Цімоша з Чарнобыльскай зоны. Успаміны дзяцінства і сёння трывожаць душу...

Света зноў, у каторы ўжо раз, прачыналася ўся мокрая ад поту і з адчуваннем неадольнай трывогі. Зноў прысніўся той даўні сон: яна, маленькая яшчэ зусім дзяўчынка, вяртаецца ў свой родны дом, каб забраць любімую цацку – коціка Цімошу. Так імкнецца ісці хутчэй, так стараецца зрабіць яшчэ хоць некалькі крокаў! Вось-вось, здаецца, возьмецца ручкамі за клямку і адчыніць дзверы хаты, каб знайсці Цімошу, каб хоць убачыць яго…Але ногі не ідуць, яны як ватныя, зусім не слухаюцца. Света стараецца адарваць іх ад зямлі, працягвае рукі наперад, да хаты, ды ўсё дарма. Яна крычыць, плача, кліча на дапамогу маму і …прачынаецца.
Колькі часу ўжо прайшло з той далёкай вясны, калі яны з бацькамі вымушаны былі пакінуць родную вёску, а ў свядомасці ўсё яшчэ жыве боль па страце, што напаткала ў маленстве.
Вясною 1986 года Святлане было толькі шэсць год, але яна добра памятае падзеі, што тады адбываліся. Тая вясна была вельмі цёплаю. Ужо ў канцы красавіка пачаў распускацца іх вялікі сад за хатаю, бацькі пасадзілі агарод, навокал зелянела маладая трава, усюды было прыгожа і ўтульна. Ніхто і не мог нават уявіць, што ў гэтыя цудоўныя вясновыя дні людзей напаткае такая бяда!
Вестку пра тое, што ў Чарнобылі нешта ўзарвалася, жыхары іх вёскі напачатку нават сур’ёзна не ўспрынялі. Ці мала што ў свеце здараецца! Ды праз некаторы час чуткі пачалі даходзіць адна страшней за другую. Светачка не магла сваім дзіцячым розумам усвядоміць усю складанасць сітуацыі, але дзяўчынка адчувала, што здарылася нешта нядобрае. Толькі дзе ты будзеш звяртаць на тое нядобрае ўвагу, калі на двары ўжо зачакаліся сябры! Але мама, чамусьці, гуляць на вуліцу не пусціла і сяброў разагнала па хатах. Света надзьмулася, села на канапу, прытуліла Цімошу і пачала яму трошкі скардзіцца на маму, што не дазволіла ў такую цеплыню выйсці з дому.
А пад вечар свет, здаецца, перавярнуўся. Вяскоўцы грузілі хатнюю жывёлу, якую некуды адвозілі машыны. Мама выганяла з хлява іх карову Аксамітку і моцна, наўзрыд плакала. Света падышла да кароўкі і ўбачыла мокрую сцежку слёз і на яе пысе… Гэтая сцежка назаўсёды засталася ў сэрцы невычэрпным болем, як і пакінутая цацка.
Дзесьці каля дзвюх гадзін ночы за вяскоўцамі прыехалі аўтобусы. Збіраліся наспех. Браць з сабою сказалі толькі самае неабходнае. Людзі думалі, што едуць на некалькі дзён, што хутка вернуцца. Ды можа і добра, што не ведалі, што пакідаюць родныя мясціны назаўсёды. Бо якім болем разарвалася б чалавечае сэрца, пакідаючы ўсё роднае без надзеі на вяртанне!
Света тыя зборы амаль не памятала. Ведала пра іх з расказаў маці і бацькі. Яе, сонную, нёс на руках бацька. Усё, што дзяўчынка запомніла ў тую ноч, – гэта фары аўтобусаў на вуліцы і людзей, якія спяшалі да іх.
А потым, ужо ў дарозе, Светачка заўважыла, што няма нідзе яе коціка Цімошы. Маці абшукала ўсе рэчы, што прыхапілі з сабой, але цацкі нідзе не было. Відаць, яна так і засталася ляжаць на ложку, з якога бацька выняў Свету. А пра Цімошу ў тлуме забыліся. Дзяўчынка плакала, клікала свайго любімага коціка. Мама суцяшала, што яны хутка вернуцца і Цімоша сустрэне яе дома. Абавязкова дачакаецца! Дзяўчынка паціху супакоілася, яна згодна была пачакаць…
Вось так і чакае, ужо больш за трыццаць год чакае. Як ні дзіўна, чым старэйшая робіцца Святлана, тым часцей яе думкі вяртаюцца туды, да пакінутага дома, да любімай цацкі маленства. Вось і дзеці яе ўжо старэйшыя за яе саму, тую, шасцігадовую, а сэрца баліць, не сціхае.
У вёску маленства, што цяпер забруджана радыяцыяй, пускаюць толькі на Радуніцу. Ды не было як наведацца туды Свеце. Бацькі прыехалі ў тую вёску, як толькі пажаніліся: бацька атрымаў накіраванне на працу, а маці паехала за ім. Уладкаваліся, абжыліся, Светачка нарадзілася. На вялікае шчасце, бабулі і дзядулі з абодвух бакоў жылі далёка ад тых мясцін, і іх не зачапіла страшная навала. А Свеціны бацькі маглі б пражыць ў сваім доме ўсё жыццё, ды толькі не склалася.
Неяк зусім неспадзявана знайшлася Свеціна сяброўка з той, пакінутай вёскі маленства. Усё ж такі і ад сацыяльных сетак ёсць нейкая карысць! Спісаліся, дамовіліся аб сустрэчы. Оля між іншым паведаміла, што хоча наведаць магілы родных на Радуніцу ў той самай вёсцы іх дзяцінства. Свела ўхапілася за гэту навіну, як за выратавальную нітачку. Оля не была супраць яе кампаніі.
Сяброўка расказвала, што вёска вельмі змянілася. Але Святлана не магла і ўявіць сабе наколькі! Калісьці шырокая вуліца цяпер страшэнна зарасла і неяк нават вельмі паменшала ў памерах. У дзяцінстве яна здавалася такою доўгаю, а цяпер падалася зусім кароткаю. Высокі леташні быльняг і разнастайныя дрэвы запаланілі ўсю калісьці такую шырокую вуліцу. Могілкі былі збоку, у лесе. Ды і там, здаецца, было больш жыцця, чым у гэтай пакінутай, даўно асірацелай вёсцы. На могілках яркасцю фарбаў кідаліся ў вочы агароджы і штучныя кветкі. Сям-там ляжалі пафарбаваныя яйкі і цукеркі. Адзнакі жыцця былі бачны. А тут…Цішыня, сіратлівая, непарушная цішыня… Сэрца сціснулася такім жалем, што слёзы пацяклі самі нечакана і незаўважна. І міжволі перад вачамі ўсталі тыя сцежкі слёз іх рудой кароўкі…
Святлана столькі часу ўяўляла сабе гэтую сустрэчу з роднымі мясцінамі маленства. Безліч разоў пракручвала ўсё ў галаве . А тут нібы спалохалася. Пакуль сяброўка з мужам накіроўваліся да свае хаты, Света паспяшала да свае. Яна не вельмі добра памятала, як ісці, Оля патлумачыла. Ну вось, нарэшце… колькі крокаў… і … ногі, як у тым сне, рабіліся ватнымі, сэрца грукала так, што , здаецца, яшчэ хвіліну і яно выскачыць з грудзей. Дзверы былі зачынены, але замка не было. Дзе ж ён будзе? Куды там!
У хаце ўсё параскідана, нібы тут праімчаў самы страшны ўраган. Усё лепшае нядобрыя людзі даўно вынеслі, забралі, астатняе параскідалі і пабілі. Дзе ж яе цацка, дзе? А можа і яна некаму тады прыглянулася? Сярод гэтага пылу, бруду, вэрхалу ці можна што знайсці праз столькі год? Святлана асцярожна дакранулася да ложка, дзе калісьці спала. Дзіўна, што нікому не спатрэбіўся. Знайшла нейкі абломак крэсла , выцягнула з-пад ложка кучу нейкіх ануч, яшчэ адну кучу. Дык гэта ж яе блакітная куртачка! Была, дакладней, калісьці такою. Падчапіла злёгку рукаво, прыпадняла ў паветры і з куртачкі вываліўся… Цімоша. А лепш сказаць, тое, што ад яго засталося: брудная, пыльная ануча з вочкамі. Не, Света не магла гэтага вытрымаць.
– Дачакаўся ! Мой ты залаты! – праз слёзы шаптала яна, прытуляючы да сябе страшэнна брудную цацку.
Час і прастора спыніліся: падалося, яна трымала таго самага коціка Цімошу са свайго маленства, а не брудны камячок. Глядзела і бачыла яго шэранькую з белым пысачку, шэранькія лапкі, зялёную камізэльку і чорненькія портачкі, а яшчэ блакітны банцік, які быў у Цімошы, калі мама першы раз прынесла яго з крамы. Той банцік Света столькі разоў завязвала і перавязвала, пакуль не згубіла. А вочкі зялёныя-зялёныя і язычок ружовы-ружовы…
– Кінь ты гэтую брудную анучу! Зусім розум страціла! Тут нічога нельга браць! – голас Вольгі аж звінеў ад абурэння.
– Гэта не ануча! Гэта мой коцік!
– Які коцік? Пакінь гэты бруд! Нам час вяртацца! Хутчэй! Мы будзем чакаць цябе каля машыны!
– Не, я яго больш тут не пакіну,– шаптала Света, глыбей хаваючы ў сумку кавалачак свайго маленства…
Наталля ЦВІРКО.
