Вырашыць жыццёвыя праблемы дапамагаюць прафсаюзы

У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі прыём грамадзян і “прамую тэлефонную лінію” правяла прававы інспектар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Валер’еўна Грэцкая. Разглядаць звароты жыхароў раёна і вырашаць праблемныя пытанні ёй дапамаглі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Тадэвушавіч Пашук, пракурор Шчучынскага раёна Аляксандр Уладзіміравіч Дзямідаў і галоўны спецыяліст аддзела працы і заработнай платы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Іванаўна Вашчыла.

На “прамую тэлефонную лінію” патэлефанавалі з Ражанкаўскага сельсавета і паведамілі аб факце самагонаварэння і яго рэгулярнага збыту ў адной з вёсак. Пракурор раёна А.У. Дзямідаў уважліва выслухаў паступіўшую інфармацыю і паабяцаў, што на месца хутка выедуць аператыўнікі.
Яшчэ адзін ананімны званок паступіў ад жыхаркі Шчучына, якая папрасіла расказаць аб сістэме і форме аплаты працы ва ўстановах адукацыі і патлумачыць, у якіх выпадках прадугледжаны дадатковыя выплаты. 
На прыём да Н.В. Грэцкай са сваёй бядой прыйшла гараджанка, чый былы муж знік без вестак і не выплачвае аліменты на дзвюх сваіх дочак. Жанчыне патлумачылі, куды неабходна звярнуцца, каб разабрацца ў няпростай жыццёвай сітуацыі. 
Пажылога жыхара Шчучына хвалявалі правілы налічэння пенсіі і яе памер. На ўсе свае пытанні мужчына атрымаў кампетэнтныя адказы. Увогуле, кожны, хто ў той дзень прыйшоў на прыём, не застаўся без увагі. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!