Абнавіць веды і павысіць эфектыўнасць. У Шчучыне прайшоў семінар-вучоба для прафсаюзнага актыву арганізацый АПК
Справаздачна-выбарную кампанію, вытворчы траўматызм і многія іншыя важныя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі семінара-вучобы для актыву Шчучынскай РА Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Мерапрыемства прайшло на базе занальнага інстытута раслінаводства. Вучобу для ўдзельнікаў семінара праводзілі старшыня Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Рамуальд Юроўскі, яго намеснік Марына Арцыман і прафсаюзны лідар шчучынскіх аграрыяў Генрых Юрэвіч.
Мерапрыемства пачалося з урачыстасці. Сёлета Гродзенскаму абласному камітэту Беларускага прафсаюза работнікаў АПК споўнілася 70 гадоў. З гэтай нагоды была зацверджана юбілейная грамата, якой адзначылі прафсаюзных актывістаў, заслужаных работнікаў і кіраўнікоў арганізацый аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці нашага раёна.
З рук Рамуальда Юроўскага граматы атрымалі дырэктар Шчучынскай МПМК-167 Юрый Краеўскі, дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Патапчык, галоўны бухгалтар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Анастасія Каспяровіч, дырэктар ТАА “Праймілк” Анатолій Бяляўскі, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ігар Аверка, дырэктар Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Уладзімір Макара і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Васілішкі” Валянціна Бакун.
Як адзначыў Рамуальд Юроўскі, Гродзенская вобласць з’яўляецца безумоўным лідарам у сельскай гаспадарцы не толькі Рэспублікі Беларусь, але і сярод рэгіёнаў бліжняга замежжа. Вядома ж, гэта агульная заслуга ўсіх работнікаў аграпрамысловага комплексу. А іх нямала – сёння Гродзенская абласная арганізацыя работнікаў АПК налічвае 457 пярвічак і 92 000 членаў. Гэта самая буйная грамадская арганізацыя ў вобласці.
Удзельнікі семінара абмеркавалі справаздачна-выбарную кампанію ў прафсаюзных арганізацыях. Акцэнт быў накіраваны на правільнае афармленне дакументаў і правядзенне выбарчых працэдур. Таксама на мерапрыемстве не абышлі ўвагай электаральную кампанію 2024 года, у якой прадстаўнікі прафсаюзаў возьмуць актыўны ўдзел у якасці членаў выбарчых камісій, назіральнікаў і давераных асоб. Хтосьці будзе балатавацца ў дэпутаты розных узроўняў.
Вялікая ўвага падчас семінара была нададзена сітуацыі з вытворчым траўматызмам у сельскагаспадарчых арганізацыях.
– На вялікі жаль, вытворчы траўматызм у Гродзенскай вобласці павялічваецца ў параўнанні з мінулым годам, – адзначыў Рамуальд Юроўскі. – З гэтым трэба нешта рабіць. Сёння на прафсаюзных сходах выбіраюцца грамадскія інспектары па ахове працы. Мы іх вучым, як трэба арганізоўваць і сачыць за бяспечнымі ўмовамі працы. Таксама дабіваемся, каб у базавую камплектацыю трактароў МТЗ пачалі ўключаць кандыцыянер ці клімат-кантроль. Так, у наймальніка не будзе спакусы эканоміць на работніках, а апошнія ў сваю чаргу будуць забяспечаны бяспечнымі і камфортнымі ўмовамі ў гарачы летні перыяд. Яшчэ нас турбуе канструкцыя тэхнікі, якая выкарыстоўваецца пры перавозках, у прыватнасці машыны МАЗ. Вышыня кузава грузавіка з наросткамі складае каля чатырох метраў. Збожжа ці іншыя сыпучыя грузы трэба абавязкова накрываць тэнтам. Вадзіцелям прыходзіцца рабіць гэтую працэдуру на небяспечнай вышыні, хаця завод мог бы зрабіць механічную ці аўтаматычную сістэму закрыцця кузава. Мы маем прыклады такой бяспечнай тэхнікі і хочам, каб падобнымі сістэмамі абсталёўваліся ўсе машыны.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.