З новым пакрыццём да новых перамог. На гарадскім стадыёне “Алімп” завяршаюцца работы ў рамках першага пускавога комплексу рэканструкцыі

 

Набліжаецца да завяршэння абнаўленне шчучынскага стадыёна “Алімп”. Зараз на галоўным спартыўным аб’екце раёна ідзе актыўны мантаж штучнага футбольнага пакрыцця, па завяршэнні якога стадыён будзе здадзены ў эксплуатацыю.

 

Рэканструкцыя футбольнага поля пачалася восенню мінулага года. З таго часу на стадыёне падрыхтавалі пляцоўку пад сучаснае сінтэтычнае пакрыццё, паклалі новую дрэнажную сістэму. Таксама на спартыўным аб’екце з’явілася сучаснае мультымедыйнае табло, для якога быў абсталяваны адмысловы пункт кіравання на трыбунах. Яшчэ на стадыёне размясціліся пляцоўка для варкаўта і вулічныя антывандальныя трэнажоры.

 

 

Сама тэхналогія ўкладкі штучнага футбольнага пакрыцця выглядае наступным чынам. Спачатку яно засцілаецца і клеіцца, пасля чаго сінтэтычнае пакрыццё расчэсваецца і падсыпаецца слаямі кварцавага пяску і гумавай крошкі. Пасля гэтых маніпуляцый вышыня сінтэтычнай травы будзе складаць камфортныя для гульні ў футбол 2 см.

 

 

Завяршыць працы па мантажу штучнага пакрыцця плануецца да канца жніўня. Пасля чаго ў верасні абноўлены стадыён чакае ўрачыстае адкрыццё.

 

 

Пра плюсы новага футбольнага пакрыцця нам расказаў загадчык сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дзмітрый Кірылаў:

 

– Самая галоўная перавага штучнага пакрыцця заключаецца ў тым, што яно валодае большай зносастойкасцю, чым натуральнае поле. Наш стадыён “Алімп” адзіны на ўвесь раён аб’ект падобнага маштабу, таму газон не вытрымліваў пастаяннай нагрузкі. Мінулай вясной у нас было ідэальнае поле, на якім можна было б гуляць у Першай лізе чэмпіянату Беларусі. Але потым пайшла засуха, пачалі праводзіцца спартыўныя мерапрыемствы, гуляла футбольная каманда, і пад канец сезона поле было ў кепскім стане. Справа ў тым, што на вялікіх стадыёнах з натуральным пакрыццём трэба гуляць раз на тыдзень, а ў нас тут праходзіць увесь трэніровачны працэс як дарослых, так і дзіцячых каманд.

 

 

Штучнае пакрыццё ў гэтым плане можа вытрымаць значна большую нагрузку. Пры належным доглядзе сінтэтыка служыць доўга і надзейна. Для таго, каб падтрымліваць новае поле ў добрым стане, трэба будзе перыядычна праводзіць падсыпку пяском і гумавай крошкай. Асабліва важна сачыць за штрафнымі пляцоўкамі, дзе канцэнтрацыя гульцоў падчас матчаў найвышэйшая. Для дасканалага догляду на стадыён плануецца прыдбаць маленькі трактар са спецыяльнай устаноўкай, якая будзе расчэсваць штучную траву і падсыпаць яе неабходнымі матэрыяламі.

 

 

– Новае пакрыццё вельмі добра падыходзіць для дзяцей, – адзначае Дзмітрый Кірылаў. – Яны будуць мець магчымасць вучыцца гуляць у футбол на добрым полі без няроўнасцяў. Гэта дапаможа паставіць выдатную тэхніку валодання мячом і развіць найлепшыя якасці юных спартсменаў.

 

Разабрацца ў фінансавым аспекце рэканструкцыі на стадыёне “Алімп” нам дапамог кіраўнік ДУ “Шчучынскі раённы цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў” Іван Гваздоўскі:
– Раённыя сродкі пайшлі на распрацоўку праектнай дакументацыі і падрыхтоўку пляцоўкі пад новае пакрыццё, што ўключала ў сябе зняцце грунту, усталёўку новай дрэнажнай сістэмы і аплату работ падраднай арганізацыі. На гэта было выдаткавана 600 тысяч рублёў. Калі ўлічваць новае табло, пляцоўку для варкаўта і антывандальныя трэнажоры, то агульная сума будзе складаць каля 700 тысяч рублёў. Сучаснае штучнае футбольнае пакрыццё было набыта і перададзена нам за кошт асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. Таксама яны перадалі ў наш раён кварцавы пясок і гумавую крошку з камплектам варот.

 

 

Варта адзачыць, што ўсе работы вядуцца ў рамках першага пускавога комплексу рэканструкцыі стадыёна “Алімп”. Дакументацыя другой пускавой чаргі ўжо распрацавана і ўключае ў сябе работы па рэканструкцыі бегавых дарожак і спартыўных пляцовак на стадыёне.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!