Дэсантнікі не кідаюць у бядзе. 2 жніўня аўтакалона лідскіх дэсантнікаў у рамках дабрачыннай акцыі завітала ў Шчучынскі раён (+ВІДЭА)

 

Кожны год 2 жніўня ў нашай краіне адзначаецца Дзень дэсантнікаў і сілаў спецыяльных аперацый. У гэты дзень былыя саслужбоўцы збіраюцца разам, каб узгадаць армейскае жыццё. У кожнага дэсантнага калектыва свае традыцыі, але сёння хацелася б звярнуць увагу на досвед згуртавання дэсантнікаў з Ліды, якія ў гэты дзень праводзяць дабрачынную акцыю. Яе мэтай з’яўляецца дапамога людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Завітала іхняя аўтамабільная калона і ў наш раён у аграгарадок Вялікае Мажэйкава, дзе іх чакала сям’я цяжкахворай дзяўчынкі Веранікі Хылкоўскай.

 

Летась вялікая бяда напаткала маладую сям’ю Вадзіма і Ганны Хылкоўскіх. Восенню мінулага года іх маленькай дачушцы Вераніцы быў пастаўлены страшны дыягназ – спінальна мышачная атрафія (СМА) 3 тыпу. Гэта захворванне, пры якім адбываецца прагрэсіруючая мышачная слабасць і атрафія. Працягласць жыцця дзіцяці з такім дыягназам залежыць ад часу развіцця парушэнняў дыхання. Каб выратаваць жыццё Веранікі і вылечыць яе ад хваробы патрэбна адна ін’екцыя прэпарата “Золгенсма”, кошт якога на сёння складае каля 1,8 млн долараў. Натуральна, што такая агромністая сума з’яўляецца непад’ёмнай для маладой сям’і і таму ім патрэбная дапамога неабыякавых людзей.

 

 

– Мы шчыра дзякуем дэсантнікам, якія ў сваё свята завіталі падтрымаць нашу сям’ю, – кажа Ганна Хылкоўская. – Нас моцна кранула, што людзі адкрываюць свае сэрцы для нашай Веранікі, што не праходзяць міма бяды. У нас столькі ўдзячнасці, што напэўна не хопіць слоў, каб выказаць яе. Да хваробы дачкі я і падумаць не магла, што на зямлі ёсць такая вялікая колькасць добрых людзей.

 

Зараз Вераніка атрымлівае курс прэпарата, які дазваляе падтрымліваць яе стан, дзякуючы чаму дзяўчынка вярнула сабе некаторыя навыкі. Цяпер яна можа паднімаць прадметы з падлогі, стала менш падаць пры хадзьбе. Але дзеянне гэтага прэпарата часовае і толькі ўкол “Золгенсма” можа вылечыць яе.

 

– Збіраць грошы на прэпарат нам дапамагаюць валанцёры ў Беларусі, Расіі і Польшчы, – расказвае мама дзяўчынкі. – Вялікую дапамогу аказалі мае калегі з Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства ў Шчучыне. Не кінулі ў бядзе і жыхары роднага аграгарадка Вялікае Мажэйкава, якія таксама збіраюць грошы і дапамагаюць чым могуць. На дадзены момант мы сабралі каля 81 тыс. долараў і спадзяваемся, што ў нас атрымаецца назбіраць усю суму.

 

 

Усяго ў госці да Веранікі 2 жніўня завіталі каля 30 дэсантнікаў запасу, якія прыехалі ў калоне з дзевяці аўтамабіляў. Мужчыны рознага ўзросту, якія служылі ў розных часцях аб’ядналіся, каб выказаць словы падтрымкі і перадаць сабраныя грашовыя сродкі для сям’і Хылкоўскіх. Такі ўчынак, безумоўна, варты павагі. Падрабязней пра гэтую ініцыятыву нам паведаміў актыўны ўдзельнік суполкі дэсантнікаў Яўгеній Камянецкі:

 

– Для нас ужо ўвайшло ў традыцыю праводзіць гэты дзень з карысцю для людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Сёлета акрамя Веранікі мы аказваем дапамогу дзяўчынцы Рыце ў якой аналагічны дыягназ. Таксама завітаем сёння да нашага пабраціма дэсантніка Юрыя, які трапіў у сур’ёзную аварыю і застаўся інвалідам. Сваім прыкладам мы паказваем, што нельга быць у баку ад чужога гора, трэба дапамагаць.

 

 

Як адзначае Яўгеній, у іхняй кампаніі ёсць жыхары з розных гарадоў. Яны трымаюць сувязь праз сацыяльныя сеткі. Некаторыя ўдзельнікі суполкі прыязджаюць на дабрачынную ініцыятыву цэлымі сем’ямі. Увесь дзень дэсантнікі прысвячаюць дабрачыннасці, а ўжо пад вечар збіраюцца на застолле. Хочацца падзякаваць хлопцам за такі моцны камандны дух і вялікае сэрца іхняга калектыву.

 

 

Разам з тым збор сродкаў на прэпарат для лячэння Веранікі Хылкоўскай працягваецца. 1,8 млн долараў – сума неверагодных маштабаў, але разам мы здольныя яе сабраць. Памятайце, што добрыя ўчынкі заўсёды вяртаюцца дабром.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!