Да свята Вялікадня — з Тураўскім крыжам
Хутка праваслаўны Вялікдзень… І зноў загучаць у многіх сэрцах словы беларускага «Залатавуста», святога Кірылы Тураўскага: «Цяпер нябёсы прасвятліліся, цёмныя аблокі, нібы старыя шаты, скінуўшы, і светлым паветрам славу Гасподнюю спавядаюць».
Але да такога свята нельга прыйсці з пустым сэрцам — толькі з вынікам духоўнай працы. Кірыла Тураўскі прыпадабняў яе да працы пчолаў, якія, «узлятаючы, мядовыя соты ствараюць, каб людзям слодычы і царкве карысць надаць».
Згадаем у гэтыя перадсвяточныя дні важны духоўны праект, здзяйсненне якога асвятляла «Звязда», непасрэдна звязаны з імем святога Кірылы, епіскапа Тураўскага, — аднаўленне напрастольнага крыжа Тураўскага епіскапальнага храма.
Шмат гадоў гэта заставалася марай вядомага гісторыка Пятра Лысенкі, які яшчэ ў 1960-х знайшоў падчас раскопак у Тураве чатыры свінцовыя абразкі — Найсвяцейшай Багародзіцы і трох святых і выказаў гіпотэзу, што яны, магчыма, з напрастольнага крыжа кафедральнага сабора Турава, у 1230 годзе
разбуранага землятрусам.
У 2018 годзе быў аб'яўлены конкурс на найлепшы эскіз крыжа, 26 верасня мінулага года крыж прадстаўлены народу, а на пачатку гэтага года група, якая працавала над праектам узнаўлення, атрымала прэмію «За духоўнае адраджэнне».
— Літаральна за апошні месяц прыйшло адчуванне, што Тураўскі крыж ужо заняў свае месца ў сэрцах беларусаў, — кажа адна з узнагароджаных, аўтар канцэпцыі крыжа, куратар праекта, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі Беларускай праваслаўнай царквы Марыя НЕЦВЯТАЕВА. — Пасля таго як крыж быў прадстаўлены, людзі маглі з ім пазнаёміцца ў Царкоўна-гістарычным музеі. Я бачыла, як расла цікавасць да крыжа. Спачатку былі дзве-тры экскурсіі на тыдзень, а апошнія тыдні праходзілі дзесяць—дванадцаць экскурсій ад пяці да шасцідзесяці чалавек. І ў кожнай групе сустракаліся людзі, якія здзіўляліся, якое значнае месца меў Тураў у часы Кіеўскай Русі. Свяціцель Кірыл Тураўскі ў Слове аб зняцці Хрыстовага цела з Крыжа піша: «Бо, як і ланцугі златыя, унізанымі жэмчугам, з каштоўнымі каменнямі, радуюць вочы тых, хто глядзіць на іх, — тым вышэй духоўная нам прыгажосць, святы святыя, што цешаць сэрцы вернікаў і асвячаюць душы». І гэтыя словы нашага беларускага Залатавуста жылі ў маім сэрцы падчас працы над крыжом. Веліч сярэднявечнага і старажытнарускага Тураўскага княства хацелася паказаць у гэтым крыжы, і ўжо зразумела, што нам гэта ўдалося. Зараз дапрацоўваецца канцэпцыя стаўратэкі, у якой будзе захоўвацца крыж, і яе стварэнне — праца не аднаго года.
— Было зроблена два асобнікі Тураўскага крыжа. Дзе яны знаходзяцца?
— Асобнік Тураўскага крыжа, у які мітрапаліт Філарэт уклаў кавалачак крыжа Гасподня, будзе сустракаць гэту Пасху ўжо ў Тураве, а ў дзень памяці свяціцеля Кірылы Тураўскага, 11 мая, у крыж будуць укладзены астатнія святыні. Сімвалічна, што сёлета дзень памяці свяціцеля Кірылы Тураўскага супаў з Радаўніцай, калі царква моліцца аб усіх, хто сышоў ад нас, аб продках. Царква ўказвае на неабходнасць такой малітвы. На нашых землях яшчэ было шмат традыцый па ўшанаванні продкаў, напрыклад, пакідаць на магілах ручнікі і сукенкі для вандроўнікаў ці ўдоў з сіротамі, каб тыя, з-за сваёй беднасці, маглі ўзяць рэч і памаліцца аб нябожчыку. Вось і мы прыносім крыж да тураўскіх свяціцеляў, каб яны памаліліся аб роднай зямлі, і кожны, хто будзе прыязджаць у Тураў, захоча больш даведацца аб велічы Тураўскага княства. Другі асобнік знаходзіцца ў музеі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе з ім можа пазнаёміцца кожны жыхар і госць беларускай сталіцы.
— Тураўскі крыж — гэта і духоўная рэліквія, і твор мастацтва... І з аднаго, і з іншага боку, маглі быць і яшчэ будуць, відаць, розныя ацэнкі і заўвагі... Як вы лічыце, ці маюць рацыю тыя, хто лічыць гэты артэфакт творам менавіта сучаснага беларускага мастацтва, амажам, рэплікай на гіпатэтычны старажытны прадмет?
— Тураўскі крыж — гэта, безумоўна, і твор сучаснага беларускага мастацтва, і ўзноўленны старажытны прадмет. Работы па ўзнаўленні не робяць галоўным форму, як падчас рэканструкцыі ці рэстаўрацыі, — узнаўленне гістарычных прадметаў неабходна для захавання гістарычнай памяці і традыцый. Такія работы заўсёды ідуць з прыстаўкай «магло б быць». Але пры гэтым трэба было рабіць крыж і зразумелым для сучаснага чалавека. Напрыклад, святога князя Андрэя Багалюбскага мы падпісалі «Багалюбаў». У летапісах ён называецца «суждальскім» ці «богалюбівым» (тым, хто любіць Бога). Мы выкарысталі сапраўдны дзеепрыметнік прошлага часу ад «любіць Бога».
Кожны крок у рабоце з крыжам для мяне стаў адкрыццём роднай Беларусі і нашага адметнага самастойнага шляху. Для мяне да гэтага часу незразумела, чаму мы ўсе баімся паглядзець на сваю спадчыну. Кожны дзень праваслаўныя вернікі моляцца словамі нашага першадрукара Францыска Скарыны. Менавіта яго Малая падарожная кніга стала асновай для сучаснага праваслаўнага малітваслова. Але мы не ведаем малітвы, напісаныя свяціцелем Кірылам Тураўскім. Нібыта азіраемся па баках і пытаемся, а ці можна карыстацца нашай спадчынай. Адкрыўшы любы артыкул па старажытным Мінску, мы чытаем, што першая царква на замчышчы не была дабудавана. Але як жа можна было не накрыць царкву дахам і пры гэтым пакласці на падлогу дарагую маёлікавую плітку? Любы будаўнік скажа, што гэта немагчыма. Мы нібыта не прызнаём за сабой права мець гістарычную адметнасць. Але кожны год нам яе паказвае: вось прападобная Ефрасіння Полацкая прыдумала архітэктурны «какошнік», а вось кетаўрас у старажытным храме, а вось царкоўныя тэксты аб Яўсевіі Лаўрышаўскім... Свяціцель Кірылы Тураўскі пакінуў нам небывалую для свайго часу спадчыну. Ёсць яго асабістыя тэксты, есць тэксты, падпісаныя ім, але няма спецкурса па творах свяціцеля Кірыла Тураўскага ў беларускіх духоўных школах, няма выдання яго спадчыны ў беларускіх царкоўных крамах. За апошнія дваццаць гадоў мы шмат даведаліся аб прападобнай Ефрасінні Полацкай, і, спадзяюся, што Тураўскі крыж стане штуршком для прац па даследванні нашага беларускага Залатавуста.
— Яшчэ адзін важны духоўны праект, які нядаўна здзейсніўся з вашым удзелам, — адкрыццё мемарыяльнага кабінета Уладыкі Філарэта.
— Работу над мемарыяльным кабінетам мы пачалі некалькі гадоў таму, калі пачаўся рамонт у епархіяльным упраўленні. З настаяцелем храма свяціцеля Кірылы Тураўскага айцом Уладзімірам Даўгаполавым мы звярнуліся да мітрапаліта Паўла, і ён падтрымаў задумку перанесці ў мемарыяльны кабінет мэблю, стол і крэсла мітрапаліта Філарэта. Мы хацелі адкрыць мемарыяльны кабінет мітрапаліта яшчэ год таму, пры яго жыцці і прымеркаваць да 85-годдзя. Спачатку перанеслі на снежань, на дзень анёла. Але ўсё неяк не атрымлівалася... 12 студзеня Уладыка памёр. Было прынята рашэнне афіцыйна адкрываць мемарыяльны кабінет на дзень нараджэння мітрапаліта Філарэта — 21 сакавіка. Адкрыццё прайшло так добра і па-дамашняму... Мне падабаецца вечарам, пасля работы, калі трэба нешта зрабіць па музеі, рабіць гэта за сталом мітрапаліта Філарэта. Я ціхенька стаўлю крэсла насупраць яго крэсла і працую з паперамі.
— Чым адметны створаны мемарыяльны кабінет?
— Рэчы і ўзнагароды мітрапаліта Філарэта былі перададзены яшчэ асабіста ім пры стварэнні музея ў 2013 годзе. Крэсла, на якім сядзеў мітрапаліт Філарэт за працай у епархіальным упраўленні, яму засталося ад мітрапаліта Антонія (Мельнікава), на стале шмат яго ўласных рэчаў: рукапісныя дакументы, штодзённік, акуляры.
— Як трапіць у кабінет?
— Для наведвання Царкоўна-гістарычнага музея трэба напісаць ці патэлефанаваць мне, і мы дамовімся аб часе наведвання (+375 29 3185 100, Марыя Нецвятаева). Праводзім экскурсіі і для дзяцей, і для дарослых. Экскурсія можа ўключаць наведванне толькі мемарыяльнага кабінета мітрапаліта Філарэта, а можа і экскурсію па зале, прысвечанай царкоўнаму мастацтву, а таксама па храме свяціцеля Кірылы Тураўскага. Зараз ідуць работы па рэканструкцыі залы, прысвечанай гісторыі праваслаўнай царквы ў ХХ стагодзі — ідзе дапрацоўка канцэпцыі. Білетаў няма — гэта асветніцкі праект, і ўсе грошы, якія ахвяруюцца, ідуць на развіццё музея.