Аглядныя камісіі працуюць на прафілактыку. За 10 месяцаў гэтага года члены агляднай камісіі Астрынскага сельвыканкама наведалі больш за 1950 домаўладанняў

 

Сёлета на тэрыторыі Астрынскага сельсавета на пажарах загінулі чатыры чалавекі. Асноўнай прычынай гэтых трагедый стала ўжыванне спіртных напіткаў, а таксама безадказнасць людзей. “П’яная” цыгарэта не пакінула ніводнага шанца на жыццё…

 

Члены агляднай камісіі Астрынскага сельвыканкама прыкладваюць максімум намаганняў, каб забяспечыць бяспеку людзей. Нягледзячы ні на якія акалічнасці, кожны чацвер яны накіроўваюцца па зараней вызначаным маршруце. За дзесяць месяцаў гэтага года наведалі больш за 1950 домаўладанняў, пракантралявалі ўхіленне больш за сотню парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі. І сёння немагчыма падлічыць, колькі чалавечых жыццяў яны змаглі зберагчы.

 

Як звычайна, у мінулы чацвер перад выездам у населеныя пункты члены агляднай камісіі сабраліся ў кабінеце старшыні Астрынскага сельвыканкама Наталлі Лебядзевіч.

 

– У дамах жыхароў нашага сельсавета ўстаноўлена амаль 1800 пажарных апавяшчальнікаў, – нагадала Наталля Іванаўна. – Гэта самы надзейны спосаб паклапаціцца пра бяспеку людзей. Падчас наведвання домаўладанняў важна правяраць спраўнасць АПА, наяўнасць у іх батарэек і папярэджваць вяскоўцаў, каб яны правяралі тэрмін годнасці “Кроны”.

 

На гэты раз члены агляднай камісіі вырашылі працаваць у Астрыне. Каб ахапіць найбольшую колькасць домаўладанняў, падзяліліся на тры групы. Для кожнай з іх Наталля Іванаўна падрыхтавала спісы людзей, у якіх неабходна пабываць. Мы разам з інспектарам сельвыканкама, сакратаром агляднай камісіі Таццянай Новікавай і інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Шчучынскага РАНС Віталіем Панасевічам таксама накіраваліся па вызначаных адрасах.

 

Ніякіх заўваг, акрамя таго, што ў некаторых АПА трэба замяніць “Крону”, у членаў агляднай камісіі не ўзнікла пасля наведвання кватэр жанчын паважанага ўзросту Соф’і Іванаўны Якімовіч, Валянціны Юльянаўны Гардзейчык і Альфрэды Мікалаеўны Траяновіч. Печкі знаходзяцца ў належным стане, усе меры бяспекі падчас іх эксплуатацыі захоўваюцца.

 

А вось адзін з астрынчан, у якога не так даўно здарыўся пажар і згарэла веранда, атрымаў папярэджанне ад работніка Шчучынскага РАНС. Віталій Юр’евіч нагадаў гаспадару дома, што курыць у месцах для сну катэгарычна забаронена. І калі мужчына не прыслухаецца да настойлівых рэкамендацый прадстаўніка пажарнай службы, атрымае штраф. Дарэчы, і з пажарным апавяшчальнікам таксама ўзніклі пытанні: апавяшчальнік ёсць, але ён не працуе.

 

 

Завіталі члены агляднай камісіі і да Аляксандра Сямёнавіча Гардзея. Гаспадару дома ўжо 90, нядаўна не стала яго жонкі і цяпер жыве адзін. Дапамагае яму па доме сацыяльны работнік, прыязджаюць дзеці. Пакуль паціхеньку спраўляецца сам, і печку сам прапаліць. Пажарны апавяшчальнік устаноўлены і працуе.

 

Не абышлі стараною члены агляднай камісіі і асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Размаўлялі, стараліся пераканаць клапаціцца пра сваю бяспеку, не курыць у памяшканні. Дарэчы, па стане на 1 кастрычніка на ўліку ў сельвыканкаме знаходзяцца больш за 90 грамадзян працаздольнага ўзросту, схільных да злоўжывання спіртнымі напіткамі, 33 пенсіянеры – аматары спіртнога, якія пражываюць адны, шэсць адзінокіх грамадзян з той жа катэгорыі, 116 чалавек з хранічным алкагалізмам… Як не дапусціць самага страшнага, як уберагчы гэтых людзей ад непрыемнасцей – у сельвыканкаме для гэтага робіцца ўсё магчымае і нават больш, наладжана сістэма работы па пажарнай бяспецы з усім насельніцтвам.

 

– Сельвыканкам неаднаразова звяртаўся да суб’ектаў прафілактыкі з просьбамі аб прыняцці штрафных або прафілактычных мер да грамадзян, якія не выконваюць патрабаванні пажарнай бяспекі, – гаворыць Наталля Іванаўна. – Так, толькі па лініі Шчучынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях са студзеня па снежань у адносінах да жыхароў сельсавета складзены 22 пратаколы. 37 пісьмаў былі накіраваны працаздольным дзецям па ўхіленні парушэнняў пажарнай бяспекі, выяўленых у дамах іх бацькоў.

 

Уласная бяспека ў першую чаргу залежыць ад самога чалавека. Кожнаму пра гэта неабходна помніць пастаянна. А аматарам спіртнога, перад тым, як распіваць чарговую бутэльку, варта падумаць, ці не стане яна апошняй, разам з недакуранай цыгарэтай…

 

Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!