Будзе ўтульны дворык

 

Сем месяцаў мінула з таго дня, як настаўнікі і вучні Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў пасля часовага перапынку вярнуліся ў абноўленыя сцены любімай установы.

 

Напомнім: у студзені тут завяршыўся капітальны рамонт, які быў праведзены дзякуючы рэалізацыі сумеснага праекта трансгранічнага супрацоўніцтва «Сацыяльная інтэграцыя ўразлівых дзяцей праз мастацтва па абодва бакі літоўска-беларускай граніцы» ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія - Літва - Беларусь».

 

Вынік гэтай работы цяпер бачны паўсюль - ад уваходных дзвярэй да ўнутраных памяшканняў. Рамонтныя работы ў будынку школы былі выкананы сіламі будаўнікоў Шчучынскай МПМК-167. Але на тым кропку ў добрай справе не ставілі, бо заставалася добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю. Таму гэтымі днямі работнікі будаўнічай арганізацыі завіхаюцца ва ўнутраным дворыку школы мастацтваў - рыхтуюць «падушку» і ўкладваюць тратуарную плітку. Тут заняты члены брыгады Віталія Чарняўкі. На аб’екце працуе і тэхніка. Працэс пакрысе набліжаецца да завяршэння.

 

-- Будаўнікі запэўнілі нас, што да першага верасня  – да пачатку заняткаў -- завершаць добраўпарадкаванне тэрыторыі, -- адзначыў дырэктар Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў Іосіф Іванавіч Сасноўскі.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!