Для чаго ствараць турыстычны прадукт, распавёў начальнік аддзела турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі райвыканкама А.Г. Амшэй
Пра неабходнасць фарміравання турыстычнай індустрыі, стварэнне камфортных умоў для турыстаў цяпер гаворыцца на самых розных узроўнях. Гістарычна і тэрытарыяльна шчучынская зямля вельмі цікавая. Мы ўсё больш даведваемся аб багатай гістарычнай спадчыне, якая ў нас ёсць, і можам граматна яе выкарыстоўваць. Аб праблемных момантах і перспектывах развіцця турызму ў раёне расказвае начальнік аддзела турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі райвыканкама А.Г. Амшэй.
– Аляксандр Генрыхавіч, чым прадстаўлены турыстычны патэнцыял раёна?
- Калі гаварыць пра аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, то наш раён на іх багаты - больш за 40 аб’ектаў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Дуга Струвэ з’яўляецца помнікам ЮНЕСКА, Мураванкаўская царква-крэпасць таксама знаходзіцца ў папярэднім спісе для ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны. Наш раён таксама не абдзелены помнікамі прыроды: пачынаючы ад ледніковых валуноў, рэгулярных паркаў і заканчваючы асабліва ахоўваемымі тэрыторыямі, такімі, як рэспубліканскія ландшафтныя заказнікі “Котра”, “Ліпічанская пушча”, “Азёры”.
Не трэба забывацца і пра патэнцыял вытворчага турызму. На тэрыторыі раёна ёсць прадпрыемствы, якія па праве можна назваць унікальнымі. Гэта і саўгас “Вялікае Мажэйкава”, які спецыялізуецца на вырошчванні лекавых раслін і траў, і кааператыў “Шчучынскае пчалярства”, які ўваходзіць у лік найбуйнейшых вытворцаў мёду і прадуктаў пчалярства ў нашай краіне. Ёсць што паглядзець у Шчучынскім лясгасе, на ТАА “Праймілк” і Шчучынскім масласырзаводзе.
Тэма музеяў таксама не губляе сваёй актуальнасці - у кожнай школе ёсць музей ці музейны пакой. Стара-Васілішкаўскі клуб-музей Чэслава Немэна трымае пальму першынства па колькасці наведвання турыстамі - 5-6 тысяч чалавек у год. Увасабленне ў жыццё ідэі стварэння музейнага кластара на базе існуючых экспазіцый у райцэнтры можа стаць яшчэ адной крыніцай эвалюцыі турызму. Пры правільным падыходзе гэта дазволіць прыцягнуць у рэгіён турыста, як унутранага, так і ўязнога. Акрамя таго, Шчучыншчына багатая на шляхецкія сядзібы, якія калісьці належалі вядомым асобам. Рэшткі сядзібаў, што захаваліся, пры ўмове разумнага інвеставання таксама маглі б умацаваць турыстычны патэнцыял раёна.
– З 1 жніўня бягучага года ва ўпраўленні эканомікі райвыканкама створаны новы аддзел – турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці. З чаго прыйшлося пачынаць у сферы папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу раёна?
– Новы аддзел быў створаны па ініцыятыве старшыні Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчніка, які лічыць, што ў Шчучыншчыны – вялікі турыстычны патэнцыял, які важна развіваць.
Пачаўшы дзейнасць на новай для мяне прафесійнай сцежцы, я атрымаў магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі буйных беларускіх турфірм, якія наведалі наш раён і пазнаёміліся з яго турыстычным патэнцыялам. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад убачанага і адзначылі, што адной з галоўных праблем з’яўляецца дэфіцыт якаснай інфармацыі аб тым, што ж у нашым раёне ёсць унікальнае.
Таму ў першую чаргу мы пачалі работу менавіта ў гэтым накірунку. Зараз кардынальна мяняем напаўненне тэматычнай рубрыкі сайта райвыканкама, прысвечанай турызму. Прычым стараемся зрабіць гэтую інфармацыю ёмістай, цікавай і зразумелай. Абавязковая ўмова - даступнасць у англамоўнай і польскамоўнай версіях.
Наступны крок – пашырэнне прысутнасці інфармацыі ў інтэрнэт-прасторы. Тут мы разлічваем на супрацоўніцтва з партнёрамі з гарадоў-пабрацімаў. Ёсць ідэя сумесна з польскім Шчучынам распрацаваць праект “Два Шчучыны - адна гісторыя”, арыентаваны на папулярызацыю нашай гісторыі і культуры, знайсці агульныя падыходы, нейкія ўнікальныя асаблівасці і нюансы, якія звязваюць нашы гарады.
Зараз мы вызначылі магістральныя напрамкі, па якіх будзем развівацца ў бліжэйшай перспектыве. Стварэнне аддзела накіравана менавіта на каардынацыю работы. Бо робіцца сапраўды вельмі шмат, аднак эфектыўнасць і выніковасць гэтай работы пакуль не можа задаволіць. Наша задача – дасягнуць узгодненасці дзеянняў розных суб’ектаў індустрыі турызму.
На старце неабходна ацаніць глыбіню праблемы і атрымаць максімальную інфармацыю аб стане сферы на сённяшні дзень. Каб пабудаваць дакладнае бачанне нашага шляху, мы павінны не толькі ведаць колькасць аграсядзіб, гасцініц, турыстаў, музеяў, людзей, якія іх наведалі, колькасць турфірм, важна зразумець, наколькі людзі гатовыя да якасных пераменаў, якія перспектывы іх прыцягваюць. Гэты пласт інфармацыі мы аналізуем, вызначаем мэту, да якой трэба рухацца, і зацвярджаем рэальны план дзеянняў з вызначэннем крыніц фінансавання. Ёсць пункты росту, якія павінны паспрыяць ператварэнню турызму ў сферу, якая забяспечыць занятасць насельніцтва і пэўны даход.
– Чым адрозніваецца паняцце “турыстычная славутасць” ад “турыстычнага прадукту”?
– Наогул трэба падзяляць паняцці “турыстычная славутасць” і “турыстычны прадукт”. Сам па сабе храм альбо палац з’яўляюцца фізічнымі аб’ектамі, іх можна разглядаць як аб’ект, які можа зацікавіць. Што тычыцца турыстычнага прадукту – гэта тое, што мы хочам прадаць. Гэта значыць, мы прапануем не сам аб’ект, а яго наведванне, экскурсію, квэст, фотасесію, сувенірную прадукцыю і г.д.
Да прыкладу, у нашым раёне ёсць паляўнічая гаспадарка “Каменскае” Шчучынскага завода “Аўтапровад” і “Дом паляўнічага” Шчучынскага лясгаса. Планы былі грандыёзныя, сродкі ўкладзены немалыя, але пакуль няма таго выніку, на які разлічвалі першапачаткова. Тое ж можна сказаць і пра палац Друцкіх-Любецкіх, у рэканструкцыю якога ўкладзены каласальныя грошы. Так, наша жамчужына была не толькі захавана, але і заблішчала новымі фарбамі на вераснёўскім сонцы ў 2015 годзе. Вядома, спецыфіка ўстановы, якая там знаходзіцца, не дазваляе турызм лічыць асновай яе дзейнасці. Але перспектыва стварэння паўнавартаснага турыстычнага прадукту, безумоўна, прысутнічае. Зноў жа ёсць адчуванне недахопу стратэгічнага плана дзеянняў, вобразу жаданага будучага, калі хочаце. І пачынаць трэба з “прамоушэна”. Хаця б раз у месяц палац павінен заяўляць пра сябе нейкім гучным мерапрыемствам рэгіянальнага, а лепш рэспубліканскага маштабу.
А вось новы турыстычны аб’ект “Бункер-77” якраз і з’яўляецца крокам да стварэння турыстычнага прадукту. “Засвяціўшыся” на тэлебачанні і ў інтэрнэце, гэта месца вельмі цікавіць турыста і па сутнасці стала прарыўным. Турызм, з пункту гледжання эканомікі, патрабуе сур’ёзных укладанняў. Гэта і падтрыманне ў належным стане саміх турыстычных аб’ектаў, і навучанне персаналу, і стварэнне неабходнай інфраструктуры для прыцягнення турыста, і граматная інфармацыйная падтрымка.
– Якія, на Ваш погляд, існуюць праблемныя моманты ў стварэнні паўнавартаснага турыстычнага прадукту ў раёне і што трэба зрабіць, каб іх вырашыць?
– Існуе праблема з гасцініцамі. Калі да нас прыязджае аўтобус з 40 турыстамі, то ў горадзе размясціць іх у адной гасцініцы не ўяўляецца магчымым. Добрым рашэннем магло б стаць стварэнне хостэла, зручнага і даступнага. Каб турыст, паблукаўшы па Гродне і накіроўваючыся ў Ліду ці Навагрудак, меў магчымасць заехаць у наш горад, паглядзець славутасці, перакусіць і пераначаваць тут, таму што кошт, да прыкладу, у 1,5 раза танней, чым у абласным цэнтры.
Пры гэтым не варта забываць і пра тую выдатную спартыўную базу, якая ёсць у горадзе: міні-футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём, спарткомплекс на вуліцы Авіятараў, стадыён для пляжных відаў спорту. Не за гарамі рэканструкцыя гарадскога лёгкаатлетычнага стадыёна. Створаны перадумовы для таго, каб наш Шчучын стаў месцам правядзення спаборніцтваў рэгіянальнага і рэспубліканскага ўзроўняў.
Ёсць яшчэ адна праблема: манетызацыя турыстычных аб’ектаў, праводзімых святаў і фестываляў. Каб зрабіць іх як мінімум акупнымі. У нас у раёне праходзяць два традыцыйныя і маштабныя мерапрыемствы - авіяцыйна-спартыўнае свята ў Шчучыне і фестываль кветак у Жалудку. І яны карыстаюцца папулярнасцю. Зарабіць чыста на турыстычным прадукце вельмі складана. Асноўны прыбытак асядае ў сумежных галінах: транспартныя паслугі, харчаванне, пражыванне. Таму зацікаўленасць у арганізацыі і правядзенні вялікіх святаў павінна быць агульнай.
Турыстаў едзе мала, таму што няма на што глядзець, а навошта ўкладвацца ў вытворчасць турыстычнага прадукту, калі едзе мала турыстаў? Атрымліваецца замкнуты круг, як яго парваць? На трэнінгах і семінарах вельмі шмат гаворыцца пра карысць цеснага ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў турыстычнага рынку раёна (музеяў, месцаў адпачынку, культуры, харчавання, транспартнага абслугоўвання і г.д.), стварэнні імі так званага кластара на аснове ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Абслугоўванне турыста на належным узроўні дазволіць павысіць узровень уязнога (міжнароднага) турызму. Але галоўнае - працуючы разам, супольна, мы зможам вучыцца адзін у аднаго, адчуваць агульныя праблемы і шукаць шляхі іх рашэння.
Не абысціся ў сферы турызму і без падтрымкі дзяржавы. Важна даць людзям адчуванне абароненасці, зацікавіць іх новымі магчымасцямі. А гэта можа быць стварэнне сямейных гасцініц і аграсядзіб у гарадах з ільготным падаткаабкладаннем, крэдытаванне праектаў па адраджэнні родавых сядзіб, забытых рамёстваў або рэцэптаў.
Трэба ўлічваць і вялікую канкурэнцыю - побач са Шчучынам знаходзяцца такія турыстычныя цэнтры, як Гродна, Ліда, Навагрудак, Ваўкавыск. Пры гэтым наша выгаднае транзітнае месцазнаходжанне можа прынесці нам карысць. У плане перспектыў развіцця выдатным стымулам магло б стаць пашырэнне зоны бязвізавага знаходжання. Галоўнае - не выпускаць магчымасці, не зацягваць рэалізацыю задумак, бо ўзнікаючыя нішы вельмі хутка запаўняюцца.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.