Чырвоны Крыж пашырыў службу сясцёр міласэрнасці

Па добрай традыцыі напачатку года прынята азірнуцца назад і ўзгадаць, якім быў год мінулы.
– 2019-ты для нашай арганізацыі вызначаўся добрымі і карыснымі справамі, – лічыць старшыня РА Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Станіславаўна Мацюк. – Мы правялі шэраг дабрачынных акцый – такіх, як “Ёлка жаданняў”, “Клопат” і іншыя, у ходзе якіх аказалі рэальную дапамогу дзецям з мнагадзетных сямей, насельнікам аддзялення сястрынскага догляду Жалудоцкай і Васілішкаўскай бальніц, уручылі падарункі падапечным сясцёр міласэрнасці. Толькі падчас калядных дзён падарункі атрымалі 111 чалавек, сярод якіх 41 інвалід. Хочацца падзякаваць усім добрым людзям, якія падчас акцый ахвяравалі свае сродкі на дапамогу іншым. А ўсяго гуманітарная і сацыяльная падтрымка ўразлівай катэгорыі грамадзян раёна за 2019 год была аказана на суму 1251,76 рублі.

 

Галіна Станіславаўна прызналася, што збылася яе даўняя мара: дзякуючы падтрымцы раённай улады ўдалося пашырыць службу сясцёр міласэрнасці, а гэта значыць, што яшчэ большая колькасць старэнькіх ды адзінокіх людзей змогуць разлічваць на ўвагу ды клопат з боку Чырвонага Крыжа. Цяпер сёстры міласэрнасці працуюць не толькі ў Шчучыне, але і ў гарадскіх пасёлках Астрына і Жалудок.

 

Раённая арганізацыя БТЧК па праве ганарыцца ўзроўнем валанцёрскай дзейнасці, якая аб’ядноўвае больш за паўтары сотні энтузіястаў, уключае ў сябе як пажылых, але надзвычай актыўных, членаў клуба “Апора”, так і вялікі атрад моладзі.

 

 Сур’ёзную ўвагу шчучынскія падзвіжнікі Чырвонага Крыжа разам з органамі мясцовай улады ўдзяляюць рэалізацыі міжнародных праектаў, накіраваных на развіццё медыка-сацыяльнай дапамогі на даму, замацаванне здаровага ладу жыцця, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і інш. Ініцыятывы ажыццяўляюцца пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза, тэхнічнай падтрымцы Дацкага Чырвонага Крыжа. Увогуле супрацоўніцтва на міжнародным узроўні тут даўно стала добрым правілам. Да прыкладу, зараз рыхтуецца пакет дакументаў, каб Жалудоцкая бальніца праз Чырвоны Крыж атрымала мэтавую грашовую дапамогу з Фонду Чацвярцінскіх – 500 еўра. Як раней паведамляла наша газета, нашчадкі гэтага княскага роду летам наведвалі малую радзіму сваіх продкаў і, як бачым, устаноўленыя сувязі даюць добры плён.
Зараз у раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ўваходзяць 57 “пярвічак”, якія аб’ядноўваюць больш за 6340 чалавек. Дарэчы, у 2019 годзе была створана пярвічная арганізацыя ў ААТ “АграГЖС”, і яе члены праявілі высокую актыўнасць.

 

 – Словы ўдзячнасці за такую пазіцыю хочацца выказаць і астрынскім аграрыям, і калектывам многіх іншых арганізацый і прадпрыемстваў – ААТ “Васілішкі”, вузла паштовай сувязі, райбальніцы, устаноў адукацыі, – канстатуе Галіна Станіславаўна Мацюк. – Істотную спонсарскую падтрымку РА БТЧК аказалі кіраўніцтва масласырзавода і прыватнага прадпрыемства “Вектар”. Усё гэта пойдзе на карысць людзям.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!