Бібліятэкі Гродзеншчыны атрымалі пяць дыпломаў на рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»
Сімвалічна, што цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» заўсёды праходзіць у Дзень беларускага пісьменства. Гэты конкурс штогод ладзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай.
Першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Уладзіміраўна Карчэўская павіншавала ўсіх пераможцаў конкурсу, які сёлета праходзіць у 27 раз.
-- За доўгія гады свайго існавання гэты конкурс не губляе сваёй актуальнасці, -- падкрэсліла Наталля Уладзіміраўна. – Пра гэта сведчыць тая вялікая колькасць работ, якія штогод прадстаўляецца на суд журы. Сёлета ў конкурсе прымалі ўдзел 38 публічных бібліятэк. Мы разглядалі работы ў чатырох намінацыях. Прыйшлося вельмі складана, таму што ўсе работы змястоўныя і добра аформленыя. І гэта сведчыць пра тое, што бібліятэка сапраўды з’яўляецца цэнтрам духоўнай культуры. Шчыра дзякую слонімскай зямлі за гасціннасць, а ўсім работнікам бібліятэк -- за талент і прафесіяналізм.
Бібліятэкі Гродзеншчыны атрымалі пяць дыпломаў і дзве заахвочвальныя прэміі.
У намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы» дыплом першай ступені атрымала сельская бібліятэка аграгарадка Мураваная Ашмянка дзяржаўнай установы культуры «Ашмянская раённая бібліятэка». Дыплом другой ступені ў гэтай жа намінацыі быў уручаны бібліятэцы-філіялу №3 дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна”.
Дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “За пошукавую і даследчую работу” была адзначана дзяржаўная ўстанова культуры “Астравецкая раённая бібліятэка”.
Дыплом другой ступені ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” атрымала Раклевіцкая сельская бібліятэка – цэнтр традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы культуры “Дзятлаўская раённая бібліятэка”, а трэцяй ступені – Іўеўская дзіцячая бібліятэка – філіял дзяржаўнай установы культуры “Іўеўская раённая бібліятэка”.
Традыцыйна ў Дзень беларускага пісьменства адбываецца перадача кніг бібліятэцы і іншым установам у рамках рэспубліканскай акцыі “Чытанне – прастора інфармацыі і ведаў”. На гэты раз намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Васільеўна Кузьмініч перадала 150 выданняў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Я. Коласа, 105 выданняў атрымаў Слонімскі медыцынскі каледж і 100 выданняў папоўняць фонд бібліятэкі СШ №3 г. Слоніма.
Цудоўным падарункам для ўдзельнікаў урачыстасці сталі музычныя нумары ў выкананні беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.