Дарожны дазор

Роўнай і гладкай, а значыць, бяспечнай і камфортнай для руху павінна быць дарога. І не толькі тая, што звязвае вялікі горад з яшчэ большым. Нядаўна на самым высокім узроўні была пастаўлена задача больш увагі звярнуць на дарогі мясцовага значэння. 

Сёння ДРБУ-161 адказвае за належны стан 823 кіламетраў транспартных артэрый мясцовага значэння і 180 кіламетраў вуліц населеных пунктаў. Аб дарожнай сетцы раёна калектыў прадпрыемства клапоціцца круглы год. Між тым сезон асабліва напружанай працы прыходзіцца на восень і зіму. Каб не было збояў у рабоце, рыхтуюцца да яго загадзя.
Тры пескабазы ДРБУ-161 – у Шчучыне, Жалудку і Астрыне – размешчаны з улікам зоны абслугоўвання і сярэдняй дальнасці падвозу пясчана-салянай сумесі. Тут жа сканцэнтравана пагрузачная тэхніка і пескаразмеркавальныя машыны. У першую чаргу будуць пасыпаны і ачышчаны дарогі на маршруце аўтобусаў і тыя, дзе найбольш інтэнсіўны аўтамабільны рух. Між тым, падкрэсліваюць дарожнікі, яны ніколі не прамінаюць і менш “статусныя” дарогі, пад’язныя шляхі. Звярнуўшы з курсу, абавязкова дапамагаюць вызваліцца са снежнага палону ў выпадку складанай сітуацыі... 


З 1 лістапада ў ДРБУ-161 кругласутачна запрацуе дыспетчарская служба. Уся тэхніка аснашчана навігацыяй, што павышае эфектыўнасць работы.
Сёлета камфорт і бяспеку на зімовых дарогах будуць забяспечваць 8 адзінак ачышчальнай і 5 пасыпачнай тэхнікі на базе МАЗаў, 7 адзінак ачышчальнай тэхнікі на базе трактароў МТЗ, 4 аўтагрэйдары і 3 пагрузчыкі, ротарны снегаачышчальнік. Заключаны дагаворы са Шчучынскім ПМС, МПМК-166 і МПМК-167, рамзаводам: пры неабходнасці яны выдзяляюць дарожнікам свае “Амкадоры”, грэйдары і бульдозеры. На гэты зімовы сезон ужо нарыхтавана 4600 тон пясчана-салянай сумесі. Патрэбнасць у ёй – да 8000 тон, таму аб’ёмы яшчэ павялічацца.
– Зіма на тое і зіма, і мы павінны быць да яе гатовы, – сцвярджае начальнік ДРБУ-161 М.І. Сцельмашок. – Кожны – ад дыспетчара да механізатара і вадзіцеля – ведае, чым будзе заняты ў гэты асаблівы сезон. У калектыве шмат прафесіяналаў сваёй справы, адказных і вопытных спецыялістаў. Гэта вадзіцелі Аляксандр Часлававіч Швінто, Генадзій Леанідавіч Возны і Валерый Юзэфавіч Бекіш, грэйдарысты Віталій Тадэвушавіч Стубеда і Святаслаў Святаслававіч Скорб, машыністы пагрузчыка Станіслаў Генрыхавіч Комар і Іосіф Міхайлавіч Забароўскі, трактарысты Станіслаў Янавіч Барысевіч і Яўген Станіслававіч Руды, прараб Наталля Юр’еўна Смыслова і многія, многія іншыя. 


Штодзень у дарожны дазор на тэрыторыі раёна заступаюць і работнікі ЛДД-511 (лінейнай дарожнай дыстанцыі) ДЭУ-51 РУП “Гроднааўтадар”. У іх зоне абслугоўвання і адзін з участкаў – са 194-га па 225 кіламетр – трасы М6, якая хутка стане чатырохпалоснай магістраллю. Увогуле гэты калектыў адказвае за стан 135 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння, у прыватнасці, пэўных участкаў на такіх артэрыях, як дарогі Р51 Астрына – Шчучын – Ваўкавыск, Р141 Беліца – Жалудок – Ражанка, Р145 Гродна – Астрына – Радунь.
– У комплекс работ па ўтрыманні дарог уваходзіць прафіліроўка, абкошванне абочын і адкосаў, вырубка дрэў, якія нахіляліся над дарожным палатном, – тлумачыць начальнік участка І.А. Рабус. – Таксама мяняем і абнаўляем дарожныя знакі, абсталёўваем аўтобусныя прыпынкі, займаемся абуладкаваннем кюветаў і водаадводаў... А зімой наша галоўная задача – уборка дарог ад снегу. Не трэба казаць, наколькі важна своечасова выехаць і пасыпаць артэрыі жыцця пясчана-салянай сумессю ці соллю – у залежнасці ад тэмпературнага рэжыму. На гэтыя мэты ўжо нарыхтавана 1296 тон галіту (110 працэнтаў ад патрэбы) і 1630 тон ПСС, запасы якой яшчэ будзем папаўняць. Для работы ў зімовых умовах гатовы два МАЗы на 20 тон і чатыры – на 10 тон, адзін аўтагрэйдар, два пагрузчыкі “Амкадор”, 6 МТЗ-82. Акрамя гэтага, заключаем дагавор са Шчучынскім ПМС на выкарыстанне грэйдара, “Амкадора” і двух трактароў. Заўжды падстаўляюць плячо “Жалудоцкі агракомплекс”, філіял Гродзенскага племпрадпрыемства ў Гірдзеўцы і “Шчучынаграпрадукт”. Вельмі ўдзячны іх кіраўнікам за такую пазіцыю.


Калектыў ЛДД-511 невялікі – 30 чалавек. Заўважыла, пра многіх Іван Аляксандравіч гаворыць з асаблівым гонарам і цеплынёй. Кажа, што не кожны трактарыст ці механізатар гатовы карпець, каб давесці да ладу тэхніку, якая даўно з заводскага канвеера. А вось машыніст пагрузчыка “Амкадор” Мікалай Вацлававіч Вербаль з тых, каго цяжкасці не палохаюць, на дарожнай службе ён ужо многа год. А яго жонка Святлана Міхайлаўна падтрымлівае чысціню на 4-кіламетровым адрэзку шашы М6: прыбірае пляцоўку для адпачынку, абочыну, аўтобусны прыпынак. Вярнуўшыся са службы ў арміі, умацаваў сямейную каманду Вербаляў і сын Ігар: ён трактарыст. Дарэчы, дом гэтых працавітых людзей побач з дарогай – у Міцарах. 


З кагорты сумленных, адданых справе спецыялістаў брыгадзір дарожных работ Анатоль Васільевіч Язэпчык. Ён і з шуфляй умела завіхаецца, і зваршчык добры, і ямачны рамонт па тэхналогіі зробіць. Заўжды гатовы ў дарогу аўтамабіль адказнага і дысцыплінаванага Віктара Іванавіча Прыгодскага. Добрых слоў заслугоўваюць Аляксандр Анатольевіч Пляханаў і Яўген Эдуардавіч Новік: зімой яны – дыспетчары, а летняй парой – вартаўнікі. На падсыпцы зімовых дарог шчыруе механізатар Антон Іванавіч Герасімчык. Належны кантроль забяспечваюць майстар участка Павел Антонавіч Герасімчык і майстар дыстанцыі Р145 Іван Іванавіч Дашкевіч. Спраўная тэхніка – заслуга механіка Юрыя Віктаравіча Місюка...
– Падчас снегападаў і мяцеліц не лічымся з часам, – заўважае І.А. Рабус. – У дарожным дазоры кругласутачна. Разумеем, праезд павінен быць стопрацэнтны, асабліва па М6. 
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!