Майстры крэатыву і святочнага настрою | Дзяннiца

Майстры крэатыву і святочнага настрою

Версия для печатиВерсия для печати

У дызайнерскіх здольнасцях шчучынскіх камунальнікаў сапраўды  не прыходзіцца сумнявацца. Толькі паглядзіце, як цудоўна яны падрыхтавалі родны Шчучын да сустрэчы Новага года! Галоўная ёлка раёна ўражвае сваёй прыгажосцю і багаццем убранства, цэнтральныя вуліцы “патанаюць” у ілюмінацыі, а ў гарадскім скверы на радасць гараджанам з’явіўся сапраўдны казачны гарадок з мноствам каркасных фігур.
-- Мы пачалі рыхтавацца да надыходу Новага года яшчэ ў верасні, -- прызнаецца інжынер РУП ЖКГ Алена Уладзіміраўна Шэршань. – Менавіта тады і з’явілася ідэя стварыць каркасныя фігуры і ўпрыгожыць імі цэнтр горада.

Кіраўніцтва арганізацыі з задавальненнем падтрымала нашу ініцыятыву і закупіла ўсе неабходныя матэрыялы: металічную арматуру, мішуру, агеньчыкі. Але ажыццявіць задуманае аказалася не так проста: давялося самім распрацоўваць дызайн і зварваць каркасы, а затым уручную аснашчаць падсветкай. Таксама выкарысталі пафарбаваныя пэт-бутэлькі. Усё гэта заняло не адзін тыдзень. Аднак яно таго варта! 
Сапраўды, падарунак камунальнікаў прыйшоўся вельмі даспадобы шчучынцам і гасцям нашага горада. Многія ўжо нават паспелі зрабіць фота на фоне казачнага гарадка і выкласці ў сацыяльныя сеткі. 
-- Усяго мы ўсталявалі каля пятнаццаці ззяючых каркасных фігур, -- гаворыць Алена Уладзіміраўна. – Над іх стварэннем працавалі работнікі ўчасткаў транспарту, добраўпарадкавання, кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі, ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак, службы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і іншыя. Упрыгожвалі металічныя каркасы спецыяліст па інфармацыйнай і ідэалагічнай рабоце Алена Баляславаўна Ступакевіч, майстар электрагаспадаркі Сяргей Віктаравіч Мацюк, электраманцёр Андрэй Антонавіч Томчык, работніцы ўчастка добраўпарадкавання Валянціна Баляславаўна Бубен і Таццяна Ігнатаўна Іванова. Адным словам, мы прыклалі ўсе намаганні, каб наш родны Шчучын напярэдадні свята выглядаў шыкоўна ўбраным і чыстым. Спадзяёмся, што шчучынцы з павагай аднясуцца да нашай працы і зберагуць створаную для іх прыгажосць. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.