Дэпутаты едуць да выбаршчыкаў
Актыўныя жывыя стасункі з выбаршчыкамі, дапамога ў вырашэнні іх праблем, абмен думкамі – мэта выязных мерапрыемстваў з удзелам дэпутатаў розных узроўняў. Такая форма работы нядаўна знайшла "прапіску" на Шчучыншчыне. Зацікаўленая для абодвух бакоў размова ўжо адбылася ў Галавічполі, а сёння дэпутацкая ініцыятыва мела працяг у аграгарадку Дэмбрава.
Сюды, у мясцовы сельвыканкам, прыехалі, каб правесці прыём грамадзян і адначасова "прамую тэлефонную лінію", дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе №60 В.І. Саўко і старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк. На месцы да іх далучыліся дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Дэмбраўскай выбарчай акрузе №4 А.В. Туля, старшыня Дэмбраўскага сельвыканкама М.М. Жогла і дэпутат сельскага Савета, стараста аграгарадка С.У. Медушэўская.
Дэмбраўскі рэгіён не спыняецца ў сваім развіцці. Тут умеюць эфектыўна весці гаспадарку, развіваць вытворчасць, ствараюць належныя ўмовы для працы і адпачынку сваіх работнікаў, не забываюць пра ветэранаў працы. Мясцовыя жыхары ведаюць: кіраўніцтва ААТ "Дэмбрава" і сельвыканкам цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і з раённай уладай, што дазваляе аператыўна вырашаць вытворчыя пытанні і асабістыя запыты людзей.
Але жыццё шматграннае, зноў і зноў ставіць новыя злабадзённыя праблемы. І зразумелае жаданне людзей агучыць іх, у тым ліку перад службовымі асобамі высокага рангу – у надзеі на хуткае вырашэнне. Менавіта такі пасыл прывёў на прыём да дэпутата парламента і яго калег з Саветаў пярвічнага і базавага ўзроўняў жыхарку Дэмбрава. Жанчына расказала, што ў 2015 годзе прыватызавала сваё жыллё. Дом быў ацэнены ў суму каля 300 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. А цягам двух гадоў аналагічны будынак па-суседску быў ацэнены значна менш. Заяўніца палічыла такую сітуацыю неаб'ектыўнай і крыўднай. У пошуках справядлівасці яна звярталася ў розныя інстанцыі – ажно да сталіцы дайшла. Праводзілі праверку і спецыялісты Дзяржкантролю. Парушэнняў не знайшлі.
Але вяскоўка ад сумненняў не пазбавілася і зноў просіць "зменшыць гэту суму". І сёння дэпутацкая суполка калегіяльна абмеркавала пытанне, якое хвалюе жанчыну. А Валерый Іосіфавіч Саўко агучыў слушную параду:
– Вам трэба звярнуцца ў любую незалежную экспертызу. Скарэкціруюць алгарытм дзеянняў і акажуць дапамогу ў падрыхтоўцы дакументаў спецыялісты ААТ "Дэмбрава". Па рэзультатах экспертызы можна будзе рабіць іншыя, прадугледжаныя заканадаўствам крокі.
Дарэчы, дэпутат, кіраўнік сельгаспрадпрыемства А.В. Туля прапанаваў свае варыянты, каб у гэтым пытанні можна было паставіць кропку.
Магчымасць звярнуцца да дэпутатаў скарыстаў і былы работнік сельгасгаспадаркі, а цяпер жыхар Орлі: патэлефанаваўшы на "прамую лінію", мужчына папрасіў дапамогі ў працаўладкаванні.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.