Акцэнт на ўборцы валяр’яну. У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” пачалі збіраць ураджай запатрабаванай лекавай культуры
На гэтым тыдні пачаўся збор кораня валяр’яну ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава”. Цікава, што гэта адзінае дзяржаўнае прадпрыемства ў нашай краіне, якое спецыялізуецца на вырошчванні лекавых раслін. Са спецыфікай вырошчвання і ўборкі такой незвычайнай культуры, як валяр’ян, нас пазнаёміў галоўны аграном гаспадаркі Яўгеній Каціла.
– Тэхналогія вырошчвання валяр’яну наступная: у сакавіку пачынаецца падрыхтоўка расады, для гэтага яшчэ годам раней сеюцца спецыяльныя расаднікі, – расказвае Яўгеній – Далей тэхналогія нагадвае ўмовы вырошчвання бульбы: рыхтуецца глеба, уносяцца мінеральныя ўгнаенні, затым на зямлі наразаюцца грабяні і расліна ўручную высаджваецца.
Пасля ўборкі корань валяр’яну дастаўляецца на мыйню, дзе абмываецца, раскладваецца роўным слоем на спецыяльнай пляцоўцы, дробіцца і дастаўляецца на сушылку, а пасля сушкі фасуецца на продаж.
– Плошча пасадкі валяр’яну ў гэтым годзе, як і ў мінулым, складае 5 гектараў, – паведамляе Яўгеній Каціла – Гэты паказчык трымаецца на такім узроўні стабільна ўжо 7 гадоў. Сёлета мы разлічваем, што ў першапачатковай прыходнай вазе мы збяром каля 70 тон валяр’яну, пасля сушкі гэта будзе 14-15 тон падрыхтаванай для рэалізацыі сыравіны.
На корань валяр’яну ёсць добры попыт, ён ніколі на складах не затрымліваецца і пасля сушкі ў найбліжэйшы час рэалізуецца. Культура дастаткова рэнтабельная і з’яўляецца адной з самых дарагіх з тых, якія вырошчваюцца ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава”.
Асноўным пакупніком валяр’яну ў гаспадаркі з’яўляецца “Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў”. У мінулым годзе завод закупіў 10 тон кораня валяр’яну. Яшчэ 4 тоны саўгас “Вялікае Мажэйкава” рэалізаваў дробным прыватным прадпрыемствам.
Сёлета ў гаспадарцы плануюць сабраць увесь ураджай валяр’яну да 15 лістапада. Для таго, каб паспець у адведзеныя тэрміны сабраць ураджай лекавай культуры, Шчучынскім райвыканкамам было прынята рашэнне дапамагчы саўгасу “Вялікае Мажэйкава”. Пра гэта нам расказала начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Шчучынскага райвыканкама Алена Куканава:
– Штогод прадпрыемствы і арганізацыі Шчучына аказваюць дапамогу сельгаспрадпрыемствам нашага раёна. Звычайна гэта ўборка яблыкаў і гародніны. Сёлета да нас звярнуўся па дапамогу дырэктар саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Каляда. У сваю чаргу мы звязаліся з арганізацыямі і прадпрыемствамі горада, якія і пагадзіліся дапамагчы. За два тыдні плануем задзейнічаць ва ўборцы валяр’яну каля 250 чалавек. Дапамога гаспадарцы будзе ажыццяўляцца, пакуль увесь ураджай не будзе сабраны.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.