Якія аўто куплялі беларусы ў 2021 годзе. І якія ім прапануюцца сёлета

 

Па ўжо даўняй традыцыі Беларуская аўтамабільная асацыяцыя надоечы падвяла вынікі аўтамабільных продажаў летась. Журналісты запісвалі лічбы, на экране змяняліся слайды з аптымістычнай (ці не вельмі) статыстыкай. Калі казаць коратка, у 2021-м продажы новых аўтамабіляў упалі на 11,2 %, цэны ўзляцелі, а патэнцыяльныя пакупнікі сутыкнуліся з перабоямі паставак аўто. Аднак прагучалі і нечаканыя заявы.

 

Расказваем, якія, па звестках Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА), машыны куплялі нашы суайчыннікі і чаго чакаць ад гэтага рынку ў 2022 годзе. Тым больш што некаторыя тэндэнцыі ўжо становяцца яскравымі...

 

Рынак «сціснуўся»

Сусветны аўтапрам летась трэсла — праз недахоп мікрачыпаў (а вінаваты тут найперш ковід) аўтагіганты адчувалі сур'ёзныя праблемы, што і вылілася ў перабоі з пастаўкамі. На гэта наклаўся рост цэн на перавозкі, металы і іншыя матэрыялы, у выніку некаторыя мадэлі дадалі ў кошце адразу па 15–20 %.

Усё гэта не магло не адбіцца на продажах — на фоне складанага 2020-га іх рост у свеце склаў усяго 4,4 %, а вось у Еўрасаюзе продажы ўпалі на 2,4 %. Але не ўсюды справы ішлі так дрэнна — у суседняй Украіне, напрыклад, было рэалізавана на 20 % машын больш. Што датычыцца Беларусі, то наш рынак, на жаль, абваліўся адразу на 11,2 % — такія звесткі БАА, што аб'ядноўвае дылераў, якія прадаюць 99 % новых аўтамабіляў у краіне.

У 2021-м было прададзена 46 837 аўтамабіляў, у той час як у пандэмійным 2020-м — 52 768 новых аўто, а ў 2019-м і зусім 64 504 штукі. Член праўлення БАА Сяргей Варывода адзначыў, што рынак «сціснуўся», адкаціўшыся да паказчыкаў 2017–2018 гадоў.

— Увесь мінулы год мы адчувалі канкурэнцыю фактараў з боку попыту і прапановы. З боку прапановы — агульнавядомы дэфіцыт аўтамабіляў, з боку попыту — значнае скарачэнне аўтакрэдытавання, рост цэн, — растлумачыў сітуацыю на рынку Сяргей Варывода.

Выдаткі на вытворчасць чыпаў, палімераў і металаў павялічваюцца, цэны на кантэйнерныя перавозкі ўзраслі амаль у восем разоў. Гэта адбілася і на кошце аўтамабіляў. Аднак усеагульнае падзенне продажаў зусім не адбілася на аўто вытворчасці нашых суседзяў: напрыклад, істотна дадала Lada: беларусы набылі 11 669 аўто гэтай маркі. Паказчык на 13 % перавышае леташні.

Топ-5 марак аўто, якія куплялі беларусы ў 2021 годзе:

  • Lada (11 669 штук);
  • Geely (7442 штукі);
  • Volkswagen (4654 штукі);
  • Renault (4173 штукі);
  • Kіa (3895 штук).

Чаму Lada стала чэмпіёнам?

Згодна са статыстыкай, з 31-го брэнда, што рэалізоўвалі свае машыны ў 2020—2021 гадах, 17 скарацілі продажы, павялічылі іх — 14. Мацней за ўсіх абваліліся кітайскія Zotye (-82 %) і Changan (-84 %), Skoda абалілася на 68 %. У выніку адзін з лідараў рынку ў мінулыя гады заняў у агульным спісе толькі 10 месца.

Чэмпіёнам зноў стала Lada, якой удалося нарасціць продажы адразу на 13 %, да 11 669 штук. Як распавёў Сяргей Варывода, «галоўнай гераіняй»! стала «Ніва», выпушчаная ў дзвюх абноўленых версіях. Дзякуючы прыкметна ўзрослым продажам гэтай мадэлі, расійскі брэнд утрымаў пальму першынства. Але сваю ролю адыгралі і іншыя фактары.

— Сёння ёсць вялікі дэфіцыт у сегменце танных «седанаў»: Volkswagen Polo, Hyundaі Accent і Kіa Rіo летась былі прадстаўлены на рынку ў недастатковай колькасці. Таму калі танныя, але якасныя замежныя машыны выпалі, Lada Vesta набрала вялікі аб'ём продажаў — паясніў эксперт аўтамабільнага рынку Сяргей Міхневіч.

Volkswagen абышоў Renault

Нягледзячы на тое што Geely страціла адразу 19 %, кітайска-беларускія аўтамабілі карысталіся даволі ўстойлівым попытам — менавіта гэтай марцы аддалі перавагу 7 442 пакупнікі, што дазволіла ўтрымаць за сабой другі радок у спісе самых папулярных марак. Па словах экспертаў, прычынай рэзкай прасадкі Geely стала спыненне вытворчасці і продажаў дзвюх недарагіх мадэляў — Emgrand X7 і Emgrand 7.

Генадзь Свідзерскі, дырэктар СЗАТ «Белджы», адразу растлумачыў, чаму так атрымалася:

— У колькасным выражэнні мы рэалізавалі на айчынным рынку менш аўтамабіляў, але выручкі атрымалі больш у параўнанні з 2020-м. Гэта сведчыць аб тым, што ў 2021 годзе мадэльны рад сышоў у прэміяльны сегмент. Напрыклад, з'явіўся Geely Atlas Pro.

Уплыў пандэміі на работу завода мы адчулі толькі ў кастрычніку. У нас сярэдні ўзрост супрацоўнікаў — 30 гадоў. І падчас першых хваль мы лічылі, што моладзь у асноўным без бальнічных праходзіць праз гэтую справу. Але ўвосень мы адчулі немагчымасць выконваць планавыя задачы з-за недахопу персаналу. Што датычыцца крэдытавання і лізінгу ў краіне, то ў нас дзейнічаюць абедзве праграмы. Аформлены дагаворы з асноўнымі банкамі. Каля 80 % фізічных асоб купляе машыны менавіта ў лізінг або крэдыт.

А вось на трэцім-чацвёртым месцах адбылася ракіроўка — Volkswagen (хоць у яго продажы ўпалі на 16 %) абышоў на 12-месячнай дыстанцыі Renault, у якога вельмі рэзкі спад продажаў (-39 %). «Немцаў» было прададзена 4654 штукі, «французаў» — 4173.

Калі казаць пра найбольшы рост, то ім могуць пахваліцца Hyundaі (+83 %), Haval (+110 %) і Mіtsubіshі (+200 %). Зрэшты, калі глядзець па колькасці, то «японцаў» прадалі ўсяго толькі… 66 штук.

Які аўтамабіль цяпер самы народны?

Вышэйапісаныя праблемы канкурэнтаў дазволілі расійскай Lada Vesta зноў стаць самай папулярнай мадэллю года — гэтых машын было прададзена 4 803 штукі. Як і ў 2020-м, «срэбра» дасталася Volkswagen Polo (3 327), які прыкметна ўступіў на дыстанцыі. І гэтак жа, як і ў «забегу» брэндзіраваных жалезных коней, у гэтым рэестры на трэцім радку новы «твар» — Kіa Rіo (3 213), які замяніў Geely Atlas, што сягоння толькі на 9 радку. З прычыны таго, што на заводзе пад Жодзінам абнавілі мадэльны рад, распачаўшы выпуск Geely Atlas Pro.

Пры гэтым нельга не адзначыць, што мадэлі Geely мелі цалкам вытлумачальную перавагу пры дзяржзакупках. Акрамя таго, банкі працягвалі крэдытаваць куплю гэтых машын па партнёрскіх праграмах, па стаўках ніжэй за рыначныя.

Лізінг — замена крэдытаў?

Не сакрэт, што львіная доля аўто ў Беларусі купляецца на пазыковыя грошы.

— Мінулы год (на фоне падзення беларускага аўтарынку) апынуўся вельмі паспяховым для лізінгавых кампаній. Гібкасць і якасць работы з лізінгаатрымальнікамі аказаліся больш канкурэнтнымі ў параўнанні з банкамі. Калі раней у фінансаванні продажаў аўтамабіляў асноўную долю займалі банкаўскія крэдыты, то сёння лідзіруючыя пазіцыі — за лізінгавымі кампаніямі. Мне здаецца, што яны будуць нарошчваць абароты, і гэта ўсё ўзгадняецца з тым, што адбываецца на развітых аўтамабільных рынках, дзе менавіта лізінг з'яўляецца дамінуючым інструментам фінансавання, — лічыць Сяргей Міхневіч.

Паводле яго слоў, яшчэ адным важным момантам з'яўляецца тое, што ўсё больш папулярным становіцца фінансаванне разнастайных элементаў мабільнасці — каршэрынг і «ўберызацыя» таксі набіраюць вагу.

— І гэта вялікі сегмент рынку, для якога лізінг — самы зручны варыянт набыцця новых аўтамабіляў. Цяпер лізінгавыя кампаніі яшчэ і ў пачатку фарміравання попыту на «падпіску», якая будзе даступная і юрыдычным, і фізічным асобам. «Падпіска» — гэта праграма, прапанаваная дылерамі пры арэндзе аўтамабіля з вырашэннем усіх праблем па абслугоўванні — страхаванні і ўсіх іншых пытаннях, — некалькі брэндаў актыўна прапрацоўваюць гэты варыянт. Прычым такая арэнда можа быць як кароткатэрміновай, так і доўгатэрміновай, — кажа эксперт аб перспектывах фінансавых інструментаў для рынку.

Куды рушаць цэны?

Кажучы пра тое, чаму рынак у 2021-м зноў «сціснуўся», Сяргей Варывода назваў тры прычыны: дэфіцыт аўтамабіляў (няхай і не гэтак ярка выявіўся), сур'ёзны рост цэн (яны дасягнулі гістарычнага максімуму — як у рублях, так і ў валюце) і значнае скарачэнне аўтакрэдытавання.

Ацэньваючы перспектывы беларускага аўтарынку ў 2022 годзе, прадстаўнік БАА адзначыў наступнае.

— Калі на яго працягнуць аказваць ціск тыя ж фактары плюс рэальныя грашовыя даходы вырастуць максімум на 2 %, што закладзена ў прагноз сацыяльна—эканамічнага развіцця, то беларускі рынак будзе знаходзіцца «каля нуля» ці нават хутчэй знізіцца.

Мне здаецца, што рост цэн прытармозіцца і ў другім паўгоддзі спыніцца, — наступіць момант, калі вытворцы адновяць вытворчасць у поўным аб'ёме і дэфіцыт машын знікне. Пасля таго як склады будуць напоўненыя, дылеры пачнуць працаваць з патэнцыяльнымі пакупнікамі прызабытымі метадамі — акцыямі, зніжкамі і гэтак далей.

Агульная колькасць новых аўтамабіляў, прададзеных у 2021 годзе. Статыстыка з 2014 па 2021.

Агульная колькасць новых аўтамабіляў, прададзеных у 2021 годзе. Статыстыка з 2014 па 2021.

 

Вядома, дадзеная ацэнка — без уліку курсавых ваганняў, калі не здарыцца дэвальвацыі беларускага рубля, рэзюмаваў Сяргей Міхневіч.

Тое, што самымі прадаванымі застануцца «бюджэтнікі», было відавочна. А як справы з прэміум-сегментам? Сумарна сярод марак Audі, Mercedes, BMW, LR, Volvo, Jaguar, Porsche і Lexus набыта 1 933 адзінкі (+32 % да паказчыка 2020-га). Гэта 4,1 % ад агульнай колькасці рэалізаваных машын.

Што датычыцца камерцыйных аўтамабіляў, то на першым месцы па продажах GAZ Gazel Next Track (chassіs) (919 штук з'ехала з салонаў). На другім — UAZ СДР Van( 896), на трэцім — GAZ Gazel Next Van (433).

У Беларусь завязуць яшчэ 900 Geely Geometry C

А цяпер — да электрамабіляў. 43 машыны (супраць 16 за 2020-ты) забралі з салонаў новыя ўладальнікі. Паказчыкі павялічыліся не без заслугі Geely. У канцы года ў продажы нарэшце з'явіліся мадэлі Geometry C па 32 тысячы долараў. У «БелДжы» настроеныя вельмі аптымістычна, у 2022-м плануюць завезці для зборкі яшчэ 900 электракараў. Праўда, іх пачнуць рэалізоўваць толькі ў другім паўгоддзі.

— Попыт на электрамабілі ёсць. Усяго летась мы планавалі завезці 950 транспартных сродкаў, быў нават заключаны адпаведны дагавор. Аднак у выніку да нас трапілі толькі 50. У кожным дылерскім цэнтры цяпер можна апрабаваць гэтую машыну, правесці тэст-драйв, — падзяліўся Генадзь Свідзерскі.

— Спадзяваліся, што мытныя льготы ў рамках ЕАЭС будуць падоўжаныя для электрамабіляў, але, на жаль, такога не адбылося. Гэта на 15 % падаражае і без таго нятанныя аўтамабілі. Але я вельмі спадзяюся, што тэхнічныя выдаткі, работы, якія будуць весціся на заводах, а таксама якія рэгулююць прававыя дакументы на працягу гэтага года стануць удасканальвацца. І гэты від транспарту будзе больш даступным.

Усяго заводам «БелДжы» ў 2021 годзе было выраблена і рэалізавана 29 952 транспартныя сродкі. 85 % з іх адправіліся на экспарт у Расію і Казахстан. У снежні з канвеера сышоў 100-тысячны аўтамабіль.

Вядомыя планы і на бягучы год: за найбліжэйшыя 12 месяцаў Geely плануе збыць 37 тысяч адзінак. Мадэльны рад будзе папоўнены бюджэтнымі «седанамі» SS11. У другой палове 2022-га ў салонах з'явіцца Geely KX11, працягнуцца продажы красовера Tugella.

— Сёлета мы маем намер пашырыць колькасць сэрвісных цэнтраў. Да любога з іх павінна быць менш за сто кіламетраў. Таму адкрываем пункты продажаў у Полацку, Мазыры, Пінску, Баранавічах.

Рахунак-даведка сыдзе ў гісторыю?

Чаго чакаюць эксперты ў хуткім часе? Афіцыйнага прагнозу ў БАА няма. Сваім меркаваннем падзяліўся толькі Дзмітрый Ярота, член праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

— Падзенне па продажах працягнецца. Ці будзе яно фатальным? На дзесяці працэнтах, мне здаецца, яно спыніцца. Потым мы выйдзем на плато і пойдзем уверх. Таму сапраўды радуе лічба ў 900 электрамабіляў, якія людзі гатовыя купляць. Калі гэты сегмент пачне расці, будзе вельмі выдатна.

Дарэчы, будуць змяненні і ў заканадаўстве. Сяргей Варывода таксама адзначыў, што ў найбліжэйшы час эксперты чакаюць новую рэдакцыю Указа № 504.

— Ён у значнай ступені датычыцца аўтамабільных дылераў. Будзе скасаваны праславуты рахунак-даведка, а таксама ўдакладнены парадак рэгістрацыі пісьмовых дагавораў паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Плануецца ўвод абавязковых безнаяўных разлікаў паміж імі, незалежна ад таго, хто з'яўляецца прадаўцом і пакупніком. Наш рынак паволі рухаецца да большай празрыстасці.

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!