Даведайцеся, пра што ішла гутарка падчас сустрэчы намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама Алены Пасюты з маладымі спецыялістамі-педагогамі
Сустрэчы намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама Алены Пасюты з маладымі спецыялістамі, якія прыходзяць працаваць у сферу адукацыі раёна, становяцца ўжо традыцыйнымі.
Другі год запар Алена Васільеўна – педагог з вялікім стажам, настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі – у пачатку навучальнага года знаёміцца з маладым папаўненнем. На гэты раз сустрэча адбылася ў канферэнц-зале Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Знаёмячыся са сваімі калегамі, Алена Васільеўна расказала пра свае юнацкія мары, пра шлях у прафесію, пра гады работы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў СШ №2 і СШ №3 г. Шчучына, а таксама дырэктарам у гімназіі. А яшчэ яна пазнаёміла моладзь з гісторыяй адукацыі Шчучыншчыны, з яе багатай спадчынай, якую пакінулі нам знакамітыя навукоўцы, што працавалі ў калегіуме піяраў яшчэ ў 18 стагоддзі.
На сустрэчы прысутнічалі і маладыя спецыялісты, якія працуюць ва ўстановах адукацыі раёна ўжо другі год. Алена Васільеўна прапанавала ім падзяліцца сваімі ўражаннямі, расказаць, з якім цяжкасцямі сутыкнуліся за год работы, якіх поспехаў дасягнулі. Хтосьці навучыўся знаходзіць кампрамісы з вучнямі, хтосьці – спакойна ўспрымаць крытыку. Камусьці ўдалося перамагчы свае страхі, а камусьці – наладзіць выдатны кантакт з вучнямі… Але галоўнае, ніхто не расчараваўся ў сваёй прафесіі.
Алена Васільеўна таксама пацікавілася ў моладзі, наколькі развіта ва ўстановах адукацыі, дзе яны працуюць, настаўніцтва і акцэнтавала ўвагу на тым, што дапамога педагогаў са стажам вельмі важная для моладзі, паколькі менавіта яны могуць падказаць многа важнага і неабходнага сваім малодшым калегам, падзяліцца сваім багатым вопытам.
Падчас сустрэчы ішла гутарка і аб тым, якую вялікую ролю іграе настаўнік у фарміраванні свядомасці школьнікаў.
– Ва многім менавіта ад вашай пазіцыі будзе залежаць будучае вашых вучняў, – падкрэсліла Алена Васільеўна. – Таму на нас з вамі ўскладаецца вялікая адказнасць.
У канцы размовы ўдзельнікі сустрэчы атрымалі магчымасць задаць пытанні, якія іх хвалююць, а таксама падзяліцца сваімі праблемамі. Маладыя спецыялісты цікавіліся, ці будуць абсталяваны варкаўт-пляцоўкі каля іншых устаноў адукацыі, ці плануецца мадэрнізацыя гарадскога парку каля аўтавакзала? А яшчэ яны выказалі пажаданне аб правядзенні сумеснага для маладых спецыялістаў усіх сфер мерапрыемства, каб атрымаць магчымасць пазнаёміцца і наладзіць кантакты. Разам з тым педагогі агучылі і свае праблемы: адна з удзельніц сустрэчы папрасіла пасадзейнічаць у вырашэнні жыллёвага пытання, а малады спецыяліст з Ракавіцкага дз/с-БШ паведаміў аб тым, што вельмі складана дабірацца са Шчучына ў Ракавічы.
– Ужо рыхтуецца да здачы жыллё камерцыйнага найму, – расказала Алена Васільеўна. – Першачарговым будзе, безумоўна, выдзяленне жылля маладым спецыялістам. А “транспартнае” пытанне неабходна абмеркаваць з адпаведнымі службамі.
Намеснік старшыні райвыканкама таксама расказала аб тым, што арганізацыя варкаўт-пляцовак з цягам часу плануецца і каля СШ №2 і СШ №3 г. Шчучына.
Усе агучаныя просьбы і прапановы Алена Васільеўна і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, паабяцалі разгледзець, каб максімальна пасадзейнічаць у іх вырашэнні.
Алена Васільеўна заклікала моладзь смялей праяўляць сваю ініцыятыву, старацца рэалізаваць самыя крэатыўныя ідэі, якія яна заўсёды гатова разгледзець. Яна таксама прапанавала маладым педагогам сваю дапамогу ў якасці настаўніка.
– Сустрэчы з маладымі спецыялістамі будуць праходзіць раз у месяц, – паабяцаў Павел Віктаравіч. – У аддзеле адукацыі, спорту і турызму распрацаваны адпаведны план работы з моладдзю. Вы пабываеце на прадпрыемствах раёна, глыбей пазнаёміцеся з гісторыяй Шчучыншчыны. Мы абавязкова наведаем і прааналізуем вашы ўрокі. Спадзяюся, цеснае супрацоўніцтва дапаможа вам смела рабіць першыя крокі ў прафесіі.
– Работа павінна быць у радасць, – падвяла вынікі сустрэчы Алена Васільеўна. – Тады вы безумоўна дасягняце высокіх рэзультатаў, якімі і самі будзеце ганарыцца.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.