Яны стаяць на варце нашага жыцця. У Шчучыне прайшло святочнае мерапрыемства з нагоды Дня ратавальніка

 

Днём і ноччу, не зважаючы на цяжкасці і небяспеку, стаяць на варце нашага жыцця і здароўя ратавальнікі. Штогод мы ўшаноўваем іх 19 студзеня ў Дзень ратавальніка. Сёлета святочная дата стала яшчэ і юбілейнай, бо менавіта ў гэты дзень 25 гадоў таму было заснавана Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды прысягу прынялі навабранцы Шчучынскага РАНС, якія нядаўна папоўнілі шэрагі ратавальнікаў. Урачыстае мерапрыемства прайшло ў гарадскім скверы ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан.

 

Павіншаваць супрацоўнікаў РАНС прыйшлі прадстаўнікі ўлады і арганізацый раёна, а таксама вучні гарадскіх школ. На пачатку мерапрыемства прысутныя ўшанавалі памяць салдат, палеглых падчас Вялікай Айчыннай вайны, і ўсклалі кветкі ля помніка. 80 год таму Беларусь была вызвалена ад нямецкіх захопнікаў. Героі тых часоў пакрысе адыходзяць на вечны спачын. Але яны могуць быць спакойныя, бо пакідаюць нас на годных абаронцаў, якія шануюць традыцыі мінулага і не шкадуюць жыцця, каб захаваць спакой і мір у нашы дні.

 

 

Навабранцы-ратавальнікі прынялі прысягу на вернасць Радзіме і пакляліся абараняць жыццё і здароўе яе жыхароў. Цяпер яны сталі паўнавартаснай часткай дружнай каманды.

 

 

Павіншаваў ратавальнікаў са святам старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі. Кіраўнік раёна адзначыў, што сёння прыйсці на дапамогу жыхарам Шчучыншчыны гатова дасведчаная каманда, якая на працягу 25 гадоў годна носіць званне ратавальнікаў:

 

– Паважаныя супрацоўнікі і ветэраны Шчучынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях! Прыміце самыя шчырыя віншаванні з прафесійным святам – Днём ратавальніка. Гэты дзень – свята мужных і адданых сваёй справе прафесіяналаў. Гэта таксама і свята для тых, хто кожны дзень чакае вашага вяртання дамоў. Для вашых любімых, родных і блізкіх. Іх падтрымка і апора заўсёды была і будзе асновай вашых перамог і дасягненняў, якіх было шмат. З года ў год вы паспяхова выконваеце ўскладзеныя на вас задачы па недапушчэнні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. На вашым рахунку не адно выратаванае чалавечае жыццё. Асобныя словы падзякі ветэранам, якія стаялі ля вытокаў стварэння і развіцця раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дарагія сябры, у гэты святочны дзень выказваю падзяку за тую нялёгкую працу, якую вы робіце кожны дзень, за вернасць прысязе і любімай Шчучыншчыне, за неацэнны ўнёсак у захаванне міру і дабрабыту на нашай зямлі. Жадаю моцнага здароўя і поспеху ў службе. Са святам!

 

У гэты дзень у адпаведнасці з палажэннем аб праходжанні службы ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь спецыяльнае званне “старшына ўнутранай службы” было прысвоена Міхаілу Асовіку.

 

 

Падзякі і ўзнагароды за адданую службу з рук начальніка Шчучынскага РАНС Аляксандра Малюгіна атрымалі яго падначаленыя. Нагрудным знакам МНС Рэспублікі Беларусь “Выдатнік” быў узнагароджаны Антон Дырліца, граматай міністэрства быў адзначаны Віктар Гудач. Таксама граматы ад абласнога ўпраўлення МНС атрымалі Юрый Кухарчык і Сяргей Скрабінскі.

 

 

Падзякай Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС узнагародзілі Ілью Кулана, Андрэя Шэршаня, Станіслава Богдана і Мікалая Кавалеўскага. Юбілейным медалём “20 год органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” адзначылі Дзмітрыя Пракаповіча, Аляксандра Жамойду, Яўгенія Мацеевіча, Аляксандра Балтрукевіча, Віталія Ванэліка, Паўла Вашчылу, Віктара Гайдука і Паўла Новіка.

 

 

Юбілейнымі медалямі таксама былі адзначаны шчучынскія ветэраны органаў і падраздзяленняў МНС Алег Сарока, Юрый Пракаповіч і Іван Фаляжынскі.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!