Дайсці да кожнага, жыць інтарэсамі людзей. У гэтым бачыць сэнс сваёй работы калектыў Астрынскага сельвыканкама
Зняць відэафільм пра адметнасці свайго рэгіёна і вопыт работы сельсавецкай улады, распрацаваць ды рэалізаваць на карысць людзям цікавы праект, рэзультатыўна паўдзельнічаць у конкурсе, дружна выйсці на суботнік па азеляненні любімага пасёлка і павесці за сабой іншых, каб кожны ўнёс свой асабісты ўклад у росквіт роднай зямлі… Гэта далёка не ўсе стваральныя пачынанні дружнай каманды Астрынскага сельвыканкама, які на працягу апошняй пяцігодкі ўзначальвае Наталля Лебядзевіч.
За гэты адносна невялікі адрэзак часу Астрынскі сельсавет ужо двойчы быў прызнаны пераможцам у раённым спаборніцтве сярод сельсаветаў Шчучыншчыны. Літаральна ўчора на злёце перадавікоў астрынцам уручылі Чырвоны пераходны сцяг.
Астрынскі сельсавет па сваёй плошчы адзін з буйнейшых у раёне. У межах увагі мясцовай улады 71 населены пункт, дзе пражывае 3126 чалавек.
– Аператыўна вырашаць пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва дапамагае зладжаная сістэма ўзаемадзеяння і партнёрства дэпутатаў Савета з органамі выканаўчай улады, грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі і актывістамі тэрытарыяльнага самакіравання, – гаворыць Наталля Іванаўна. – Шчырыя словы ўдзячнасці заўжды адрасую такім прадпрыемствам, як ААТ “АграГЖС”, ПМС, мясцовы ўчастак РУП ЖКГ, арганізацыям прыватнага бізнесу і ўсім тым, хто ў самыя складаныя жыццёвыя моманты бярэ на сябе сацыяльную нагрузку і адказнасць за людзей, што жывуць не толькі ў пасёлку і аграгарадках, але і на аддаленых хутарах. Уявіце сабе, у нас на Астрыншчыне болей за 40 вёсак, дзе ў зімовы перыяд пражываюць меней за дзясятак чалавек. І толькі агульнымі намаганнямі мы дабіваемся, каб усюды былі расчышчаны дарогі, да людзей наведваліся аўталаўка і паштальён, каб ніхто не адчуваў сябе пакінутым. Актыўна працуем з пажылымі і трымаем сувязь з іх дзецьмі ў гарадах, не пакідаем адзін на адзін з праблемамі адзінокіх. Кожны чалавек у нас навідавоку.
Летась у выніку перамогі ў конкурсе сярод органаў мясцовага самакіравання Гродзенскай вобласці астрынчане атрымалі ў падарунак ад абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў памятны знак-статуэтку і… бензакасілку, каб і далей падтрымліваць у належным стане свае тэрыторыі.
Вельмі важна, што ў Астрынскім сельсавеце дынамічна зніжаецца злачыннасць, эфектыўна працуюць аглядная камісія і ўсе суб’екты прафілактыкі. Дый самі людзі ў выніку такіх мерапрыемстваў, сельскіх сходаў і індывідуальных гутарак са спецыялістамі і грамадскімі прадстаўнікамі сталі куды больш адказна дбаць пра ўласную бяспеку, выконваць рэкамендацыі па недапушчэнні пажараў.
– У нашым сельвыканкаме падабраўся надзвычай працаздольны і баявіты калектыў, – лічыць старшыня. – Найпершы памочнік ва ўсіх пачынаннях – кіраўнік спраў Алена Цагельнік. Заўсёды можна параіцца з умудронай вопытам нашай старэйшай супрацоўніцай – інспектарам сельвыканкама Ірынай Шынкевіч. Агромністы пласт абавязкаў па рабоце з пустуючымі дамамі і іх нашчадкамі кладзецца на інспектара Нэлі Прыстаўку. Нядаўна наш калектыў папоўніла малады спецыяліст Кацярына Якімовіч, у зоне ўвагі якой такі актуальны напрамак, як воінскі ўлік. Не губляем мы жывой сувязі з нашымі былымі работнікамі – ветэранамі працы Аленай Юрэвіч, Леакадзіяй Сыч, Кацярынай Савіцкай, багаты досвед якіх па-ранейшаму запатрабаваны. Вось гэта пераемнасць пакаленняў і традыцый, цесныя стасункі з людзьмі дапамагаюць жыць рэальнымі інтарэсамі нашых землякоў.
Яшчэ адзін з важных напрамкаў сельсавецкай работы ў апошні час – апытанне жывых сведкаў ваенных і пасляваенных падзей, каб устанавіць раней невядомыя факты аб генацыдзе насельніцтва Беларусі.
– Мы абышлі сотні дамоў, запісалі ўспаміны і сапраўдныя споведзі людзей з няпростымі лёсамі. Сабраныя факты прадставілі ў пракуратуру раёна. Гэта наш уклад у тую вялікую справу, якую мы без пафасу называем гістарычнай праўдай, – гаворыць Наталля Лебядзевіч. – Бо ў ланцугу памяці гераічных і шматпакутных гадоў не павінна быць слабога звяна – забыцця. У гэтым яшчэ адна грань нашага грамадзянскага абавязку.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.