Былы старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Васько пра Амстэрдам, Кёкенхоф і цюльпаны
Набліжаецца раённы фестываль кветак. А ці ведаеце вы, што ўпершыню гэта свята прайшло ў Шчучыне і яго ініцыятарам стаў былы старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пятровіч Васько. Фестываль кветак меў вялікі рэзананс у рэспубліцы, бо быў першым у сваім родзе. І толькі пазней свята памяняла прапіску, перамясцілася ў гарадскі пасёлак Жалудок. Як аказалася, любоў да кветак давяла Аляксандра Пятровіча да… Галандыі! Аб тым, чым уразіла беларуса краіна цюльпанаў, чытайце ў нашым матэрыяле.
“Сябар прыехаў з Галандыі”
Аляксандр Пятровіч Васько заўсёды марыў трапіць у Галандыю. Нечаканая турыстычная пуцёўка стала цудоўным падарункам ад дзяцей.
Падчас вандроўкі наш зямляк наведаў самы буйны ў свеце цэнтр па гандлі і агранцы брыльянтаў – Антверпен, шакаладную сталіцу Бельгіі – Бруге, горад архітэктуры – Ротэрдам, найбуйнейшы міжнародны прававы цэнтр – горад Гаагу і сталіцу Нідэрландаў (Галандыі) – Амстэрдам.
-- Амстэрдам -- гэта сапраўдны горад кантрастаў, дзе старая еўрапейская архітэктура спалучаецца са свабодным стылем жыцця, -- перакананы А.П. Васько, якому пашчасціла трапіць у галандскую сталіцу ў той час, калі ўсюды лунаў водар цюльпанаў. -- Шмат добрых уражанняў засталося ў мяне ад агляднай экскурсіі: Каралеўскі палац, плошча Дам, каналы ў Амстэрдаме, знакамітыя галандскія краявіды “ля вадзянога млына”. Дарэчы, ні адзін з галандскіх млыноў не змалоў ніводнага зярнятка! Таму што яны – вадзяныя.
Захапілі беларуса і велізарныя палі з цюльпанаў, якія, здавалася, абступілі ўсе населеныя пункты Галандыі. Рознакаляровыя палосы сыходзілі за гарызонт… Ажно не верылася, што ўсё гэта – кветкі! На памяць – дзясяткі яркіх фотаздымкаў.
Тысячы кветак
Аляксандр Пятровіч не прамінуў і легендарны парк кветак Кёкенхоф, які знаходзіцца ў невялікім мястэчку Ліс. Гэты парк называюць самым прыгожым вясновым паркам свету і нездарма.
-- У XV стагоддзі Кёкенхоф быў невялікім садам вакол замка графіні ван Бейер, дзе вырошчваліся травы і гародніна, - распавядае пра парк мой суразмоўца. -- Адсюль і пайшла назва “Keukenhof” -- кухонны сад. У 1865 годзе ландшафтны архітэктар Ян Зохер і яго сын Луіс па просьбе чарговых уладальнікаў маёнтка барона і баранэсы Ван Паландт стварылі новы дызайн у англійскім стылі. Гэтая планіроўка з’яўляецца асновай сучаснага парку Кёкенхоф, які быў адкрыты для наведвальнікаў у 1950 годзе. Кветкавы сектар быў і застаецца адной з вядучых галін эканомікі Галандыі. Гэты парк дазваляе пакупнікам ацаніць усе разнастайнасці кветкавых цыбулін ад вядучых пастаўшчыкоў, а простыя наведвальнікі могуць акунуцца ў свет кветак і прыгажосці.
Там ёсць што паглядзець. Толькі ўявіце сабе, на тэрыторыі ў 32 гектары растуць 7 мільёнаў кветак 1600 відаў і 2500 дрэў 87 відаў. У парку -- 15 кіламетраў пешаходных дарожак, 280 лавачак, 15 фантанаў, 32 масты, 4 павільёны кветак.... Парк цалкам напоўнены чароўным водарам крокусаў, нарцысаў, гіяцынтаў і, канечне ж, цюльпанаў. Тэма кожнага сезона Кёкенхоф розная. На гэты раз яна называлася “Romance in flowers” -- “Раманс у колерах”.
Казкі ажываюць у кветках…
Пашчасціла А.П. Васько прыняць удзел у парадзе кветак -- Bloemencorso Bollenstreek. Паглядзець на гэту прыгажосць у Галандыю прыязджаюць турысты з усяго свету. Гучала на свяце і беларуская мова!
Ідэя такога парада ўзнікла яшчэ ў канцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Жыхар аднаго маленькага гарадка -- аматар кветак, селекцыянер -- упрыгожыў свой старэнькі грузавік у форме кіта і праехаў на ім па сваім мястэчку. Гэта спадабалася жыхарам, і на наступны год быў зроблены ўжо не адзін аўтамабіль, а некалькі. Так нарадзілася традыцыя.
Сёлета ў парадзе прымалі ўдзел звыш 500 кветкаводаў, ажно 18 кветкавых платформаў. Да свята было высаджана 7 мільёнаў цыбулін цюльпанаў 800 гатункаў. Асноўная ўмова для ўдзелу кампазіцыі ў парадзе -- толькі свежыя кветкі, таму сцябло кожнай знаходзіцца ў спецыяльнай губцы.
Тэмы платформаў былі самыя розныя: культура краін свету, музыка, космас, мастацтва, тэатр і кіно. Перамаглі “Кітайскі цмок”, “Міфалогія Грэцыі” і “Рамантыка ў колерах”. Урачыстае шэсце аўтамабіляў з кветкавымі кампазіцыямі праехала праз 8 населеных пунктаў.
Аляксандр Пятровіч даведаўся, што прыгожыя гіганцкія платформы ствараюцца загадзя. Удзельнікі будучага парада прадумваюць ідэю сваёй кампазіцыі з восені, робяць эскізы. Сама скульптура збіраецца з розных матэрыялаў: пап’е-машэ, пенапласту, дроту і іншага. Упрыгожваць кветкамі пачынаюць дні за 2 да самога парада. Фарміраванне кветкавых платформаў праходзіць у мястэчку Сассенхейм, непадалёк ад Нордвейка. Любы жадаючы, зрабіўшы невялікі дабрачынны ўнёсак, можа прыняць удзел у гэтай працэдуры. Пасля парада кветкавыя платформы ўвесь наступны дзень стаяць у канцавым пункце маршруту, а напрыканцы дня іх… разбіраюць на букеты. У наступным годзе тэма парада кветак – “Свет у руху”.
Вопыт не лішні
-- Апроч кветак, наш тур быў напоўнены разнастайнымі экскурсіямі і знаёмствамі з добрымі людзьмі, -- гаворыць Аляксандр Пятровіч Васько. -- Мне як кветкаводу было вельмі цікава паглядзець на галандскае свята. Заўважыў, што кветкі дораць пачуццё свята, паднімаюць настрой і нават павышаюць працаздольнасць. Безумоўна, яны патрабуюць шмат увагі і клопату, аднак за гэта шчыра аддзячваюць сваёй прыгажосцю.
Абавязкова паеду на наш раённы фестываль кветак. Хацелася б, каб ён таксама стаў маштабным і яркім, такім, як у Галандыі, каб на Шчучыншчыну прыязджалі турысты і кветкаводы з усіх куточкаў свету!
Ганна КАСПЕР.
Фота з асабістага архіва А.П. Васько.