці, будуць цвісці кветкі…

 

Калі ж дом зусім спарахнеў і не цікавіць больш ні ўласнікаў, ні купцоў, то лёс у такога адзін – пад знос. І тут дапамагае ААТ “Шчучынаграпрадукт”, дырэктар якога В.Б. Патапчык сур’ёзна выступае за навядзенне парадку на зямлі: тэхніка гаспадаркі прыбірае і сцены, і крушні, і кустоўе. А вызваленая зямля ўводзіцца ў севазварот ці засяваецца шматгадовымі травамі і служыць пашай для кароў і авечак. Сельгаспрадпрыемства дапамагае і ў іншых справах.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!