Культура – вечная каштоўнасць | Дзяннiца

Культура – вечная каштоўнасць

Версия для печатиВерсия для печати

Увесь 2016-ы мы будзем жыць пад знакам Года культуры.  Гэта своеасаблівае прызнанне дзяржавай вялікай ролі культуры ў фарміраванні светапогляду чалавека для рашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, аб’яднанні інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства.

Што да нашай Шчучыншчыны, то мінулы год яна правяла пад культурным і творчым ветразем рэспубліканскага свята -- Дня беларускага пісьменства. Яно мела шырокі рэзананс па ўсёй Беларусі. Гэта падзея пакінула добры след не толькі ў памяці ўдзельнікаў і відавочцаў, але і ў сённяшнім дні горада. Другое жыццё атрымалі абноўлены былы палац Друцкіх-Любецкіх, дзе размясціўся цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, і ЦРБ імя Цёткі – сучасны храм кнігі.

Аб гэтым падчас адзінага дня інфармавання нагадаў, выступаючы  перад супрацоўнікамі Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.Г. Амшэй. Аляксандр Генрыхавіч расказаў пра асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры, а таксама пра цяперашні творчы і гісторыка-культурны патэнцыял рэгіёна, абазначыў прыярытэты развіцця.

У прыватнасці, на Шчучыншчыне дзейнічаюць 12 аматарскіх творчых калектываў, якія носяць званне “народны” і вядомы далёка за межамі рэгіёна. Звыш 60 аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі раёна, уключаны ў спіс нацыянальна-культурнай спадчыны. Вядзецца падрыхтоўка дакументаў для ўключэння ў спіс ЮНЕСКА царквы-крэпасці ў в. Мураванка. Павышэнне статуса да ўзроўню міжнароднага павысіць да яе цікавасць з боку турыстаў, перакананы А.Г. Амшэй. Дарэчы,  гэты помнік архітэктуры ўваходзіць у лік 100 знакавых аб’ектаў Беларусі. У стадыі падрыхтоўкі праектна-каштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю палаца князёў Чацвярцінскіх у Жалудку. Уласнікам гэтага помніка архітэктуры цяпер з’яўляецца прыватная асоба, у планах якой наданне турыстычнай прывабнасці аб’екту, стварэнне на тэрыторыі палаца-паркавага комплексу музея і гасцініцы. Цікавыя планы і ў новага гаспадара яшчэ адной гісторыка-культурнай каштоўнасці – флігеля ля былога палаца Друцкіх-Любецкіх: наш суайчыннік мае намер стварыць тут турыстычны комплекс і кафэ.

Дарэчы, сёлета Шчучыншчына не абыдзе ўвагай 140-гадовы юбілей з дня нараджэння сваёй зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі).

Член абласной інфармацыйна-прапагандысцкай групы галоўны рэдактар абласной газеты “Гродзенская праўда” П.Я. Сухарукаў падрабязна расказаў супрацоўнікам навуковай установы, якім насычаным і цікавым мае быць  Год культуры на Гродзеншчыне. У абласным плане – звыш 200 мерапрыемстваў па васьмі раздзелах, якія закранаюць усе сферы жыццядзейнасці. Увага будзе звернута не толькі на развіццё арганізацый культуры, нацыянальнай мовы і мастацкую творчасць, але і на прававую і эканамічную культуру, культуру сямейных адносін і быту і г.д.

  Жыхароў прынёманскага краю чакае сёлета яркі феерверк фестываляў, урачыстасцей з нагоды юбілеяў выдатных творцаў, конкурсаў, канцэртаў і іншыя цікавых мерапрыемстваў. “Не хлебам адзіным жывы чалавек. Эканоміка без сацыяльнай сферы, без культуры не сфарміруе паўнавартасную асобу. У нашай дзяржаве ёсць разуменне, што культура вельмі важная сфера, – падкрэсліў Павел Якаўлевіч. – Культура – вечная каштоўнасць, ёсць і будзе заўжды”.

П.Я. Сухарукаў не толькі кіраўнік СМІ. Ён з’яўляецца членам аблвыканкама і намеснікам старшыні абласнога Савета дэпутатаў. Як прадстаўнік ўлады, Павел Якаўлевіч кампетэнтна расказаў аб сітуацыі на рынку працы, новых умовах работы ІП.

Фарміраванне ў грамадзян падатковай культуры – не менш важны складнік ў жыцці дзяржавы і грамадства, адзначыла намеснік начальніка інспекцыі па падатках і зборах па Шчучынскім раёне Н.А. Здановіч. Яна падрабязна расказала аб рабоце падатковых структур вобласці і раёна. Сярод галоўных напрамкаў падатковай палітыкі назвала ўдасканаленне і спрашчэнне падатковай сістэмы, забеспячэнне своечасовасці паступлення плацяжоў у бюджэт, кантрольную дзейнасць службы і іншае. “У Год культуры больш увагі будзем удзяляць асветніцкай дзейнасці і павышэнню падатковай культуры”, – падкрэсліла Наталля Аляксандраўна.

Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы адказалі на пытанні аўдыторыі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.