Адрас клопату – чалавек. Дэпутаты Васілішкаўскага сельскага Савета вызначылі прыярытэты ў сваёй рабоце

 

На расшыраную сесію Васілішкаўскага сельскага Савета сабраліся дэпутаты, прадстаўнікі органаў тэрытарыяльна-грамадскага самакіравання, кіраўнікі не толькі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, але і ўвогуле ўсіх ключавых службаў раёна. У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк і дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў па Астрынскай выбарчай акрузе, дырэктар КУП “Гроднааблкінавідэапракат” Юрый Аляксей, які, дарэчы, зямляк васілішкаўцаў і заўсёды стараецца жыць інтарэсамі сваёй малой радзімы.

 

Вось і на гэты раз Юрый Мар’янавіч прывёз узнагароду для паважанага ў рэгіёне чалавека – старшыні сельскага камітэта аграгарадка Васілішкі Яніны Антонаўны Сяргей і пад апладысменты ўручыў ёй Падзячны ліст Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

 

Старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Тамара Зубрыцкая ў сваім змястоўным дакладзе прааналізавала ход выканання комплекснага плана мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2020 годзе. Яна выказала словы ўдзячнасці кіраўнікам арганізацый за сумесную работу ў вырашэнні злабадзённых пытанняў, асабіста – дырэктару ААТ “Васілішкі” Уладзіміру Серахану за дзелавы і канструктыўны падыход у рэалізацыі сацыяльных праектаў і чулыя адносіны да людзей.

 

 

Адна з прыярытэтных тэм, якую зацікаўлена абмяркоўвалі на сесіі, – добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Усе разам прынялі рашэнне арганізаваць у Васілішках маштабны суботнік, паказаць прыклад у тым, што можна зрабіць талакою для роднай мясціны, дзе жывеш.

 

Са слайдаў на экране было бачна, як дагледжаны ў сельсавеце помнікі і абеліскі ў гонар загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Праведзена вялікая работа па навядзенні парадку на могілках. У зале прысутнічалі васілішкаўскія святары, і Т.І. Зубрыцкая адзначыла іх добры ўплыў на парафіян, жаданне арганізаваць людзей на карысныя справы.

 

 

 

Як заўжды, зацікаўлены дыялог з залай адбыўся ў начальніка ДРБУ-161 М.І. Сцельмашка. Рамонты дарог і вуліц летась праводзіліся не толькі ў аграгарадках, але і ў вёсцы Лычкаўцы (асфальтаванне вуліцы Кірава). Асфальтавае пакрыццё з’явілася на дарозе Бершты – Старадворцы, у вёсцы Дзегцяры. Прыведзены ў парадак шэраг аўтапавільёнаў. Аднак яшчэ многае прадстаіць зрабіць. Свае заўвагі і прапановы дэпутаты актыўна адрасавалі і начальніку ўчастка “Астрына” Шчучынскага РУП ЖКГ Андрэю Былеўскаму. Не абышлі і тэму старых пустуючых дамоў, якія, мякка кажучы, не ўпрыгожваюць выгляд нашых вёсак. Летась на тэрыторыі сельсавета было знесена 10 такіх безгаспадарных пабудоў – як за бюджэтныя сродкі, так і сіламі ААТ “Васілішкі”.

 

– Трэба, каб гэта пытанне пастаянна было ў цэнтры ўвагі. Важна яшчэ больш актыўна працаваць з нашчадкамі апусцелых вясковых сядзіб. Наша Бацькаўшчына павінна радаваць вока і сэрца, нашы вёскі павінны быць чыстымі і дагледжанымі, – выказала сваё патрабаванне Г.С. Хвядзюк.
Дэпутаты абазначылі шэраг задач на 2021 год і прынялі новы план мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі Васілішкаўскага сельсавета.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!