Ці ёсць жыццё на пенсіі? У энтузіясткі са Шчучына Галіны Рудзь – сотні творчых работ з саломкі і дзясяткі асвоеных турыстычных маршрутаў

 

У дзень нашай сустрэчы кватэра шчучынкі Галіны Рудзь, без перабольшвання, нагадвала музей народнай творчасці. У адным пакоі сабралася больш за сотню саламяных работ, выкананых у розных тэхніках і маштабах – аж святлей стала ў пахмурнае надвор’е ад чароўных кветак, шкатулак, пано, цэлых тэматычных кампазіцый!

 

Не верыцца, што ўсё гэта зроблена працавітымі рукамі майстрыцы, ды не з нейкага там заморскага, а нашага прыроднага матэрыялу. Між тым, адзін з адмысловых саламяных капелюшоў адправіўся ў якасці падарунка ажно ў Амерыку. А вось аўтарскія ёлачныя цацкі прывялі ў захапленне юную японскую балерыну Мію і цяпер “гасцююць” у Паднябеснай. Турысты з Вільнюса ахвотна выбіраюць анёлаў і талісманы-абярэгі, а шчучынцы дужа любяць саламяныя ружы, ліліі, сланечнікі. Ды што там гаварыць: на якую работу Галіны Рудзь не кінеш вока – кожная заслугоўвае шчырага захаплення. Сапраўдны саламяны цуд!

 

“Завяла спецыяльны альбом “Жыццё на пенсіі”

 

– Прадаваць свае работы стала ўсяго год назад: угаварылі-такі калегі-рамеснікі завязаць партнёрскія сувязі з “Сувенірнай лаўкай” у Гродне, выстаўляць работы ў “Горадзе майстроў” падчас фестываляў і святаў. А так для душы гэтай справай займалася, – дзеліцца Галіна Станіславаўна.

 

Больш за 30 гадоў яна працавала бухгалтарам на заводзе “Аўтапровад”. А калі выйшла на пенсію, то сама сабе дала ўстаноўку: жыць – цікава, актыўна, творча! Рэалізаваць гэтыя памкненні дапамог гарадскі клуб “Лад”. Аднойчы яго кіраўнік прапанавала пазнаёміцца з цэнтрам рамёстваў раённага Дома культуры.

 

– Як убачыла я там дзівосныя работы з саломкі, нешта проста шчоўкнула ўнутры, – усміхаецца Галіна Станіславаўна. – Падумалася тады, вось бы навучыцца! Ды ўсё магчыма, калі ёсць жаданне. Менавіта шчучынскія майстры па саломапляценні сталі маімі першымі настаўнікамі і кансультантамі. А потым асвоіла камп’ютар і вось ужо гадоў дзесяць, як падсілкоўваюся ідэямі і новымі ведамі на адпаведных сайтах, запазычваю нават міжнародны вопыт, спасцігаю самыя розныя тэхнікі. Безумоўна, на такім падмурку нараджаецца ўласны почырк і з’яўляюцца аўтарскія работы. Вось, да прыкладу, верхавінка на елачку: спалучыла ў адным вырабе малады месяц, анёла, званочак і зорку – само прыдумалася! Так, натхненне патрэбна, палёт фантазіі, але і ўседлівасць, мэтанакіраванасць не менш важныя. Я гэткая дзівачка, што калі захаплюся чымсьці, то ўжо не ўстану, пакуль не даб’юся пэўнага выніку.

 

Аказваецца, каб той жа капялюш атрымаўся, спачатку неабходна стужку саламяную сплесці на метраў 8, а мо і 13 – у залежнасці ад фасону. А затым чакае карпатлівая і складаная работа, каб акуратна сшыць усё па спіралі. Вось тады ўжо самы час фанабэрыста ўпрыгожыць самабытны галаўны ўбор кветкай або бантам. А яшчэ пайшлі ў ход кепкі ад сонца. Модніцы цэняць абручыкі на валасы. З саломкі можна зрабіць мноства не проста прыгожых, а яшчэ і функцыянальных рэчаў.

 

“Дзе ж вы такую якасную саломку бераце?” – пастаянна запытваюць на фестывалях і выставах у Галіны Станіславаўны. А яна самаручна на ўласным агародзе кожны сезон сее жыта. Шчучынская ў яе саломка!

 

– Галоўнае – своечасова зрэзаць, – дзеліцца сакрэтамі майстар.– Важна правільна высушыць сцяблінкі, а перад пачаткам работы – размачыць. Ведаеце, пляценне з саломкі, бадай, самы цікавы від мастацкай творчасці!

 

Сапраўды, гледзячы на імправізаваную выставу работ Галіны Рудзь, разумееш, што яна не проста рамеснік, а мастак. Дарэчы, пра тое сведчыць і мноства ўзнагарод – дыпломаў, падзячных лістоў, падарункаў за ўдзел у міжнародным фальклорным фестывалі ў польскім горадзе Вэнгажэва, свяце “Казюкі” ў Гродне, абласным фальклорным фестывалі “Панямоння жыватворныя крыніцы” ў Шчучыне, фэсце кветак у Жалудку…
Усе цікавыя імгненні жыцця Галіна Станіславаўна адлюстроўвае на здымках, якія змяшчае ў той самы фотаальбом “Жыццё на пенсіі”.

 

Саламянае сэрцайка для кожнага з аднакурснікаў

 

– Дзякуючы папулярнасці сацыяльных сетак мы з аднакурснікамі праз 45 год адзін аднаго адшукалі, сталі рэгулярна сустрэчы ладзіць, – з цеплынёй узгадвае Галіна Станіславаўна. – Першы раз, калі пасля доўгай разлукі ехала ў свой Маладзечненскі політэхнічны тэхнікум, спляла для сяброў студэнцкага юнацтва па саламянаму сэрцайку. Усе былі вельмі крануты. А ўвогуле паездкі і сустрэчы з цікавымі людзьмі ды славутымі мясцінамі – гэта мая слабасць. Вось сяду ў экскурсійны аўтобус і ўжо кайфую!

 

Першай сур’ёзнай вандроўкай была паездка ў нарачанскі край на возера Белае ад часопіса “Целитель”.

 

– Як жа там было зачаравальна! З таго часу я стала выкарыстоўваць любы шанц, каб пабачыць нешта ўнікальнае, адкрыць штосьці новае, – не перастае здзіўляць Галіна Станіславаўна. – Давялося і ад касцёла па святых мясцінах паездзіць, і ад шчучынскіх арганізацый, турыстычных бюро. У выніку на свае вочы пабачыла Ізраіль, Італію, Швецыю, Нарвегію, Фінляндыю… Адным разам дзевяць калядных дзён правяла ў Германіі, а другім – з сяброўкамі на Каляды ў Маскву адправіліся. З захапленнем ўзгадваю тую паездку!
“Ноч у Лісабоне” для Галіны Рудзь – гэта не толькі захапляючы твор Рэмарка, а самая што ні на ёсць рэчаіснасць. Лісабон быў кульмінацыйным пунктам у 16-дзённым турнэ па Еўропе, дзякуючы якому наша неўтаймаваная падарожніца пазнаёмілася з Парыжам, Рымам, Берлінам. У наступных вандроўках былі Варшава, Вроцлаў, Сопат, Лейпцыг, Дрэздэн, Стакгольм, Хельсінкі… Усе паездкі Галіна адзначыла на карце, развешанай у кватэры ў спецыяльна аформленым турыстычным куточку, што сабраў у адным месцы сувеніры, паштоўкі, турыстычныя даведнікі. І, канешне, пра вандроўкі нагадаюць шматлікія фотакартачкі.

 

– За адну паездку прывожу па 600-700 здымкаў. А фотаапарат купіла, як толькі зразумела, што без падарожжаў ужо жыць не змагу, – усміхаецца мая суразмоўца і ўключае камп’ютар, бо ніякі папяровы альбом не ў стане ўмясціць столькі фотаработ, а на электронным носьбіце іх безліч. І ў кожным – не толькі прыгожыя відарысы, але і шчаслівыя эмоцыі.

 

Піруэт японкі на шчучынскай плошчы

 

Ведаючы, наколькі Галіна духоўна багаты чалавек і эрудыт, аднойчы звярнулася да яе сяброўка з незвычайнай просьбай. У Шчучын завітала знаёмая яе дачкі – дзяўчына з Японіі, якая ў Мінску вучылася на балерыну. Мію крыху гаварыла па-руску, таксама любіла падарожжы, і каб ёй было цікава, ад Галіны Станіславаўны патрабавалася чымсьці заняць экзатычную госцю.

 

– Стаялі навагоднія дні. Было прыемна паказаць нашу стыльную елку, правесці экскурсію па горадзе, расказаць пра ўсе славутыя мясціны Шчучыншчыны, – узгадвае Г.С. Рудзь. – Вядома, я хвалявалася. Але Мію аказалася вельмі мілай і па-дзіцячы непасрэднай дзяўчынай. Літаральна ўсё яе ўражвала і радавала. Нечакана фантазёрка не ўтрымалася і стала “круціць” неверагодныя піруэты ў агнях ілюмінацыі на плошчы. Гэта было так прыгожа! Калі, нарэшце, прыйшлі дамоў, Мію з парога на эмацыянальнай хвалі кінулася да маіх саламяных цацак на елачцы. Было прыемна іх падарыць. А вось пакарміць замежную госцю аказалася праблематычна. І справа не ў тым, што так кардынальна адрозніваецца беларуская кухня ад японскай. Аказваецца, дысцыплінаваная балерына мала што можа сабе дазволіць нават у свята, нават падчас канікулаў. Вось такім атрымалася гэта знаёмства.

 

У Галіны Станіславаўны багата сяброў па ўсім свеце, але, мабыць, самыя надзейныя – тут, у Шчучыне. Ёй шмат чаго ўдалося пабачыць, але яна гатова паўтарыць услед за Уладзімірам Караткевічам: “Самае прыемнае ў кожнай вандроўцы – гэта вяртанне дамоў”. Вельмі хочацца пажадаць гэтай няўрымслівай жанчыне новых цікавых падарожжаў, натхнення ў яе саламяным хобі і здзяйснення самых запаветных мар. Яна гэтага заслугоўвае.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!