Пайшоў на работу – вярніся здаровым. Работнікі МПМК-167 прынялі ўдзел у сур’ёзнай размове пра бяспеку працы, якая адбылася ў рамках абласнога Дня аховы працы
Быць у адказе за ўласную бяспеку – галоўнае правіла для ўсіх, хто штодзень распачынае свой рабочы дзень. І каб яно працавала, ад чалавека не патрабуецца нейкіх празмерных высілкаў. Дастаткова захоўваць працоўную і вытворчую дысцыпліну, адказна ставіцца да жыццезберагальных мерапрыемстваў, якія мы называем аховай працы і тэхнікай бяспекі.
Пра гэта гаварылі сёння начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі, пракурор раёна А.У. Дзямідаў і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук падчас сустрэчы, якая адбылася на вытворчай базе Шчучынскай МПМК-167 і праходзіла ў рамках абласнога Дня аховы працы. Тэма гэтага дня – “Забеспячэнне патрабаванняў бяспекі па эксплуатацыі транспартных сродкаў, механізмаў, абсталявання, інструменту” – была вельмі блізкая аўдыторыі. Людзі, якія сядаюць за руль аўтамабіля ці трактара, бяруць у рукі інструмент, каб выправіць няспраўнасць, і, здараецца, знаходзяцца ў зоне павышанай небяспекі, асабліва зацікаўлены вярнуцца дамоў здаровымі. Таму і слухалі дакладчыкаў уважліва і ўдумліва.
Андрэй Іванавіч Навіцкі, назваўшы тэму актуальнай, расказаў, што мінулым годзе на Гродзеншчыне ў выніку вытворчага траўматызму пацярпелі 108 чалавек, 20 чалавек загінулі. Сёлета – адпаведна 16 і 6. На тэрыторыі Шчучынскага раёна летась адбыліся тры няшчасныя выпадкі, у гэтым годзе – адзін. “Гэта статыстыка, але калі глянуць глыбей – пакалечаныя людскія лёсы, – падкрэсліў ён. – І не толькі лёсы пацярпелых, але і членаў іх сем’яў, і службовых асоб, бо па кожным факце з сур’ёзнымі наступствамі даецца прававая ацэнка ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове працы”.
А самая надзейная засцярога ад трагедый – павышанае пачуццё адказнасці за ўласную бяспеку. “Трэба, каб кожны работнік найперш сам сто разоў падумаў пра тыя наступствы, да якіх могуць прывесці парушэнні правілаў тэхнікі бяспекі і норм аховы працы”, – падкрэсліў А.І. Навіцкі. Каб не здарылася, што нехта грэе газавай гарэлкай гайку ці кола пад ціскам, або, не выключыўшы механізм, бярэцца за рамонт… Сярод не менш важных інструментаў бяспекі ён назваў выкарыстанне сродкаў аховы, якасны інструктаж, нецярпімасць да п’янства і парушэнняў, відавочцам якіх становішся.
Пракурор раёна Аляксандр Уладзіміравіч Дзямідаў акцэнтаваў увагу на асобных прававых аспектах, падкрэсліў важнасць ролі грамадскіх інспектараў па ахове працы: “І наймальнік павінен разумець, што гэта работа дзеля агульнай справы”. За актыўную пазіцыю грамадскіх інспектараў выказаўся і прафсаюзны лідар Юрый Тадэвушавіч Пашук, паставіўшы ў прыклад спецыяліста СВУ “Пратасаўшчына”.
Службовыя асобы таксама пабывалі ў вытворчых памяшканнях і далі ацэнку рабоце па арганізацыі бяспечных умоў працы для работнікаў.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.