І нашу ласку, і пашану ім ад­да­ём усю спаўна | Дзяннiца

І нашу ласку, і пашану ім ад­да­ём усю спаўна

Версия для печатиВерсия для печати

Нядаўна былая партызанская су­вяз­ная А.П. Сямёнава пры­ма­ла віншаванні з 95-годдзем
Немагчыма не захапляцца сі­лай духа і стойкасцю гэтай ма­ле­нь­кай зграбнай жанчыны. Яна спаў­на зведала ўсе жахі і беды ва­ен­на­га ліхалецця. Алена Пар­фё­наў­на Сямёнава да сён­няш­ня­га дня мужна нясе свой боль пе­ра­жы­та­га і ў той жа час зас­та­ец­ца непапраўнай жыццялюбкай і ап­ты­міс­т­кай.
Вось і гасцей яна сустракала, так бы мовіць, у “поўнай баявой”. Нас­т­рой бадзёры, у вачах – хваляванне і радасць. “Заходзьце, мае да­ра­гія!” – запрасіла імянінніца. Алена Пар­фё­наў­на нездарма так звяр­ну­ла­ся да гасцей, усіх яна добра ве­дае і вельмі ўдзячна за ўвагу. А ў складзе дэлегацыі, што з пры­ем­най місіяй завітала да юбіляркі, – на­мес­нік старшыні райвыканкама Г.С. Хвядзюк, старшыня райсавета ве­тэ­ра­наў Э.С. Дзікевіч, ветэран Уз­б­ро­е­ных Сіл І.П. Рэкеда і ка­рэс­пан­дэнт “Дзянніцы”. Госці цёпла па­він­ша­ва­лі Алену Парфёнаўну з па­ва­жа­ным юбілеем, падзякавалі за ўклад у Перамогу, адзначылі  пра­цоў­ныя заслугі. Ганна Ста­ніс­ла­ваў­на Хвядзюк уручыла ветэранцы Га­на­ро­вую грамату райвыканкама.
– Дзе б Вы ні працавалі, якое б да­ру­чэн­не ні выконвалі, Вы заў­сё­ды рабілі гэта добрасумленна, з вы­со­кай адказнасцю, – пад­к­рэс­лі­ла Ганна Станіславаўна. – За гэта, Але­на Парфёнаўна, Вам вялікі дзя­куй! Вы маеце поўнае права га­на­рыц­ца сваім баявым і працоўным шля­хам!
 Юбілярцы  пажадалі здароўя і пас­та­ві­лі задачу-мінімум: дажыць да ста гадоў. Іван Пятровіч Рэкеда на­ват прачытаў свой верш з сім­ва­ліч­най назвай “За пяць год да ста”. Жан­чы­на расчулілася да слёз. Дач­ка Святлана Фёдараўна су­па­кой­ва­ла і падбадзёрвала яе: “Бачыш, мамачка, як цябе любяць і па­ва­жа­юць, гэта так прыемна!” Жан­чы­ны жывуць удваіх, Святлана Фё­да­раў­на заўсёды побач з ма­ту­ляй, аберагае яе і клапоціцца, кож­ны дзень стараецца даставіць ма­ле­нь­кую радасць самаму роднаму ча­ла­ве­ку. Магчыма, дзякуючы та­ко­му шчыраму клопату дачкі гады не сталі для жанчыны непасільным ця­жа­рам. Яна захавала ясны ро­зум, выдатную памяць і нават па­чуц­цё гумару, толькі вось голас стаў зусім ціхім.
У свой час Алена Парфёнаўна пра­ца­ва­ла ў Шчучынскім ЗАГСе. Не­вы­пад­ко­ва, што многія шчу­чын­цы яе ведаюць і яна многіх ведае.
– Алена Парфёнаўна, па­мя­та­е­це, як Вы  мой шлюб рэгістравалі? – пытаецца Іван Пятровіч Рэкеда. – З Вашай лёгкай рукі  я побач са сва­ёй  Валянцінай Іванаўнай ужо 56 (!) гадоў крочу па жыцці.
– Вы і мяне зрабілі сямейным ча­ла­ве­кам, – усміхаецца Эдмунд Ста­ніс­ла­ва­віч Дзікевіч. – І ў нас з Ган­най Іванаўнай стаж сямейнага жыц­ця за паўвеку пераваліў.  
Усё памятае Алена Парфёнаўна да дробязі. “Як жа не памятаць? Загс тады быў у старым бу­дын­ку…” – зазначыла жанчына і па­вя­ла аповед пра работу, якой аддала амаль 30 гадоў.
 Юбілярка і госці гаварылі пра тое, што ўяўляў сабой Шчучын ра­ней, як будаваўся і прыгажэў, уз­га­да­лі агульных знаёмых з  кі­раў­ніц­т­ва горада, якія шмат карыснага зра­бі­лі для райцэнтра.
Не абмінулі і тэму вайны. Ды як яе абыйдзеш, калі яна і праз сто­ль­кі гадоў паліць сэрца жанчыны? Але­на Парфёнаўна  з ліку тых ням­но­гіх людзей, якія памятаюць, як Шчу­чын адчуў подых Вялікай Ай­чын­най. Вось што яна расказала.
– Родам я з вёскі Рагатка, што на Барысаўшчыне. Бацька рана па­мёр. Адной матулі цяжка было пад­ні­маць чацвярых дзяцей, таму я пе­ра­е­ха­ла жыць да цёці ў Шчучын, улад­ка­ва­ла­ся працаваць пі­я­нер­с­кай важатай у сярэдняй школе №1. Дзень 22 чэрвеня 1941 года я за­пом­ні­ла назаўсёды. Ён выдаўся цёп­лым, сонечным, як на заказ для ме­рап­ры­ем­с­т­ва: у школе праходзіў аг­ляд піянерскіх атрадаў. Школьнікі з’е­ха­лі­ся з розных куточкаў раёна, апоў­д­ні пастроіліся на ўрачыстую лі­ней­ку на пляцоўцы каля школы. Рап­там гукі піянерскіх горнаў заг­лу­шыў страшэнны гул – неба над Шчу­чы­нам закрылі самалёты з чор­ны­мі крыжамі і сеялі дождж з куль. Была нядзеля, базарны дзень, людзі панікавалі,  раз­бя­га­лі­ся хто куды. Мы завялі дзетак у шко­лу і чакалі, пакуль па іх прый­дуць бацькі.
На другі дзень па загадзе рай­ка­ма партыі пачалася эвакуацыя ся­мей служачых ва ўсходнюю частку Бе­ла­ру­сі. Я разам з дзвюма ма­ла­лет­ні­мі стрыечнымі сёстрамі вяр­ну­ла­ся ў родную Рагатку. Пакуль да­бі­ра­лі­ся – ехалі ў перапоўненым гру­за­ві­ку,  плылі на параходзе па Бя­рэ­зі­не – пабачылі жахі вайны: бам­бёж­кі, пажары, адступленне на­шых салдат…  Не магла я змі­рыц­ца з тым, што вораг гаспадарыць на нашай зямлі.
У хуткім часе пачалі ўтварацца пар­ты­зан­с­кія атрады, мне да­ве­ры­лі быць сувязной. Першае да­ру­чэн­не атрымала восенню 1942 года: дас­таў­ля­ла звесткі на явачныя ква­тэ­ры падпольшчыкаў у Барысаве.
Я выконвала адказныя заданні асо­ба­га аддзела атрада №8 бры­га­ды дзядзькі Колі (прозвішча Ла­па­цін) – здабывала важныя звесткі: ка­го з правакатараў плануюць зас­лаць у атрад, якія аперацыі рых­ту­юць гітлераўцы. У СД працаваў свой чалавек, ён і папярэджваў пар­ты­зан. Так доўжылася паўтара го­да. Калі захопнікі пачалі вывозіць мо­ладзь у Германію, мы з сястрой ха­ва­лі­ся ў лесе, у партызанскай зо­не, дзе дыслацыраваўся атрад імя Варашылава брыгады Па­на­ма­рэн­кі. Партызаны паслалі мяне ў ляс­ны лагер, дзе знаходзіліся іх се­м­’і. Я выконвала абавязкі мед­сяс­т­ры, хадзіла ў дазор, дапамагала бу­да­ваць зямлянкі. Мы перажылі дзве блакады, загінула многа людзей. Фашысты заганялі нас у ба­ло­ты, абстрэльвалі, пужалі аў­чар­ка­мі, бамбілі з самалётаў. Страш­ныя  былі пакуты. Але мы ўсе цвёрда верылі ў Перамогу, і яна прыйшла!
Пасля вызвалення я працавала ін­с­т­рук­та­рам райкама камсамола ў Ба­ры­са­ве, а ў пачатку 1946 пе­ра­е­ха­ла ў Шчучын, які стаў для мяне род­ным.
Не ў характары Алены Пар­фё­наў­ны пасаваць перад цяжкасцямі, пад­да­вац­ца адчаю ў складаных сі­ту­а­цы­ях, хаця такія здараліся ў жыц­ці. У сярэдзіне 50-х Сямёнава з му­жам і маленькай дачкой ад­п­ра­ві­ла­ся ў Казахстан освойваць ца­лін­ныя землі. Трапілі ў Акмолінскую воб­ласць, добра ўладкаваліся, пра­ца­ва­лі ў саўгасе. Толькі пра­бы­лі там нядоўга, з-за хваробы мужа вяр­ну­лі­ся назад.  Фёдар Андрэевіч не змог пераадолець немач, у 1963 годзе яго не стала. Алена Пар­фё­наў­на навучылася самастойна спраў­ляц­ца з  усімі праблемы, вы­ха­ва­ла дачку, дала ёй дастойную аду­ка­цыю.
Былая партызанская сувязная А.П. Сямёнава дзякуе лёсу за доў­гую жыццёвую дарогу, па якой заў­сё­ды ішла годна, а маладому па­ка­лен­ню яна зычыць шчасця пад мір­ным небам.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.