Дакрануцца да мінулага. Каб пабачыць калекцыю ручнікоў і пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі, наведайце музейны пакой “Шчучынскія рамёствы"

 

У аддзеле рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва сабраны матэрыял для глыбокага вывучэння гісторыі і тэхналогіі ткацтва. Для гэтага не раз адпраўляліся ў экспедыцыі, сустракаліся з майстрамі, хто займаўся гэтым відам рамяства. А затым перайшлі ад тэорыі да практыкі. Адраджаецца традыцыйнае ткацтва.

 

Белаўзорыстае ткацтва было распаўсюджана ў сялянскім побыце Панёмання на працягу 19-20 стагоддзя. Пацвярджэнням таму з’яўляецца наяўнасць вялікай колькасці белаузорыстых ручнікоў у фондзе музейнага пакоя “Шчучынскія рамёствы” РЦКіНТ. Выкананы яны ў розных тэхніках, маюць розныя прызначэнні, і ўсе яны найкаштоўнейшая спадчына нашых продкаў.

 

 

Ручнік – выраб глыбока сімвалічны, шматзначны, ён па праве лічыцца напаўненнем сувязі чалавека з яго родам. Значыў у жыцці чалавека велізарную ролю і суправаджаў яго ад нараджэння да смерці, быў важным элементам і захаваўся да нашых дзён. Ручнік – верны спадарожнік беларусаў у радзінах-хрысцінах, на вяселлі, у пахавальна-памінальнай абраднасці і каляндарнай звычаёвасці. Па колькасці ручнікоў судзілі аб дабрабыце сям’і, а па складанасці вышыўкі – аб майстэрстве і працавітасці гаспадыні.

 

Сёння ручнікі можна сустрэць у музейных залах, на выстаўках, фестывалях народнай творчасці, дзе ўсе ахвочыя могуць прадэманстраваць свае работы і пазнаёміцца з творчасцю майстрых. На выставе “Карагод ручнікоў”, якая прайшла ў Шчучынскім цэнтры культуры, былі прадстаўлены этнаграфічныя зборы ручнікоў, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а таксама работы, выкананыя майстрамі аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва.

 

 

Ткацкі станок выклікае нязменную цікавасць у наведвальнікаў розных узростаў. Падрастаючае пакаленне з цікаўнасцю разглядае гэтую канструкцыю. Калі музейны пакой наведваюць прадстаўнікі старэйшага пакалення, асабліва бабулі, яны ўспамінаюць сваё дзяцінства, расказваючы, што ткацкі станок у іх доме быў тады неабходным у побыце, і дзяўчынак з малых гадоў прывучалі да нялёгкай, карпатлівай працы за ім.

 

Усіх жадаючых пабачыць калекцыю ручнікоў і пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі запрашаем у музейны пакой “Шчучынскія рамёствы”, а звязацца з намі можна па тэлефоне:  20-8-14.

 

 

Таццяна ЛЕБЯДЗЕВІЧ,

 майстар народных мастацкіх рамёстваў.  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!