Даведайцеся, хто стаў пераможцам традыцыйнага конкурсу песень на замежнай мове "Top-school"

 

Нядаўна ў Шчучынскім РЦКіНТ прайшоў традыцыйны конкурс песень на замежнай мове "Top-school", у якім прынялі ўдзел больш за дваццаць выканаўцаў.

 

Сола, дуэты, трыа, групы – у рабят была магчымасць у розным вакальным фармаце прадэманстраваць усе свае таленты і пакарыць гледачоў. Конкурс стаў сапраўдным яркім шоу, у якім ззялі юныя зорачкі. Хтосьці з удзельнікаў упершыню падняўся на сцэну, але, нягледзячы на гэта, трымаўся як сапраўдны артыст. А для кагосьці такія выступленні – звычайная справа.

 

Не шкадавалі далоняў гледачы, якіх сабралася амаль поўная зала, падтрымліваючы юных артыстаў.

 

 

Пераможцамі конкурсу ў намінацыі "Сола "Kids" стала  Соф’я Хільмановіч, у намінацыі "Сола "Junior" – Паліна Краўчук, а ў намінацыі "Сола "Senior" – Паліна Каравайская. Лепшым дуэтам быў прызнаны дуэт Кацярыны Сакута і Варвары Кучура. У намінацыі "Групавое выкананне" не было роўных трыа "Апрель", а ў намінацыі "Жывы гук" – групе "Рэлакс". Прыз сімпатый гледачоў па праве дастаўся Даніілу Ляўковічу. А гран-пры заслужана заваявала група "Black and white".

 

Дарэчы, на гэтым конкурсе не было тых, хто прайграў. Дыпломамі былі адзначаны ўсе ўдзельнікі.

 

Пераможцаў конкурсу песень на замежнай мове "Top-school" павіншаваў дырэктар гімназіі Уладзімір Дубок.

 

– Шчыра прызнацца, я атрымаў сапраўднае задавальненне ад выступлення  юных талентаў, – расказаў Уладзімір Раманавіч. – Хачу падзякаваць спонсарам і арганізатарам конкурсу – дырэктару ТАА "Праймілк" Анатолію Бяляўскаму, дырэктару ААТ "Шчучынаграпрадукт" Вользе Патапчык, настаўніку замежнай мовы гімназіі Вользе Стульгіс і педагогам кафедры замежных моў, калектывам РЦКіНТ и ПТДіМ, а таксама раённаму камітэту ГА "БРСМ" за выдатнае правядзенне нашага гімназічнага мерапрыемства, якое, магу сказаць без перабольшвання, ужо стала брэндам Шчучына.

 

Па традыцыі падчас правядзення конкурсу адбыўся і розыгрыш латарэі. Адзін за другім выбягалі на сцэну шчаслівыя ўладальнікі білетаў з названымі нумарамі, каб атрымаць свой прыз.

 

Выдатным падарункам для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства стаў танцавальны нумар, які выканалі студэнткі ГрДУ імя Я. Купалы – дзяўчаты з Узбекістана, а таксама выступленне музычнага гурта з Гродна "Варта часу", саліст якога – наш зямляк Валерый Краеўскі. Песню гасцям свята падарыла і былая гімназістка, а зараз навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Паліна Бекіш. Дарэчы, многія гімназісты, якія ўжо пакінулі сцены роднай альма-матэр, не прапускаюць "Top-school" і абавязкова прыязджаюць паглядзець выступленні новых юных талентаў.  

 

Цудоўнае музычнае свята ў чарговы раз аб'яднала дарослых і дзяцей – усіх аматараў песні на замежнай мове.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 

    

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!