Як Леся Украінка да нашай Цёткі “прыйшла” на юбілей. У раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі “Акрыленыя родным словам”
Шырока і ўрачыста адзначаецца на Шчучыншчыне 145-годдзе з дня нараджэння слаўнай дачкі беларускага народа Алаізы Пашкевіч – нашай знакамітай зямлячкі Цёткі. Знакавым мерапрыемствам у насычанай мазаіцы падзей тэматычнага тыдня стала ўрачыстасць у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі, на якую з’ехалася багата гасцей. Сярод іх – першы сакратар Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Іван Башняк, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Саверчанка, прафесар БДУ, доктар філалагічных навук, пісьменнік Вячаслаў Рагойша, іншыя навукоўцы, выдаўцы, журналісты, настаўнікі, празаікі і паэты.
Намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта і першы сакратар Пасольства Украіны ў Беларусі Іван Башняк расказалі, як нарадзілася ідэя гэтай кнігі, якая інтэлектуальная і энергічная каманда над ёй працавала, а Выдавецкі дом “Звязда” літаральна ў гэтыя дні выпусціў прыгожую кнігу накладам у 1 тысячу асобнікаў. Тут пад адной вокладкай сустрэліся дзве духоўныя сястры – вялікія жанчыны, таленавітыя паэткі, сапраўдныя барацьбіткі за лепшую долю простых людзей – Цётка і Леся Украінка.
Усімі прамоўцамі, што актыўна бралі слова і дзяліліся сваім багатым досведам аб жыцці Алаізы Пашкевіч і Ларысы Косач-Кветкі, падкрэслівалася, што новая кніга яшчэ адзін значны крок на шляху ўмацавання і развіцця культуры і духоўнага адзінства братніх народаў, бо беларусаў і ўкраінцаў цесна звязвае агульная гісторыя. Гэта бачна і на прыкладзе лёсаў і творчасці двух жанчын-патрыётак.
Дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша захоплена расказаў аб тых рарытэтах, якія прыехалі ў Шчучынскую бібліятэку з Мінска. Створаная да юбілею Цёткі экспазіцыя “Кніжныя скарбы” выклікала, што называецца, маленькую сенсацыю.
Далей урачыстасць перанеслася на пляцоўку перад скульптурай Алаізы Пашкевіч ля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут гучалі словы ўдзячнасці “вялікай будзіцельніцы”, самай вядомай жанчыне беларускага адраджэння мінулага стагоддзя, а сучасныя паэты чыталі ёй свае натхнёныя радкі. Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў Людміла Кебіч, дзіцячая пісьменніца і наша зямлячка Ганна Скаржынская-Савіцкая, шчучынская мастачка і паэтка Галіна Бяляўская і многія іншыя творчыя людзі цікава расказвалі аб уласным успрыманні творчасці Цёткі, аб тым, як нараджаліся творы, прысвечаныя знакамітай Пашкевічанцы.
На музычна-паэтычнай імпрэзе “Яе жыццё – жывое слова” намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта ўручыла прызы і дыпломы пераможцам інтэрнет-конкурсу чытальнікаў твораў юбіляркі. З 34-х удзельнікаў конкурсу лепшымі чытальнікамі журы прызнала Аляксандру Смаленскую з СШ №1 г. Шчучына і Ілону Фірыновіч з Астрынскай СШ імя Цёткі.
Менавіта ў гарадскі пасёлак Астрына і перанеслася далей свята. Тут госці маглі ацаніць выступленні юных артыстаў, што ў песнях, танцах, паэтычных радках так пераканаўча здолелі перадаць каларыт “Цёткінскай эпохі”. А затым юныя экскурсаводы разам з кіраўніком Алай Балобан запрасілі ўсіх у свой унікальны – адзіны ў Беларусі! – народны музей Цёткі. Прафесар Вячаслаў Рагойша перадаў у дар музею рэдкія кнігі.
Затым дэлегацыя накіравалася на малую радзіму Алаізы Пашкевіч – у Стары Двор, дзе ля вясковага гасцінца, як і завяшчала калісь, пахавана пяснярка, каб пакланіцца яе магіле, ускласці кветкі і сказаць: “Твае мары, Цётка, збыліся. Мы жывём у суверэннай Беларусі, мы даём добрую адукацыю дзеткам беларусаў, мы шануем родную мову і духоўную спадчыну. І заўжды будзем памятаць цябе, Алаіза…”
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.