Быць лепшым – ганарова. У Шчучыне адбыўся раённы злёт перадавікоў вытворчасці і лепшых па прафесіі ў сацыяльна-культурнай сферы

У Шчучыне прайшоў раённы злёт перадавікоў, які па праве называюць адной з галоўных грамадска значных падзей года. Гэта даніна павагі людзям працы, якія дасягнулі найлепшых паказчыкаў і найвышэйшых поспехаў у сваёй прафесійнай дзейнасці.

 

Урачыстае мерапрыемства па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2022 год сабрала ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прадстаўнікоў працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна, працоўную эліту нашага краю, яго гонар і галоўнае багацце.

 

 

Яшчэ ў фае можна было ацаніць, дакрануцца, паспрабаваць тое, што было прадстаўлена на выставе. Калі ўстановы адукацыі экспанавалі свае творчыя работы, то гаспадаркі і прадпрыемствы – прадукцыю, якую выпускаюць.

 

 

Якім быў 2022 год для раёна, што ўдалося зрабіць рукамі працавітых шчучынцаў – прысутныя змаглі паглядзець у спецыяльна створаным да гэтага мерапрыемства фільме.

 

 

 

Урачыстасць пачалася са святочнага пралога. Сярод ганаровых гасцей – старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк.

 

Урачыстую частку мерапрыемства прадоўжыў старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі. Кіраўнік раёна спыніўся на ключавых аспектах развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. У Год гістарычнай памяці была праведзена вялікая работа па захаванні памяці аб гераічным мінулым беларускага народа. Дзякуючы максімальнай самааддачы 2022 год склаўся для аграрыяў раёна паспяхова. У выніку намалочана каля 154 тыс. тон збожжавых і зернебабовых культур. На малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы рэалізавана каля 130 тыс. тон малака. На фоне маштабных санкцый з боку Еўрасаюза дастойна спрацавала эканоміка, узрасла вытворчасць прамысловай прадукцыі. Абарот знешняга гандлю таварамі склаў каля 103 млн долараў ЗША, што вышэй за ўзровень мінулага года. Сёння вялікія спадзяванні ўскладаюцца на будаўнічую галіну. У цэлым па раёне рэалізавана каля 16 праектаў. Шматлікімі дасягненнямі можа ганарыцца і сацыяльна-культурная сфера. Сапраўдным залогам поспеху з'яўляюцца ініцыятыва, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы многіх працаўнікоў раёна.

 

-- 2023 год у нашай краіне аб'яўлены Годам міру і стварэння. Гэтыя паняцці непарыўна звязаны. Бо толькі ў міры і згодзе дзякуючы стваральнай працы чалавек здабывае ўсё тое каштоўнае, што робіць яго сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны. Усё, што сёння складае славу і гонар нашага раёна, яго мінулае і сучаснасць -- гэта вынік карпатлівай працы яго жыхароў, -- адзначыў Аляксей Валянцінавіч. -- Шчучынская зямля заўсёды славілася таленавітымі, працавітымі людзьмі, якія жадаюць жыць у добрасуседстве і дастатку. І гэта свята -- магчымасць яшчэ раз выказаць словы падзякі ветэранам і перадавікам вытворчасці, іх маладой змене -- усім, хто ўласнымі рукамі, розумам будуе будучыню сваёй сям'і, сваёй краіны.

 

Павіншавала шчучынцаў са святам старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, пажадала ўсім працаўнікам раёна моцнага здароўя, дабрабыту, новых перамог і выказала упэўненасць, што і ў далейшым у Шчучынскім рэгіёне будзе нарошчвацца эканамічны патэнцыял, павышацца дабрабыт людзей. Алена Васільеўна ўзнагародзіла Ганаровымі граматамі абласнога Савета дэпутатаў ветэрана працы, былога намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Муха і дырэктара СТАА “Клубніка Плантс” Тарэсу Сямашка. Граматы абласнога Савета дэпутатаў атрымалі апаратчык Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір” Часлава Калупаева і намеснік дырэктара па вытворчасці і збыце ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад” Дзмітрый Паўловіч. Пісьмы-падзякі старшыні аблсавета дэпутатаў былі ўручаны галоўнаму санітарнаму ўрачу раёна Анастасіі Круковіч і грыбаводу ТАА “Логал-Бія” Людміле Юшкевіч.

 

\

 

З працоўнымі дасягненнямі шчучынцаў павіншаваў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк, які пажадаў міру, стабільнасці і дабрабыту. Ён уручыў памятны падарунак калектыву Шчучынскай раённай газеты “Дзянніца” за якаснае асвятленне ў друку дзейнасці дэпутацкага корпуса.

 

 

Самай чаканай і хвалюючай часткай свята, безумоўна, стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва па выніках работы ў мінулым годзе. Пад апладысменты прысутных старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк уручылі Ганаровыя сцягі працоўным калектывам ТАА “Праймілк”, ААТ “Дэмбрава”, МПМК-167, Шчучынскага раёна электрычных сетак, актывістам Астрынскага сельсавета.

 

 

Горача і сардэчна зала вітала пераможцаў раённага спаборніцтва сярод вытворчых падраздзяленняў працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, чый поспех -- яркі прыклад працавітасці і адказных адносін да справы. 25 жыхароў Шчучыншчыны на злёце перадавікоў атрымалі званне «Лепшы па прафесіі», дыпломы і грашовыя прэміі.

 

 

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама пераможцы штогадовага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Дыпломы за ўклад у развіццё Шчучынскага раёна былі ўручаны кіраўнікам ААТ "Шчучынскі завод "Аўтапровад", Шчучынскага філіяла ААТ "Малочны Мір", ТАА "ЛОГАЛ-БІЯ", СТАА "Клубніка Плантс" і Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Магчымасцю ў чарговы раз адзначыць стваральную працу шчучынцаў скарысталіся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч.

 

 

Узнагароды на злёце перадавікоў уручалі не толькі тым, хто дастойна працуе, але і тым, хто праслаўляе сваю малую радзіму рознымі ініцыятывамі і добрымі справамі. За плённую працу, за вялікі энтузіязм і жаданне зрабіць населеныя пункты Шчучыншчыны прыгажэйшымі дыпломы і прэміі ўручылі і пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

 

 

Усяго ж падчас мерапрыемства былі адзначаны дзясяткі як калектываў, так і спецыялістаў-прафесіяналаў. Прызнанне заслуг стала ўзнагародай за вернасць абранаму шляху і добрасумленную працу. На злёце прагучала і нямала музычных падарункаў у выкананні артыстаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. І яшчэ адзін цудоўны агульны падарунак чакаў удзельнікаў злёту -- канцэрт музычнага тэатра “Рада”.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!