Атрымаць вадзіцельскае пасведчанне можна і ў ліцэі – яшчэ ёсць месцы, каб стаць навучэнцам
Амаль 80 навучэнцаў-першакурснікаў сёлета пачнуць спасцігаць азы будучай прафесіі ў Шчучынскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі.
– Мы рыхтуем ліцэістаў па спецыяльнасцях, найбольш запатрабаваных у сельгаспрадпрыемствах у першую чаргу нашага раёна, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Вайцех Аляксей. – Гэта дае магчымасць працаўладкаваць усіх нашых выпускнікоў. За тры гады навучання яны атрымліваюць па тры спецыяльнасці. Для выпускнікоў базавай школы навучанне вядзецца па двух накірунках. Першы – навучэнцы атрымліваюць наступныя спецыяльнасці: “тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” (трактарыст-машыніст катэгорыі “А”, “В”), “тэхналогія зварачных работ” (электразваршчык ручной зваркі 3-га разраду) – яе навучэнцы спасцігаюць у працэсе вучобы пасля практыкі на другім курсе, і “эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў (вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”). Па другім накірунку ліцэісты выбіраюць спецыяльнасць “тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання” і атрымліваюць прафесіі: электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, слесар па рамонце аўтамабіляў 3-га разраду і вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”. У групу трактарыстаў ужо набрана 27 чалавек, а ў групу электрыкаў – 25 навучэнцаў.
Навучэнцамі ліцэя становяцца і выпускнікі-адзінаццацікласнікі. Яны атрымліваюць прафесію электраманцёра 3-га разраду і вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі “С”.
– На сённяшні дзень у гэту групу набрана 20 чалавек, і мы пакуль маем магчымасць залічыць яшчэ пяць выпускнікоў сярэдняй школы для поўнага ўкамплектавання, – гаворыць Вайцех Антонавіч. – Гэта выдатная магчымасць для таго, хто планаваў, але не паступіў у ВНУ, каб год не прапаў дарма. Вялікі плюс – магчымасць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне.
Ганна РУДСКАЯ.