Акцэнт на санітарна-эпідэміалагічныя ўмовы. У рамках месячніка бяспекі працы маніторынгавая камісія завітала ў СПУ “Пратасаўшчына”

 

У перыяд правядзення асенне-палявых работ асобая ўвага павінна надавацца ўмовам працы аграрыяў. Таму з 7 верасня па 7 кастрычніка ў нашай вобласці праводзіцца месячнік бяспекі працы. Яго мэта – павышэнне адказнасці службовых асоб і работнікаў арганізацый аграпрамысловага комплексу за забеспячэнне бяспечных умоў працы і санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту.

 

Нядаўна ў рамках гэтага месячніка ў СПУ “Пратасаў-шчына” з праверкай завітала камісія Шчучынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў складзе ўрача-гігіеніста Наталлі Таўсцюк і памочніка ўрача-гігіеніста Дар’і Трахімовіч.

 

 

Падчас маніторынгу пад увагу спецыялістаў трапілі розныя аспекты ўмоў працы аграрыяў. Гігіеністы праверылі, як падтрымліваецца парадак у вытворчых і бытавых памяшканнях, на прылеглых тэрыторыях. Выкананне правілаў асабістай гігіены на сельскагаспадарчых аб’ектах, наяўнасць мыючых і дэзынфікуючых сродкаў, функцыянаванне душавых памяшканняў і ўмывальнікаў – усё гэта прасачыла маніторынгавая група.

 

 

Асобная ўвага камісіі была звернута на забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы, спецвопраткай, асабліва гэта тычылася працаўнікоў, якія задзейнічаны пры правядзенні масавых палявых работ і пратручванні. Таксама супрацоўнікі Шчучынскага занальнага ЦГЭ далі практычныя парады па мыццю спецвопраткі, якое мусіць быць цэнтралізаваным і рэгулярным.

 

 

Вынікі праверкі ў СПУ “Пратасаўшчына” падвяла Наталля Таўсцюк:

 

– Пасля ацэнкі санітарнага стану аб’ектаў СПУ “Пратасаўшчына” мы прыйшлі да высновы, што сітуацыя ў гаспадарцы нармальная. Аднак ёсць шэраг пытанняў бягучага характару, якія неабходна вырашыць. Яны не маштабныя і разабрацца з імі можна за два ці тры тыдні. Па выніках маніторынгу мы накіруем у гаспадарку рэкамендацыі па вырашэнні існуючых недахопаў. Праз некаторы час мы пракантралюем выкананне нашых рэкамендацый.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!