Бесперабойная энергія – іх заслуга. Напярэдадні Дня энергетыка даведаліся, чым сёння жыве Шчучынскі РЭС

Напярэдадні Дня энергетыка мы вырашылі даведацца, чым сёння жыве Шчучынскі раён электрычных сетак філіяла “Гродзенскія электрычныя сеткі РУП “Гроднаэнерга”. У курс спраў нас увёў начальнік вытворча-тэхнічнай групы РЭС Дзмітрый Варлухін.
Прайшоў роўна год, як Дзмітрый заняў кіраўнічую пасаду, да гэтага ён працаваў майстрам вытворчага ўчастка, а пачынаў кар’еру электраманцёрам. У 2007 годзе ён уладкаваўся ў РЭС пасля службы ў войску.
– Сам я са Шчучына, таму прымаўка “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” пра мяне, – кажа Дзмітрый Варлухін. – Ужо год прайшоў, як я стаў начальнікам ВТГ. На новай пасадзе заўсёды трэба абабіцца, прызвычаіцца. З гэтым праблем не было, бо ў нашым калектыве прынята падтрымліваць адзін аднаго. Таму я заўсёды мог разлічваць на дапамогу калег. Зараз у мае абавязкі ўваходзіць забеспячэнне ўзаемадзеяння розных падраздзяленняў РЭС, выбар аб’ектаў для рэканструкцыі, лагістыка і планаванне, а таксама работа з насельніцтвам па выдачы тэхнічных умоў і падключэнні абанентаў.
Па словах Дзмітрыя Варлухіна, быць начальнікам дапамагае досвед, які ён напрацаваў, прайшоўшы кар’еру энергетыка з нізоў.
– Усё сам рабіў рукамі, выконваў планы, таму зараз на кіраўнічай пасадзе адчуваю сябе ўпэўнена. Добра ведаю справу знутры і разумею нюансы дзейнасці сваіх падначаленых. Да таго ж даўно знаёмы з рабочым калектывам.
У 2019 годзе брыгада тады яшчэ майстра Дзмітрыя Варлухіна станавілася пераможцай рэспубліканскіх прафесійных спаборніцтваў і абараняла гонар краіны на турніры краін СНД у Казахстане, дзе заняла першае месца. Абслугоўванне электрычных сетак, методыка тушэння пажару, выратаванне і рэанімацыя пацярпелых, і многія іншыя навыкі прайшлі тады праверку. Шчучынскія энергетыкі рэгулярна даказваюць сваё майстэрства на розных спаборніцтвах і конкурсах, таму па праве лічацца аднымі з лепшых па сваёй прафесіі ў нашай краіне.
– Поспеху дасягаем дзякуючы некалькім складнікам – гэта досвед, упартасць і імкненне да развіцця, – расказвае Дзмітрый Варлухін. – База нашых ведаў і практычных напрацовак з кожным годам толькі павялічваецца, што спрыяе развіццю работнікаў Шчучынскага РЭС. Зараз шырока ўкараняем правядзенне работ пад напружаннем без адключэння на лініях да 1000 вольт, на сёння маем тры брыгады, якія прайшлі навучанне па гэтай тэхналогіі. Акрамя таго, адна з нашых брыгад прайшла ў Расійскай Федэрацыі навучанне па рабоце пад напружаннем на лініях да 10 кілавольт. Высакавольтныя работы такога плана могуць выконваць усяго некалькі брыгад у нашай краіне, сярод іх і шчучынская. Ад таго нашы энергетыкі з’яўляюцца запатрабаванымі спецыялістамі. Напрыклад, сёлета мы добра падрыхтаваліся да асенне-зімовага перыяду, калі тры нашы брыгады ездзілі дапамагаць выпраўляць наступствы стыхіі калегам з Гомельскай вобласці.
Што тычыцца глабальных задач, то запланаваныя Шчучынскім РЭС работы на гэты год паспяхова выкананы. Так, пасля капітальнага рамонту было ўведзена ў эксплуатацыю 92 кіламетры ліній электраперадач 10 кілавольт і 102 кіламетры ліній 0,4 кілавольт. Акрамя таго, сёлета шчучынскія энергетыкі правялі рамонт 59 падстанцый, сумесна з лясгасам расчысцілі 43 кіламетры просек.
– Сёлета важнай падзеяй для нас стаў запуск у Шчучыне новай падстанцыі на 110 кілавольт. Новае абсталяванне на ёй дазваляе забяспечыць высокую аўтаматызацыю працэсаў і павялічвае бяспеку нашых супрацоўнікаў. Акрамя таго, падстанцыя ажыццяўляе сувязь энергасістэм розных раёнаў нашай вобласці, таму гэта надзвычай важны аб’ект. Таксама ў 2024 годзе завяршылася рэканструкцыя базы РЭС.
Разам з тым, у Шчучынскім РЭС пастаянна праводзіцца абнаўленне аўтапарка. Сёлета былі закуплены паўнапрывадныя аўтамабілі высокай праходнасці “Волат” і трактар з маніпулятарам, які выконвае функцыі бура, пад’ёмніка і вышкі. Па словах Дзмітрыя, паляпшэнне матэрыяльнай базы, укараненне новых тэхналогій і павышэнне прафесіяналізму работнікаў – гэта тэндэнцыі, якія заахвочваюцца ва ўсіх падраздзяленнях РУП “Гроднаэнерга”, і нашы энергетыкі стараюцца быць у авангардзе гэтых сучасных тэхналагічных працэсаў.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць работнікаў і ветэранаў энергетычнай галіны з прафесійным святам. Дзякуем вам за сумленную працу, адказнае стаўленне да сваёй справы і прафесіяналізм. Жадаем поспехаў у працы, невычарпальнай энергіі і моцнага здароўя вам і вашым блізкім.