Добры вынік: шчучынцы ўзялі другое месца на турніры па пляжным футболе ў Астраўцы

На мінулых выхадных, у суботу, каманда “ШчучынЛесКам” брала ўдзел у традыцыйным турніры – адкрытым кубку Астравецкага раёна па пляжным футболе. Нашы землякі годна паказалі сябе на гэтых спаборніцтвах і занялі другое месца.

 

Сёлета адкрыты кубак Астравецкага раёна сабраў чатыры каманды: зборную Астраўца, дружыну РАНС з Астраўца, смаргонскіх “Сяброў” і “ШчучынЛесКам”.

 

Турнір адразу пачаўся з паўфінальнай часткі, у якой нашай камандзе супрацьстаяла зборная Астраўца. Пасля трох перыядаў лік на табло быў 4:4, таму вынік матча вырашылі пенальці, у якіх мацнейшымі былі шчучынцы. 

 

У фінале кубка сустрэліся дзве гасцявыя каманды: “ШчучынЛесКам” і “Сябры” са Смаргоні. Як і ў першай гульні, камандам не хапіла гульнявога часу, каб вызначыць мацнейшага: першы перыяд скончыўся ўнічыю 1:1, у другім нашы землякі выйшлі наперад, але ў трэцім перыядзе “Сябры” зраўнялі 3:3. У напружанай серыі пенальці перамаглі спартсмены са Смаргоні.

 

Трэцяе месца заняла зборная Астраўца, якая перамагла сваіх землякоў з РАНС.

 

Віншуем нашых хлопцаў з “ШчучынЛесКам”, якія, нягледзячы на трыццаціградусную спёку, паказалі добры пляжны футбол!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з суполкі “ФК Щучин” ВКонтакте.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!