Аграрыі СВУ “Пратасаўшчына” закончылі ўборку азімага рапсу

 

Усяго шэсць дзён спатрэбілася аграрыям СВУ “Пратасаўшчына”, каб убраць азімы рапс. З 300 гектараў, адведзеных у гаспадарцы пад гэтую алейную культуру, тут намалацілі звыш 1600 тон насення.

 

– Сёлета мы дабіліся рэкорднай ураджайнасці: з кожнага гектара ў сярэднім атрымалі 54,3 цэнтнера масланасення, што на 4,9 цэнтнера больш, чым летась, – з гонарам зазначае галоўны аграном СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Іванавіч Мінько. – Такіх высокіх вынікаў удалося дабіцца дзякуючы строгаму выкананню ўсіх тэхналогій. Мы своечасова правялі ростарэгуляцыю пасеваў і падкармілі іх вясной, правялі неабходныя інсектыцыдныя і фунгіцыдныя апрацоўкі. Таму і ўраджай сабралі багаты! Цалкам выканалі дзяржзаказ – здалі 210 тон. Астатнюю частку намалочанага масланасення ўжо ачысцілі, прасушылі і засыпалі ў засекі. У канцы жніўня запусцім сваю лінію па перапрацоўцы рапсу, праз якую яго і прагонім. Атрыманы жмых пойдзе на корм буйной рагатай жывёле, пагалоўе якой у гаспадарцы хутка дасягне 5700, а алей будзем рэалізоўваць. Як бачыце, рапс – культура вельмі рэнтабельная, калі падыходзіць да яе вырошчвання з розумам.

 

img_2210.jpg

 

Як толькі ў сельгаспрадпрыемстве быў абмалочаны апошні метр рапсавага поля, усе сем зернеўборачных камбайнаў тут пераключыліся на яравы ячмень. І ён таксама радуе ўраджайнасцю, якая перавышае 70 цэнтнераў з гектара. Аднак важна абмалаціць зерне своечасова, каб не дапусціць страт: колас пад цяжкасцю налітага зерня можа сагнуцца і адламацца ад сухога сцябла, а з зямлі яго ўжо ніякая тэхніка не падыме.
– Зерневыя ў нас займаюць плошчу 990 гектараў, – гаворыць Віктар Іванавіч Мінько. – Улічваючы нашы магутнасці, мы справімся з гэтым аб’ёмам за два тыдні. Галоўнае, каб нябесная канцылярыя не падкінула сюрпрызаў. Плануем дабіцца ўраджайнасці 80 цэнтнераў з гектара, і гледзячы на спелую хлебную ніву – гэта рэальна!

 

Паралельна ў СВУ “Пратасаўшчына” ідзе другі ўкос траў. На касавіцы паспяхова праходзіць абкатку навейшы кормаўборачны камбайн “Krone Big X”, які ў гаспадарцы набылі сёлета. Цуда-тэхніка падбірае і здрабняе за працоўную змену звыш 1000 (!) тон зялёнай масы, таму з лёгкасцю замяняе два падборшчыкі. На адвозцы задзейнічаны тры трактары з прычэпамі і два грузавікі.

 

 

– Першым укосам мы заклалі 13,5 тысячы сенажу, што складае 80% ад патрэбы, – падкрэслівае Віктар Іванавіч Мінько. – Зараз “катаем” люцэрну ў рулоны: так яна захоўвае ўсе карысныя рэчывы і выдатна спажываецца жывёлай. Усяго травы ў нас займаюць плошчу 1740 гектараў, на якіх плануем правесці тры ўкосы, а на люцэрне (270 гектараў) – усе чатыры.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!