Адкуль з’яўляюцца кветкі на гарадскіх клумбах расказала начальнік Жалудоцкага ўчастка РУП ЖКГ Ірына Віктараўна Дуброўная
Ці задумваліся вы, адкуль з’яўляюцца на нашых гарадскіх клумбах кветкі? Так, іх высаджваюць работнікі РУП ЖКГ, аднак адкуль расада? На гэта пытанне адказала начальнік Жалудоцкага ўчастка РУП ЖКГ Ірына Віктараўна Дуброўная.
Жалудок ужо даўно між сабой шчучынцы называюць сталіцай кветак. Усё таму, што менавіта ў гэтым населеным пункце штогод ладзіцца фестываль кветак. Аднак мала хто ведае, што тут, на вуліцы Лясной, знаходзіцца гадавальнік Жалудоцкага ўчастка Шчучынскага РУП ЖКГ.
Цяпліца на 200 метраў квадратных патанае ў кветках... Пад гулкі акампанемент пчол, якія аблюбавалі цяпліцу, мы фатаграфуем жывы рознакаляровы дыван… Якіх толькі кветак тут няма! Пятуння, газанія, цынерарыя, аксаміткі, сальвія, бягонія… Адзначым, што ў цяпліцы створаны ўсе належныя для росту кветак умовы. Ёсць ацяпленне і вада. Але галоўнае ў кветкавай справе – асаблівы догляд. Яго забяспечваюць Ірына Віктараўна Дуброўная і яе калега Юлія Уладзіміраўна Хмяльніцкая. Штодзень жанчыны ўвіхаюцца над кветкамі. Кажуць, праца тут пачынаецца не вясной, а яшчэ напрыканцы студзеня. Першая ластаўка – бягонія. Далей высаджваюцца астатнія кветкі.
– Прафесійнае насенне купляем у мінскай кампаніі “Зелёный бархат”, – расказвае Ірына Віктараўна Дуброўная. – Аднак не толькі ў гэтым залог поспеху. Абавязкова патрэбна ведаць тэхналогіі вырошчвання кожнага віду кветак. Як вынік – штогод тысячы кветак для любімага горада і раёна. А гэта значная эканомія сродкаў! Калі кветак не хапае – РУП ЖКГ закупляе іх у іншых гадавальніках краіны.
На момант нашага візіту свайго “зорнага часу” чакалі звыш 11 тысяч кветак. Адны – у спецыяльных гаршчочках, другія – у звычайным грунце. Дарэчы, на тэрыторыі Жалудоцкага ўчастка таксама ёсць поле, дзе вырошчваюць кветкі ў адкрытым грунце.
Уявіце сабе, для таго, каб наш Шчучын патанаў у кветках, неабходна высадзіць іх ажно каля 30 тысяч! Для добраўпарадкавання Жалудка патрэбна да пяці тысяч кветак.
Шкада, што людзі не заўжды цэняць прыгажосць… Вырваная ці знішчаная кветка наўрад ці дазволіць камусьці разбагацець, а вось плех на клумбе і смутак на душы тых, хто клапаціўся пра яе азеляненне, застанецца. Памятайце, што толькі разам мы зможам зрабіць наш горад і раён прыгажэйшымі!
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.