“Цёплыя” людзі з “зімовымі” прозвішчамі

На календары снежань. І хаця прырода настойліва дэманструе свавольны і зусім не суровы характар, але ж гэта толькі першы месяц зімы, а яна, матухна, трэба думаць, сваё снежнае і лядовае права яшчэ дакажа. Дарэчы, на Шчучыншчыне ёсць цэлая “калекцыя” прозвішчаў, у аснове якіх менавіта “зімовая” лексіка. Людзі, якія іх носяць, жывуць, працуюць, гадуюць унукаў, будуюць планы. Атрымаўшы ад дзядоў і прадзедаў такую пазнавальную і “халодную” спадчыну, яны напоўнілі яе душэўным цяплом і сардэчнасцю, добрымі справамі.

У доме Марозаў саграваюцца сэрцы
У жыхара вёскі Стараўшчына Аляксандра Лявонцьевіча Мароза зусім не “калючы” характар. Кампанейскі і дружалюбны ён чалавек, і пажартаваць аматар. Вось і жонка Галіна Уладзіміраўна не нахваліцца. Кажа, пражылі больш за 40 год душа ў душу, і дрэннага слова ад мужа ніколі не пачула. “Вельмі добры. Такіх яшчэ пашукаць трэба! – заяўляе жанчына. – Ён зла ў сэрцы не носіць, ні свайго, ні чужога не пакрыўдзіць”. 
Дарэчы, непадалёку пад надзейным “крылом” сынавай сям’і жыве яшчэ адна прадстаўніца “зімовага” роду – 87-гадовая Марыя Васільеўна Мароз. Матуля Аляксандра Лявонцьевіча рана засталася без мужа, спазнала ў жыцці ўсякае, але, лічы, сама паставіла на ногі сваіх хлопцаў, расказваюць родныя. Па словах Галіны Уладзіміраўны, усе трое выраслі дастойнымі людзьмі: добрымі і спагадлівымі. Пра маці мужа яна таксама толькі з павагай і любоўю. “Пенсія ў яе невялікая, ды душа шчодрая: не трасецца над рублём, калі ўсёй вёскай збіраем на агульную добрую справу, – хваліць свякроў нявестка. І дадае: – Нізкі паклон ёй за сыноў!”. 
Аляксандр Лявонцьевіч Мароз ужо пяць год, як на пенсіі. Да гэтага 35 год адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы вадзіцелем. Пацвярджае: хоць і носіць “халоднае” прозвішча, характар мае “цёплы”:
– Суседак сваіх пажылых шкадую і падтрымліваю, як магу. Каму агарод разараю мотаблокам, каго падвязу, каму плот прыгараджу ці лямпачку ўкручу... Здаецца, дробязь. А як старэнькаму чалавеку з гэтым справіцца? Таму, як акажацца хто з землякоў з просьбай, – не адмаўляю.


Такое валанцёрства ў невялікай вёсцы, дзе шмат жыхароў пажылых і нямоглых, надзвычай запатрабавана. Дарэчы, пачуццё спагады да людзей у Марозаў сямейнае. Галіна Уладзіміраўна абрана старастам вёскі, таксама клапоціцца пра землякоў. Кажа, праблем асаблівых няма, аднак класічнае дарожнае пытанне трэба вырашаць і ў Стараўшчыне. Між іншым, гэта жанчына ўстанавіла своеасаблівы “рэкорд”: лічы, 41-ы год яна стаіць за прылаўкам у мясцовым магазіне. Хоць і паменшала пакупнікоў, гандлёвы аб’ект “не здаецца”: тавараабарот да 7 тысяч даходзіць, а летам і таго больш. У ветэрана спажыўкааперацыі даўно выпрацавалася прафесійная чуйка, які тавар людзі раскупяць, а які іх не зацікавіць. Калі была ў водпуску, у вёску прыязджала аўтакрама. “Тавараў хапала, але майго выхаду на працу чакалі з нецярпеннем”, – расказвае Галіна Уладзіміраўна. У Дэмбраўскім сельскім Савеце таксама вельмі задаволены ёй і як работніцай, і як грамадскай памочніцай. Увогуле ў адрас сям’і Марозаў – толькі добрыя словы. “І людзі дастойныя, і гаспадарка ў іх спраўная, і дом дагледжаны”, – пералічвае вартасці старшыня М.М. Жогла. 
Сам Аляксандр Лявонцьевіч Мароз нарадзіўся да наступлення халадоў – у кастрычніку, а яго жонка – у маі. А вось дочкі Іна і Наталля – загартаваныя з пялёнак: адна Марозава “снягурка” з’явілася на свет у снежні, другая – у лютым. Цёплы бацькоўскі дом не забываюць. Балазе, жывуць не далёка – у Лідзе і ў Дэмбраве. Іх сыны – унукі Марозаў – хоць і носяць іншыя прозвішчы, але і яны атрымалі ў “спадчыну” прыстойнасць, дабрыню і працавітасць гэтага роду. Любяць бываць у Стараўшчыне на святы, у тым ліку і навагоднія. А іх родны і, так бы мовіць, персанальны дзядуля Мароз з бабуляй Галяй абавязкова падарункі рыхтуюць. І не важна, кажуць, што аднаму унуку ўжо 20 год, а другому 14...
– Дроў нарыхтаваў, у доме цёпла, – дзеліцца А.Л. Мароз. – Чакаю, калі лёд на вадаёмах стане, – на рыбалку пайду...
Дарэчы, у Стараўшчыне некалі многа Марозаў жыло. Хтосьці з’ехаў, хтосьці пражыў свой век. Мае суразмоўцы толькі і засталіся.
“Снежныя” людзі – добрыя людзі
“Зіму люблю – бадзёрасць дае, але снег пакуль што не патрэбен – працаваць перашкаджае”, – сцвярджае галоўны інжынер Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктар Сямёнавіч Сняжко. Аказваецца, работнікі ПМС цяпер заняты на пракладцы водаправода на пляцоўцы, дзе будуецца фабрыка па вырошчванні шампіньёнаў: і ў гэтай справе “мяккая” зямля – падатлівая, а значыць, памочніца...
У новым 2018 годзе будзе 30 год, як мой суразмоўца ў любімай прафесіі і ў статусе жыхара Астрыны. Напрыканцы васьмідзесятых прыехаў у гэты пасёлак разам з жонкай. Абое вучыліся некалі ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце: хлопец з вёскі Пінкавічы, што на Піншчыне, – на факультэце меліярацыі, а дзяўчына з Міжава на Мастоўшчыне рыхтавалася стаць спецыялістам па водазабеспячэнні. 
Патрапіла Таццяна Уладзіміраўна ў “снежны палон” і вызваляцца з яго не захацела. Звілі сямейнае гняздо ў доме, пабудаваным ПМС на вуліцы Маладзёжнай. “Як жывецца побач з “зімовым” мужчынам? Хораша і спакойна. Віктар – надзейны чалавек”, – запэўнівае жанчына. Між тым такія якасці ў характары мужа, як кантактнасць, дружалюбнасць і жартаўлівасць, якія, па словах землякоў, вызначаюць гаспадара дома, верная спадарожніца жыцця дапаўняе-карэкціруе: “Ён – глыба, маналіт: як сказаў – не адступіцца, як вырашыў – так і будзе... Разам з тым муж вельмі дамашні: цэніць хатні камфорт, далёкія паездкі, а тым больш на заморскія курорты – не для яго”.
Сам Віктар Сямёнавіч прызнае сваю кампанейскую натуру. Маўляў, і ў калектыве ўзаемаразуменне знаходзіць, і сяброў мае, і са сваім братам і сястрой, а таксама з жончынай раднёй у добрых адносінах – у госці адны да адных ездзяць. Дзеліцца, што сёлетні год прынёс у іх дружную сям’ю радасць: у сына Рамана і нявесткі Яўгеніі нарадзіўся маленькі Міраслаў. “Паказацца” бабулі і дзядулю ўнук прыехаў ажно з Пецярбурга, дзе кінулі якар малодшыя Сняжко. А дачка Віктара Сямёнавіча і Таццяны Уладзіміраўны Яўгенія жыве з мужам у Пінску – на малой радзіме бацькі. “Заўважу, аднолькавыя імёны не толькі ў нявесткі і дачкі. Яўгеніяй завуць і маю маму”, – зазначае гаспадыня дома. Таццяна Уладзіміраўна маладым пакаленнем у сваёй сям’і задаволена, кажа, што дачка і нявестка – дзяўчаты дамавітыя, у іх ёсць чаму павучыцца. У сына Рамана, як і ў іх з мужам, інжынерная жылка: скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Сама Т.У. Сняжко 17 год адпрацавала ў ААТ “АграГЖС”, большасць з якіх – у дыспетчарскай. Па рабоце, якую, па прызнанні, любіла, цяпер крыху сумуе: не так даўно жанчына па просьбе дзяцей узяла невялікі перапынак у рабоце. “Адпачыла, сілы набралася, хутка і да працы”, – кажа яна.
Акорды шчасця
Жыццёвыя “завірухі” часам выпрабоўвалі на стойкасць жыхароў Шчучына Барыса Канстанцінавіча Мяцеліцу і яго жонку Таццяну Іванаўну. Але так і не змаглі астудзіць добрыя сэрцы гэтых дастойных людзей.
– Мы шчаслівыя, бо вырасцілі прыстойных, спагадлівых, сумленных, добразычлівых у адносінах да іншых дзяцей, – шчыра дзеліцца гаспадыня дома. – Галоўны дэвіз нашай сям’і – дапамагаць таму, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Гэта заслуга і духоўная спадчына нашых дзядоў і бацькоў. Падчас вайны наша сям’я, а нарадзілася я ў вёсцы Дашкавічы Поразаўскага, цяпер Свіслацкага раёна, стала пагарэльцамі. Пяцёра дарослых і пяцёра дзяцей жылі з таго, што расло на агародзе. Нам было цяжка, і землякам не лепш. Памятаю, як вяскоўцы казалі: “Пойдзем да Серафімы, яна дапаможа”. І мама заўсёды дзялілася апошнім... 
Па словах Таццяны Іванаўны, сям’я Мяцеліцаў прытрымлівалася такіх жа зямных і боскіх законаў, заснаваных на спагадзе, любві да бліжняга і незнаёмага. Бацька мужа быў святаром, будаваў храм у Завалках, з просьбай выдзеліць матэрыял на гэту справу быў на аўдыенцыі ў самаго Друцка-Любецкага. Дарэчы, роды ў яго жонкі пры нараджэнні сыноў-блізнят Барыса і Глеба прымаў знакаміты шчучынскі доктар Конрад.
 Таццяна Іванаўна здзіўляе мяне прызнаннем: маўляў, пасля замуства яна захавала сваё дзявочае прозвішча – Навіцкая. Кажа, справа не ў тым, што не хацела стаць Мяцеліцай – насамрэч прозвішча прыгожае, ды і ў сваім абранніку яна была ўпэўнена на ўсе сто. Проста так склаліся абставіны.
Яшчэ адзін важны складнік простага шчасця людскога для гэтай пары – іх прафесійная дзейнасць. Таццяна Іванаўна і Барыс Канстанцінавіч – настаўнікі. У свой час атрымалі дастойную адукацыю: муж скончыў геафак Ленінградскага педінстытута імя Герцэна і Гродзенскі каледж мастацтваў, а жонка – Белдзяржуніверсітэт. Педагагічны стаж абодвух – за 40 год. Пэўны час жонка выкладала рускую мову і літаратуру ў СШ №1 г. Шчучына, муж у розныя гады – геаграфію ў сельскіх школах раёна, а таксама вучыў рабят... ігры на гітары ў Астрынскай музычнай школе і ў Доме піянераў.
– Гітара для яго – першая жонка, – жартуе мая субяседніца. – І цяпер ратунку ад яе няма, у любую вольную хвіліну Барыс Канстанцінавіч бярэ ў рукі інструмент. Між іншым, ён усё яшчэ вядзе гурток па навучанні ігры на гітары для навучэнцаў гарадскіх школ.
 Таццяна Іванаўна ганарыцца мужам: кажа, ён вельмі эрудзіраваны, энцыклапедычных ведаў чалавек. Многа чытае, зрэшты, як і яна сама, цікавіцца кніжнымі і музычнымі навінкамі. Барыс Канстанцінавіч таксама любіць і цэніць сваю верную спадарожніцу жыцця.
Жнівень гэтага года быў для сям’і надзвычай радасным. Вялікая радзіна Мяцеліцаў сабралася ў бацькоў, каб прывітаць дарагую госцю – адну з трох дачок. Вольга па прафесіі псіхолаг, жыве ў Ізраілі, нарадзіла і выхавала 9 дзяцей. На сустрэчу прыехалі сёстры з Мінска і Зельвы. Старэйшая Святлана – фармацэўт, малодшая Людміла – выкладчык па класе фартэпіяна. Нагаварыліся ад душы. Гледзячы на іх, бацькі крадком змахвалі слёзы радасці.
Не замерзла, а наадварот сагрэлася душой у размове з “зімнікамі” Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!