Аграэкатурызм па новых правілах. Семінар-нарада для гаспадароў аграсядзіб прайшоў у райвыканкаме

У райвыканкаме прайшоў семінар-нарада для суб’ектаў аграэкатурызму. Арганізатарам выступіў сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама. Патрэба правесці мерапрыемства ўзнікла ў сувязі з тым, што з першага студзеня ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 кастрычніка 2022 года № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”.

 

Аб асноўных палажэннях новага ўказа ўдзельнікам семінара расказала старшы інспектар сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Алена Арабчык:

 

– Згодна з гэтым указам да першага ліпеня 2023 года ўсе дзейныя аграсядзібы павінны прайсці працэдуру перарэгістрацыі і атрымаць дазвол на ажыццяўленне сваёй дзейнасці ад камісіі па комплекснай ацэнцы. Указам быў прадстаўлены пералік паслуг, якія могуць аказваць сядзібы, таксама быў абноўлены і ўдасканалены тыпавы від дамовы, якая цяпер мусіць заключацца ў пісьмовай форме з усімі аграэкатурыстамі і тураператарамі. Калі раней праца аграсядзіб ажыццяўлялася па заяўным прынцыпе, то цяпер трэба атрымаць дазвол і адпавядаць устаноўленым патрабаванням.

 

 

Пра парадак адміністрацыйнай працэдуры па прыняцці рашэння аб дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму гаспадарам сядзіб расказала кіраўнік службы “Адно акно” Алена Шостак.

 

Звярнуў увагу прысутных на забеспячэнне грамадскага парадку на аб’ектах аграэкатурызму ўчастковы інспектар міліцыі аддзела ўнутраных спраў Шчучынскага райвыканкама Аляксей Чалянко.

 

Вялікая ўвага на семінары была нададзена новаўвядзенням у падатковае заканадаўства, а таксама пытанням пажарнай бяспекі, аховы прыроды і санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням у дачыненні да аграсядзіб.

 

 

Зацікаўленыя гаспадары аграсядзіб змаглі задаць пытанні спікерам, разам абмеркавалі актуальныя праблемы ў сферы аграэкатурызму. Вынікі мерапрыемства падвяла намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна:

 

– Безумоўна, новы ўказ накіраваны на ўдасканаленне работы аграсядзіб. Дзякуючы ўнармаванню іх дзейнасці атрымаецца палепшыць якасць паслуг, што ў сваю чаргу станоўча адаб’ецца на турыстычным патэнцыяле нашага раёна. Таксама пазітыўны эфект указа заключаецца ў тым, што ён непасрэдна паўплывае на бяспеку турыстаў і людзей, якія жывуць па суседстве з аграсядзібамі.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!