“Асядлаць” матацыкл і справіцца з “фурай”, а таксама навучыцца кіраваць легкавым і грузавым аўтамабілямі можна ў РАС ДТСААФ

Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту размяняла ўжо дзявяты дзясятак з дня свайго ўтварэння, аднак па-ранейшаму адыгрывае важную ролю ў жыцці грамадства. У раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ штогод паспяхова асвойваюць прафесію вадзіцеля каля 200 жыхароў Шчучыншчыны. А сёлета ўпершыню, акрамя катэгорый “B”, “C” і “E”, тут можна атрымаць і катэгорыю “А”. Магчымасцю навучыцца кіраваць матацыклам ужо скарысталіся шэсць чалавек.


– Летась наша арганізацыя набыла новенькі 150-кубовы матацыкл “ЗіД”. Стала магчымым арганізаваць спецыяльныя вадзіцельскія курсы, на якіх вучым усіх жадаючых кіраваць двухколым “жалезным канём”, – гаворыць старшыня РАС ДТСААФ Павел Васільевіч Галечын. – Калі ў вас ёсць вадзіцельскія пасведчанні катэгорый “В” ці “С”, то перападрыхтоўка на катэгорыю “А” зойме ўсяго месяц і будзе складацца з аднаго ўводнага і 19 практычных заняткаў, падчас якіх вы адточыце асноўныя навыкі кіравання матацыклам на нашым аўтапалігоне і навучыцеся паспяхова пераадольваць розныя складаныя элементы, такія, як “змейка”, “васьмёрка”, “паскарэнне” і іншыя. Каштуе гэта паслуга 209 рублёў, уключаючы паліва. Зараз мы якраз набіраем мотааматараў у матацыклетную групу.


А вось жадаючых асвоіць легкавы аўтамабіль заўсёды шмат. На сённяшні дзень у раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ на катэгорыю “В” вучацца 30 аўтааматараў узростам ад 18 да 67 гадоў. Іх падрыхтоўкай займаюцца выкладчыкі І катэгорыі Юрый Міхайлавіч Макаранкаў і Аляксандр Міхайлавіч Гудач, а з асновамі медыцыны будучых вадзіцеляў знаёміць Марына Уладзіміраўна Вількевіч.
– У вучэбных класах усталяваны сучасныя электронныя стэнды з падсветкай, таксама можна дэталёва пазнаёміцца і з устройствам найбольш важных вузлоў аўтамабіля, – зазначае вопытны выкладчык Юрый Міхайлавіч Макаранкаў. – Рашаем “білеты” і здаём залікі выключна на камп’ютарах, на якіх устаноўлены адпаведныя праграмы – тыя ж самыя, якія выкарыстоўваюцца падчас заключнага экзамену ў ДАІ. 
Атрыманыя тэарэтычныя веды будучыя вадзіцелі “абкатваюць” на практыцы разам з майстрамі вытворчага навучання кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі Міхаілам Аляксеевічам Кірычком, Аляксандрам Яўгеньевічам Ліпскім, Дзмітрыем Іванавічам Жолікам і Дзмітрыем Станіслававічам Мінько. Усе яны ў снежні мінулага года прайшлі пераатэстацыю ў цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў імя Д.М. Карбышава ў Брэсце.


– Практычныя навыкі нашы “курсанты” адточваюць на машынах Daewoo Nexia і Daewoo Matiz, а таксама на новенькім Volkswagen Polo, які наша арганізацыя набыла летась, – дзеліцца Павел Васільевіч Галечын. – Пасля праходжання трохмесячных курсаў падрыхтоўкі яны будуць здаваць на права кіравання легкавым аўтамабілем у Лідскім або Гродзенскім аддзяленні ДАІ.
Вялікай папулярнасцю ў раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ карыстаецца перападрыхтоўка вадзіцеляў з катэгорыі “С” на “Е”. Зараз кіраваць аўтапоездам вучацца 26 чалавек. Пасля паспяховай здачы экзаменаў яны змогуць вадзіць не толькі “фуры”, але і легкавыя аўтамабілі з прычэпамі грузапад’ёмнасцю звыш 750 кілаграмаў. 
– Акрамя падрыхтоўкі вадзіцеляў, мы займаемся патрыятычным выхаваннем моладзі, – працягвае П.В. Галечын. – Падтрымліваем цесныя сувязі з праваслаўным ваенна-патрыятычным клубам “Дружына”, дапамагаем шчучынскім авіямадэлістам у рэалізацыі іх амбіцыйных планаў, удзельнічаем у арганізацыі розных спартыўных спаборніцтваў, такіх, як “Мама, папа, я – спартыўная сям’я”, “Снежны снайпер”, конкурс “Аўталэдзі” і іншыя. Адным словам, актыўна ўдзельнічаем у грамадскім жыцці раёна і працягваем упэўнена развівацца!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!