Сяўба называе сваіх герояў. На Шчучыншчыне падвялі вынікі раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў на вясенне-палявых работах

 

Штогод на Шчучыншчыне праводзіцца раённае спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў на вясенне-палявых работах. Сёлета па яго выніках былі вызначаны пяць лепшых механізатараў, якія своечасова і якасна правялі вясеннюю сяўбу.

 

Узнагароды пераможцам спаборніцтва ўручылі першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іна Кучура і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч.

 

– Кожнаму чалавеку прыемна атрымліваць падзяку за сваю працу, – адзначае прафсаюзны лідар аграрыяў Генрых Юрэвіч. – Калі гутарыш з людзьмі, то разумееш, наколькі ім важна нават не прэмія ці дыплом, а прызнанне. Удзел у падобных спаборніцтвах натхняе на лепшую працу, а дыплом, які застанецца ў пераможцаў, стане добрым успамінам.

 

Першым узнагароду атрымаў механізатар ААТ “Орля” Іван Дзятчык. За сумленную працу механізатару ўручылі грашовую прэмію і дыплом. Акрамя Генрыха Юрэвіча і Іны Кучуры павіншаваць свайго работніка з годнымі вынікамі ў поле прыехаў дырэктар ААТ “Орля” Віктар Мінько. “Словы падзякі і пажаданні далейшых поспехаў у працы з’яўляюцца добрым стымулам для дасягнення новых працоўных вышынь”, – адзначыў Іван Дзятчык.

 

 

Наступным узнагароду атрымаў прадстаўнік філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Анатолій Снапко, якога засталі за працай у полі. Павіншаваць перадавіка таксама прыехаў кіраўнік гаспадаркі Станіслаў Гузень.

 

 

Ажно тры пераможцы раённага спаборніцтва вызначыліся ў ААТ “Васілішкі”. Узнагароды і віншаванні ад Генрыха Юрэвіча, Іны Кучуры і дырэктара Антона Бурноса прымалі механізатары Уладзімір Паўлюкевіч, Юзэф Барташэвіч і Павел Дагліс. Акрамя таго, абсалютным пераможцам у намінацыі “Сяўба ранніх яравых, збожжавых і зернебабовых культур” стаў Уладзімір Паўлюкевіч, які сёлета вясной засеяў гэтымі культурамі 472 гектары. Уладзімір працуе на трактары, якому ўжо больш за 19 гадоў. Нягледзячы на салідны ўзрост, тэхніка ўсё яшчэ дазваляе эфектыўна працаваць і ставіць рэкорды. Зараз машына на невялікім рамонце, але ў хуткім часе выйдзе на лінію.

 



 

– У гаспадарцы працую 25 гадоў, – дзеліцца Уладзімір Паўлюкевіч. – Прыемна быць пераможцам раённага спаборніцтва, такія конкурсы дадаткова стымулююць на дасягненне высокіх вынікаў. Таксама радуе, што праца добра аплачваецца і шануецца.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!