Астрына пад знакам Цёткі

 

Астрыншчына – радзіма Цёткі. Традыцыйна летам тут ладзіцца свята, прымеркаванае да дня нараджэння Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч.

 

Свята паэзіі “Мы падхапілі тваю песню!” прайшло цікава і запамінальна. На імправізаванай сцэне красаваліся партрэт Цёткі, выстава яе кніг і кніг пра яе, фотаблок пра музей, лірычны куток... Работнікі Дома культуры Ірына Шандроха, Валянціна Салуніна, Наталля Лукіна і Марына Мадаян вялі гутарку з паэткай. Пранікнёна і кранальна гучаць іх галасы і, здаецца, сама Цётка ўважліва слухалі астрынчан. І глядач адразу адгукнуўся!

 

 

Да літаратурнай гутаркі далучыліся і бібліятэкары Святлана Ушкевіч і Ірына Лістратава. У госці завітаў і Рычард Бялячыц, арганізатар і натхняльнік паэтычнага салона ў ДУА “Шчучынскі Палац творчасці дзяцей і моладзі”. Паэт распавёў аб салоне, пачытаў вершы тых, хто супрацоўнічае з ім і свае творы, а затым пазнаёміў з удзельнікамі паэтычнага салона Марынай Радзівон і Іванам Ляўковічам. І зноў гучалі вершы і песні. Асабліва кранулі гледачоў вершы пра маму. Да выступлення Івана Ляўковіча ўсе аднесліся з асаблівай увагай і павагай да яго сілы духу і стаўленню да жыцця.

 

 

Свае творчы прачытала астрынчанка Таццяна Чарняк і гаспадыня адзінага музея Цёткі ў Беларусі Ала Балобан. Не абышлося без конкурсаў. Сярод удзельнікаў былі нават тыя рабяты, якія прыехалі на канікулы з розных гарадоў Беларусі. Усе ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы, а вось “самага-самага” выбіралі гледачы. На іх думку, лепш за ўсіх чытала вершы нашай зямлячкі Карына Ятсунінская з Мінска.

 

 

У той дзень астрынчане ўсклалі кветкі да помніка Цёткі, а далей быў канцэрт! Вясёлыя і меладычныя песні захапілі ўсіх. Абыякавых не было! Скончыўлася свята вершаваным зваротам работнікаў ДК і ТТ да Алаізы Пашкевіч, з абяцаннем не забываць пра яе, і экскурсіяй у музей. У наступным годзе юбілей паэткі – 145 гадоў з Дня яе нараджэння. Культработнікі ўжо пачынаюць збіраць цікавыя ідэі – далучайцеся!

 

Ганна СЦЯПАНЧАНКА,
бібліятэкар Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!