Дэпутаты падводзяць вынікі

У рабоце пашыранай сесіі Першамайскага сельскага Савета дэпутатаў прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ю.М. Аляксей, кіраўнікі аддзелаў і службаў Шчучынскага райвыканкама, шэрага прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага самакіравання. Старшыня сельвыканкама Н.М. Сідлярэвіч у сваёй справаздачы прааналізавала ход выканання комплекснага плана мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва першамайскага рэгіёна ў 2019 годзе, засяродзіла ўвагу на злабадзённых праблемах. Мелі магчымасць абмеркаваць набалелыя пытанні з прадстаўнікамі раённай улады і мясцовыя жыхары, старасты вёсак.

 

 Першамайскі рэгіён – прыгранічны, што накладвае на яго пэўныя асаблівасці.
– Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з насельніцтвам на ўчастку першага пагранічнага паста “Матылі” ў мінулым годзе было затрымана два парушальнікі Дзяржаўнай мяжы, 17 парушальнікаў пагранічнага рэжыму, прычым дваіх затрымалі члены нашай добраахвотнай дружыны, – канстатавала Наталля Мікалаеўна Сідлярэвіч. – Былі прысечаны спробы незаконна пераправіць на другі бок мяжы 5 тысяч пачак цыгарэт на агульную суму 13353 рублі, знішчаны пасевы канопляў, канфіскавана адзінка вогнестрэльнай зброі.
Падзякаваў першамайцам за такую пільнасць і неабыякавасць начальнік упраўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці Гродзенскай пагранічнай групы А.С. Лакатун. З цікавасцю слухалі прысутныя ў зале выступленне начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Шчучынскага РАУС С.М. Асовіка, які абмаляваў аператыўную абстаноўку не толькі на тэрыторыі Першамайскага сельсавета, але ўвогуле па раёне. З сітуацыяй па пажарнай бяспецы пазнаёміў вяскоўцаў начальнік Шчучынскага РАНС А.Д. Малюгін, а галоўны санітарны ўрач раёна А.В. Круковіч звярнулася да дэпутатаў і старастаў вёсак, каб яны актыўней прыцягвалі насельніцтва да навядзення парадку на зямлі.

 

 

 

Як падкрэслівалася на сесіі, важкі ўклад у культуру земляробства раёна належыць дырэктару ААТ “Васілішкі” У.Ч. Серахану. Мясцовая гаспадарка – ААТ “Першамайск-агра” – таксама падцягваецца, каб задзейнічаць у севазварот участкі, якія вызваляюцца пасля зносу хутаркоў, старых хацін і гаспадарчых забудоў. Аднак патрабуе прывядзення ў парадак тэрыторыя пасля зносу будынка Шастакоўскай базавай школы. Старшыня сельвыканкама спадзяецца вырашыць гэта пытанне пры партнёрскай падтрымцы аграпрадпрыемстваў. Увогуле Н.М. Сідлярэвіч выказала словы падзякі ўсім кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, жыхарам рэгіёна за тое, што сумеснымі намаганнямі ўдалося ажыццявіць мноства добрых задумак.

 

 

 

А ўзнятыя прысутнымі праблемы ўзяты на кантроль. Так, на 2020 год перанесены ямачны рамонт вуліцы Першамайскай у вёсцы Куляшы і рамонт з укладкай асфальтавага пакрыцця пэўнай часткі дарогі (700 м) ад вёскі Старыя Паддубы ў накірунку Табалічаў. Сіламі ДРБУ-161 плануецца устанавіць шэраг новых указальнікаў населеных пунктаў. Патрабуе рамонту водаправод у дамах у вёсцы Шастакоўцы. Многае належыць зрабіць, каб прывесці ў парадак міні-палігон “Матылі” і інш.
Вынікі сесіі падвяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!