Цеплыня сэрцаў і добрая песня

аб'ядналі ўсіх удзельнікаў прыгожага мерапрыемства, арганізаванага ў Дзень інвалідаў, Шчучынскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці.

Ва ўтульнай зале разам сабраліся наведвальнікі двух аддзяленняў ТЦСАН – дзённага знаходжання для інвалідаў і дзённага знаходжання для пажылых людзей, а таксама члены раённай арганізацыі ГА "БелТІЗ".

Прысутных сардэчна прывітала дырэктар ТЦСАН Святлана Уладзіміраўна Шанчук. Кіраўнік выказала захапленне стойкасцю, верай і аптымізмам людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пажадала ім моцнага здароўя, бадзёрасці духу і ўсіх зямных даброт.

У жыцці чалавека бывае ўсё – радасць у яркіх колерах і смутак, пазначаны цёмнымі фарбамі. З апошнім справіцца цяжэй, і зрабіць гэта па сіле толькі стойкім духам людзям, якія не пасуюць перад цяжкасцямі, не закрываюцца ад свету ў чатырох сценах, і аб'ядноўваюцца, каб стаць мацнейшымі, сябраваць і развівацца. І тады маркота адступае, жыццё працягваецца. Такі лейтматыў, лічы, усіх музычных твораў, што гучалі ў гэты дзень са сцэны на працягу больш чым гадзіны.

У зале панавала добразычлівая і цёплая атмасфера. І гэта ў многім дзякуючы таленавітым артыстам раённага цэнтра культуры і народнай творчасці – Марыі Сідаровіч, Дзмітрыю Паварго, Дзмітрыю Панову, Вікторыі Далгашэя, Дар'і Бачко. З асаблівай цеплынёй прынялі гледачы і выступленні ўдзельнікаў дзясятага фестывалю творчасці маладых інвалідаў "Калі мы разам – мы мацнейшыя" Дар'і Дзяменік з Васілішкаўскага дома-інтэрната і Дзмітрыя Салейкі з вёскі Трудавая. У сэрцах знаходзілі водгук лірычныя песні пра любоў да малой радзімы, артысты заклікалі тварыць добрыя справы, верыць у тое, што жыццё абавязкова адорыць прыемнымі падзеямі і сустрэчамі. Прысутныя ў зале падпявалі, вочы людзей свяціліся радасцю. "Дзякуй за прыгожае свята", – казалі яны артыстам і загадчыкам аддзяленняў ТЦСАН А.К. Шостак і А.Р. Шпакоўскай, старшыні раённай арганізацыі "БелТІЗ" А.А. Кавальскай, якія, трэба адзначыць, не скупіліся на ўвагу да сваіх падапечных.

Разам з тым арганізатары ўрачыстасці выказалі вялікую ўдзячнасць за спонсарскую дапамогу кіраўніцтву райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённай арганізацыі РГА "Белая Русь" і раённай арганізацыі ГА "БелТІЗ".

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.