Адкрыццё новых талентаў, каларытныя падворкі і яблычныя пачастункі, рэтра-вечарынка і сустрэчы землякоў… Даведаліся, чым парадаваў ХІІ фестываль музыкі ў Васілішках
28 жніўня васілішкаўская старонка прымала багата гасцей. ХІІ фестываль музыкі імя Чэслава Немена праходзіў самабытна, ярка, цікава. Не здарма ж гэта свята называюць брэндам рэгіёна.
На працягу ўсяго дня загадчык Стара-Васілішкаўскага клуба-музея Уладзімір Сянюта праводзіў экскурсіі ў доме, дзе вырас знакаміты рок-музыкант Чэслаў Выджыцкі, што сваёй творчасцю праславіў Радзіму. Гэтага творцу ведаюць у свеце пад псеўданімам Чэслаў Немен як адметнага прадстаўніка прагрэсіў-рока, уладальніка ўнікальнага голасу і выканаўцу глыбока духоўных, філасофскіх песень, тэксты якіх найчасцей ён пісаў сам, а яшчэ -- як нястомнага эксперыментатара ў новых на той час напрамках электроннай музыкі. Памятаюць і шануюць імя свайго земляка і на малой радзіме. У яго гонар і гэты цудоўны фестываль напрыканцы лета, што стаў прыгожай традыцыяй і падставай сабраць у Васілішках самых таленавітых і творчых людзей рэгіёна.
Урачыстае адкрыццё свята адбылося ў цэнтры аграгарадка Васілішкі. Вядучыя віталі гасцей на трох мовах – беларускай, рускай і польскай. Сапраўды, фестываль музыкі імя Чэслава Немена – гэта яшчэ і фестываль дружбы паміж народамі. Сярод ганаровых гасцей -- намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Андрэй Шкіндзераў. Ён падзяліўся з прысутнымі, як адкрыў для сябе імя і творчасць Чэслава Немена, выказаў словы захаплення асобай гэтага музыканта, чыя спадчына пранізана любоўю да роднага краю, імкненнем зрабіць гэты дзіўны свет лепшым і заклікамі захаваць мір на зямлі. Андрэй Валер’евіч пажадаў удзельнікам і гледачам фестывальнага пазітыву і адкрыцця новых імён нашых шчучынскіх зорак.
Нягледзячы на экстрымальна гарачае надвор’е, слухачоў канцэртнай праграмы інструментальнай музыкі “Сімфонія настрою” было нямала: людзі бралі пастаўленыя ля канцэртнай пляцоўкі крэслы і цэлымі сем’ямі або сяброўскімі кампаніямі ўтульна ўладкоўваліся ў цяньку. Такім чынам у суцэльную “залу” ператварылася ўся цэнтральная частка аграгарадка.
Прыгожы вянок класічных кампазіцый выканаў народны інструментальны ансамбль “Дывертысмент”, парадавалі сваёй ігрой музыканты Людміла Казлова, Генадзь Паноў, Станіслаў Трусіла, Юрый Барысевіч. А як “завялі” публіку орлеўскія музыкі-самародкі! Сапраўдным эксклюзівам і адкрыццём стала выступленне Вальтэра Грыгарана з Каменкі, які самаручна змайстраваў армянскі барабан дагол і натхнёна выканаў на гэтым каларытным інструменце “Музыку гор”.
Назвы наступных фестывальных праграм красамоўна гаварылі самі за сябе – “Дзіцячы патэнцыял”, дзе юныя дараванні дэманстравалі свае таленты, вечар беларускай песні “Народнае – моднае!”, эстрадны канцэрт “Шлягеры шансона”… Да чаго ж таленавіты ў нас народ! Кожны Дом культуры раёна і РЦКіНт прывезлі на фестываль у Васілішкі сваіх лепшых спевакоў і музыкантаў. Атрымалася неверагодна яркае сузор’е.
А колькі эмоцый атрымалі ўдзельнікі і госці фестывалю, наведаўшы гасцінныя васілішкаўскія падворкі, дзе шчодра частавалі яблычнымі прысмакамі! Усюды можна было пагутарыць з гаспадынькамі, абмяняцца рэцэптамі, даведацца пра гісторыю страў. Больш таго, на падворку Васілішкаўскага сельвыканкама энтузіясты паказвалі “Кола гісторыі” з усімі знакавымі аб’ектамі сельсавета ды вехамі гістарычных пераўтварэнняў. Дарэчы, каля дзясятка арганізацый выставілі свае падворкі, дзе было цікава і мясцовым жыхарам, і гасцям з Мінска, Гродна, Шчучына, іншых гарадоў і вёсак. Напрыклад, папулярнасцю карысталася кніжная выстава Васілішкаўскай бібліятэкі, сувеніры мясцовага лясніцтва, майстар-класы ад майстрыц з аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва.
Падчас свята ўвесь дзень працавалі гандлёвыя рады, дзе рэалізоўвалі сваю прадукцыю пчаляры, прадавалі пачастункі ларкі спажыўтаварыства. Былі запатрабаваны гульнявыя пляцоўкі, дзіцячыя атракцыёны. Дый фестывальны вечар атрымаўся не меней цікавым. Танцпляцоўка запрасіла на рэтра-дыскатэку, а кіназал – на цікавы фільм.
-- Гэта проста цудоўна, што ў Васілішках ёсць такі “імянны” фестываль, -- гаворыць жыхар Гродна Яўген Радзько, які заўжды з задавальненне прыязджае на сваю малую радзіму і абавязкова прыходзіць на гэта свята. – Прыемна, што столькі ўдзельнікаў завітала, столькі музычных жанраў прадстаўлена. Каб жыў Чэслаў Немен, ён бы таксама ганарыўся сваімі землякамі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і Галіны Петушок.