Азбука фінансавай граматнасці ад “Беларусбанка”. Сёння шчучынскія школьнікі і гімназісты падчас экскурсіі атрымалі новыя карысныя веды

-- Зараз у нашай краіне праходзіць тыдзень фінансавай граматнасці для моладзі і дзяцей. Вось і нарадзілася ў нас ідэя арганізаваць для старшакласнікаў шэраг экскурсій у знакаміты банк са 100-гадовай гісторыяй! – распавядае першы сакратар Шчучынскага райкама БРСМ Віталія Селівончык. – Нас у гэтым падтрымаў аддзел адукацыі. А супрацоўнікі шчучынскага цэнтра банкаўскіх паслуг № 424 увогуле заўжды рады бачыць у сваім прыгожым будынку ўсіх зацікаўленых.

 

І вось сёння пасля заняткаў старшакласнікі другой і трэцяй гарадскіх школ, гімназісты і іх выкладчыкі з цікаўнасцю прыйшлі на экскурсію. Іх добразычліва сустрэлі намеснік дырэктара фінансавай установы Галіна Волкава і ўпраўляючая аперацыйнай службы Алена Чарняўская.

 

 

Як навучыцца правільна і з выгадаю для сябе распараджацца грашыма, якую плацёжную картку належыць аформіць школьніку, якімі банкаўскімі паслугамі можна скарыстацца ў аддзяленнях ААТ “АСБ Беларусбанк” – пра гэта і многае іншае спецыялісты расказвалі даступна і кампетэнтна. Моладзь брала да ўвагі надзвычай карысную для сябе інфармацыю. Напрыклад, на вельмі спрыяльных умовах у “Беларусбанку” можна ўзяць крэдыт на аплату навучання, прычым, да канца вучобы выплачваеш толькі працэнты па пазыцы, а астатнюю суму -- тады, калі ўчарашні студэнт прыступіць да працы і, што называецца, пойдзе на свой хлеб.

 

 

Галіна Францаўна і Алена Іванаўна папярэдзілі школьнікаў, што непаўналетнія па заканадаўстве не маюць права абменьваць валюту. Быў выпадак, калі за такі ўчынак прыйшлося адказваць бацькам “малалетняга дзялка”. А вось размясціць уласны грашовы ўклад у банку рабяты могуць з 14 год! Дарэчы, гэта куды мэтазгодней, чым збіраць рублі ў скарбонку, бо ў банку ваша сума прырасце працэнтамі. Юнакоў і дзяўчат банкаўскія работнікі на поўным сур’ёзе папярэдзілі аб… кібермахлярах, якія апошнім часам праз вайбер усялякімі хітрыкамі выведваюць канфідэнцыяльную інфармацыю, змешчаную на картачцы, пасля чаго грошы з яе бясследна знікаюць. Адзін з нядаўніх выпадкаў, калі ўнук-школьнік старанна прадыктаваў спрытнюгам усе лічбы з бабулінай карткі, бо яму паабяцалі супер-выйгрыш.

 

 

-- Менавіта фінансавая граматнасць дапаможа вам пазбегнуць непажаданых сітуацый, навучыць правільна абыходзіцца з грашыма, зацікавіцца эканомікай і бізнесам, іншымі напрамкамі, навучыць эканоміць ваш час і рэсурсы, --  запэўнілі прафесіяналы.

 

Юных экскурсантаў правялі па кліенцкай зале і рабочых месцах супрацоўнікаў, паказалі, як дзейнічае дыстанцыйнае банкаўскае абслугоўванне, адказалі на пытанні.

 

 

-- Мы і раней задумваліся аб прафесіі фінансіста, а пасля гэткага цікавага знаёмства з “Беларусбанкам” і яго работнікамі, жаданне толькі ўмацавалася, -- падзяліліся сваімі ўражаннямі дзесяцікласніцы-сяброўкі Дар’я Кірэня і Дзіяна Камінская. – Новыя веды вельмі спатрэбяцца ў жыцці кожнаму з нас.

 

Напрыканцы сустрэчы тым рабятам, у каго ёсць малодшыя брацікі і сястрычкі, Г.Ф. Волкава ўручыла цудоўную пазнавальную кнігу Уладзіміра Ліпскага “Грошык і таямнічы кошык”, якая была перавыдадзена акурат да 100-годдзя “Беларусбанка” і дзе ўтрымліваецца, ну, проста ўнікальная інфармацыя па гісторыі і фінансах.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!