Біточкі па-беларуску, плоў з мясам... У “Касмадроме” арганізавана харчаванне на выбар і з элементамі шведскага стала
Гукі музыкі, якія даносіліся з дзіцячага аздараўленчага лагера “Касмадром”, былі чуваць далёка навокал.
– А музыка ў нас гучыць пастаянна, – тлумачыць старшы выхавацель Алена Уладзіміраўна Крэчко. – Рабяты самі падбіраюць рэпертуар і такім чынам дапамагаюць ствараць добры настрой як дзецям, так і дарослым.
У пятую, апошнюю ў гэтым сезоне змену, у лагеры адпачываюць 95 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сабраліся тут юныя эколагі, якія сябруюць з прыродай і актыўна прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, што ладзяцца ў “Касмадроме”.
– Дзеці ў нас рознага ўзросту, – працягвае Алена Уладзіміраўна. – Але большасць – рабяты ад дзесяці год. За некалькі дзён, што мы тут адпачываем, правялі многа розных мерапрыемстваў. Напрыклад, сёння дзеці з цікавасцю ўдзельнічалі ў экасэлфі, здымалі ролікі на тэму аховы прыроды. Кожны дзень праходзяць працоўныя дэсанты. У хуткім часе юныя эколагі пачнуць праводзіць даследаванне берагавой лініі Котры для вывучэння расліннага і жывёльнага свету. Ужо адбылася віктарына “Разам весялей”. А на днях у лагер прыязджалі валанцёры абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа і расказвалі рабятам пра валанцёрскі рух.
Працуюць аб’яднанні па інтарэсах: “Футбол”, “Арыгамі”, “Прыродная майстэрня” і “Інтэлектуал”, таму кожны можа выбраць сабе занятак па душы. Запланаваны і турніры па настольным тэнісе і шашках, спаборніцтвы па футболе, абавязкова пройдуць конкурсы “Эка-Містар” і “Эка-Міс”. З нецярпеннем чакаюць дзеці лазертак. Пабываюць рабяты і на экскурсіі ў гадавальніку Шчучынскага лясгаса, запланавана паездка ў аквапарк.
Паколькі адпачынак толькі пачаўся, наперадзе хлопчыкаў і дзяўчынак чакае шмат прыемных сюрпрызаў і цікавых мерапрыемстваў, якія падрыхтавалі для іх дарослыя.
На гэты раз мы трапілі ў лагер якраз перад абедам. Ну як тут не зайсці ў мясцовую сталоўку і не пацікавіцца, як арганізавана харчаванне дзяцей.
Абед ужо быў гатовы, і выхавацелі накрывалі на сталы для сваіх атрадаў. Што ўразіла – проста стэрыльная чысціня. У такой сталоўцы есці – ну толькі з задавальненнем!
– У нас распрацавана прыкладнае дзесяцідзённае меню, згодна з якім мы кормім дзяцей, – расказвае шэф-повар Ірына Яўгеньеўна Семяняка. – Яно максімальна набліжана да дамашняга. Гатуем для рабят самыя розныя стравы. Але асаблівай папулярнасцю карыстаюцца аладкі: як дражджавыя, так і з бульбачкі. Вось і сёння вечарам, напрыклад, мы прапануем бульбяныя аладкі з фаршам.
Ірына Яўгеньеўна працуе ў лагеры ўжо другую змену. І разам са сваімі памочнікамі стараецца карысна і смачна накарміць дзяцей і дарослых. А яны ўжо даўно гэта ацанілі, таму ў адрас адмысловага повара пастаянна гучаць словы падзякі і захаплення за смачныя стравы. А Ірына Яўгеньеўна задаволена ўсміхаецца: рада, што пасля яды посуд застаецца практычна пустым. Дарэчы, яе пастаяннае месца работы – Галавічпольскі дзіцячы сад-сярэдняя школа. Вось дык пашанцавала вучням і педагогам!
– Сёлета мы праводзім свайго роду эксперымент, – расказвае дырэктар лагера Сяргей Сяргеевіч Бадылеўскі. – На абед старэйшым дзецям прапануюцца варыянты з дзвюх страў. Напрыклад, хтосьці закажа гуляш са свініны, а хтосьці аддасць перавагу адварному мясу. Напярэдадні рабяты выказваюць свае пажаданні і повар выконвае заказ. Акрамя гэтага, уведзены элементы шведскага стала. На кожны стол падчас абеду ставяцца супніцы і дзеці могуць самі наліць сабе супу столькі, колькі змогуць з’есці. Так адбываецца і з сокамі, кампотам. Дарэчы, сёлета для арганізацыі харчавання дзяцей быў набыты новы посуд. Усё стыльнае і прыгожае, таму і харчавацца вельмі прыемна. Усім вельмі падабаецца.
У вокамгненне знікалі з талерак рабят салата “Зара”, суп бульбяны з рыбнымі фрыкадэлькамі, біточкі па-беларуску і плоў. Менавіта такі абед быў прапанаваны рабятам у дзень нашага прыезду.
– Дзеці атрымліваюць пяціразовае разнастайнае харчаванне, – гаворыць дыетсястра Алена Іванаўна Бахар, якая таксама працуе другую змену разам з Ірынай Яўгеньеўнай. – Рыба, курыца, мяса, садавіна, гародніна, ёгурты, кефір, сокі, кісялі, выпечка і многае іншае – у рацыён уключана ўсё магчымае, каб харчаванне было збалансаваным і карысным. Акрамя таго, кожны дзень рабяты ўжываюць вітаміны.
Па ўсім відаць, задаволены харчаваннем і дзеці.
– Кормяць нас вельмі смачна, – гаворыць Марына Блавацкая. – І мерапрыемствы праводзяцца вельмі цікавыя. Мы тут адпычываем разам з братам. А ўвогуле ў “Касмадром” я прыехала ўжо восьмы раз. Мне тут усё падабаецца, асабліва конкурсы Містар і Міс лагера.
А вось Сяргей Шкулепа аддае перавагу спартыўным мерапрыемствам.
– Люблю футбол, валейбол, баскетбол, – расказвае юнак. – Прымаю ўдзел у розных конкурсах, акцыях – увогуле, стараюся ўдзельнічаць у многіх мерапрыемствах. Адпачынак падабаецца. Харчаванне смачнае і разнастайнае. Здорава, што можна на абед выбраць тое, што любіш.
…Пасля сытнага абеду дзеці накіраваліся на адпачынак. Напэўна, пасля завяршэння змены многія будуць сумаваць па смачных блінчыках і аладках Ірыны Яўгеньеўны.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.