Вялікая размова мажэйкаўцаў з прадстаўнікамі ўлады адбылася на сесіі сельскага Савета дэпутатаў

“Вялікая размова” мажэйкаўцаў з прадстаўнікамі ўлады адбылася на сесіі сельскага Савета дэпутатаў, на якой кіраўнік мясцовай вертыкалі А.Я. Жэшка трымала справаздачу аб рабоце Мажэйкаўскага сельскага выканаўчага камітэта за 2019 год. На расшыраным пасяджэнні прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, кіраўнікі ключавых службаў раёна, таму і дэпутаты, і жыхары аграгарадка мелі магчымасць атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні.

 

 Алена Яўгенаўна Жэшка ў сваім дакладзе распавяла аб тым, як выконваюцца рэгіянальныя комплексныя мерапрыемствы па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва і ў якім напрамку мясцовая вертыкаль будзе рухацца ў 2020 годзе. Участковы інспектар міліцыі А.У. Арцюх расказаў, што прадпрымаецца, каб скараціць злачыннасць і правапарушэнні на падведамаснай тэрыторыі. Прыведзеныя ў абодвух дакладах прыклады сведчаць, што ў гэтым сельсавеце не мірацца з праявамі сямейнага недабрабыту, праводзяць вялікую прафілактычную работу, сумесна з грамадскасцю абследуюць домаўладанні, каб не дапусціць пажараў, не пакінуць без увагі адзінокіх людзей сталага веку, пракантраляваць, наколькі добрасумленна спраўляюцца са сваімі бацькоўскімі абавязкамі тыя, чые дзеці трапілі ў так званы “соп”.

 

 

Да ўдзельнікаў пасяджэння далучаліся ўсё новыя і новыя жыхары аграгарадка, і сесія мясцовага Савета дэпутатаў на пэўным этапе трансфармавалася ў сельскі сход. Нераўнадушныя жыхары Вялікага Мажэйкава ўзнялі цэлы шэраг праблем. Адток моладзі ў гарады абвастрае дэмаграфічную сітуацыю, і людзі непакояцца пра лёс школы.

 

 – Вы зразумейце, што калі закрыецца школа, згасне жыццё ў нашым аграгарадку. А тут жа цэнтральная сядзіба саўгаса! – дзяліліся сваімі трывогамі людзі.

 

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П.В. Тарчынскі патлумачыў, што ўсё будзе залежаць ад напаўняльнасці класаў, а паколькі ў дзіцячым садку 22 выхаванцы, то гэта дашкольная ўстанова пакуль што захаваецца. Па просьбе бацькоў будзе разгледжана пытанне, каб арганізаваць для малышоў дзве групы, калі тое дазволіць дзеючае заканадаўства.

 

Яшчэ адно з набалелага – добраўпарадкаванне аграгарадка. У яго жыхароў вельмі шмат нараканняў на стан дарог і вуліц. Як паабяцалі прадстаўнікі ДРБУ-161 і РУП ЖКГ, ужо да 1 сакавіка будуць абследаваны дарогі, а з сезонным запускам асфальтавага завода тут зробяць ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця. У бліжэйшых планах – падсыпка і грэйдзіраванне праблемных вуліц.

 

 

Абмяркоўваючы гандлёвае абслугоўванне, вырашылі, што з дапамогай старшыні сельвыканкама будзе падкарэктаваны маршрут аўталаўкі, больш разнастайным стане асартымент тавараў, а напрыканцы сакавіка, калі Шчучынскі філіял аблспажыўтаварыства набудзе новы аўтамагазін, менавіта ён будзе курсіраваць па мажэйкаўскім рэгіёне.

 

 

Што тычыцца пэўных цяжкасцей у сельскай мясцовасці з абнаяўліваннем грашовых сродкаў, то гэта праблема ўжо вырашаецца на ўзроўні рэспублікі. У хуткім часе грошы з картачкі можна будзе зняць не толькі ў банкамаце і ў паштовым аддзяленні, але і ў магазіне.

 

 

Не на жарт хвалюе мажэйкаўцаў арганізацыя вольнага часу, умовы для развіцця падрастаючага пакалення.

 

 – Тут надзвычай важна, каб і самі жыхары праявілі актыўнасць, стварылі ініцыятыўную групу і змаглі прапанаваць свой уклад у вырашэнне акрэсленых праблем, – лічыць Алена Васільеўна Пасюта. – Святы вёсак, іншыя мерапрыемствы трымаюцца на энтузіязме і ініцыятыве жыхароў. Зразумела, мы абавязкова дапаможам у арганізацыі гэтых і іншых святаў.

 

Усе разам меркавалі, як арганізаваць трэнажорную залу, дзе б маглі займацца бацькі і дзеці. Жыхары Вялікага Мажэйкава хацелі б, каб быў пачышчаны і добраўпарадкаваны мясцовы вадаём, узнялі яны і праблему якасці пітной вады. Узятыя на карандаш пытанні, што агучаны на сельскім сходзе, будуць прааналізаваны ў райвыканкаме з тым, каб дапамагчы людзям канкрэтнымі справамі.

 

– Нам неабыякавыя людзі і іх праблемы. Кожную з вашых прапаноў мы пачулі і будзем прымаць меры, каб змяніць сітуацыю да лепшага, – запэўніла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк.
А аграгарадскія жыхары выказалі падзяку за гэту шчырую і, як яны спадзяюцца, канструктыўную размову.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!