Урачыста сустрэць галоўнае свята краіны

На Гродзеншчыне рыхтуюцца ўрачыста адзначыць 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як ідзе падрыхтоўка да гэтай юбілейнай даты і якімі падзеямі будуць напоўнены святочныя дні, абмеркавалі на мінулым тыдні ў аблвыканкаме ў рэжыме відэаканферэнцыі падчас пасяджэння абласнога арганізацыйнага камітэта.

Было адзначана, што на Гродзеншчыне пройдуць сотні святочных мерапрыемстваў, у якіх прымуць удзел дзясяткі тысяч жыхароў вобласці. Ужо ў сакавіку адбудзецца абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны“. Кожны зможа стаць сведкам правядзення ўнікальных ваенных рэканструкцый у рамках акцыі “Дарогамі пераможцаў“.
У кожным населеным пункце вобласці ў дзень, калі ён быў вызвалены ад гітлераўцаў, пройдуць мітынгі-рэквіемы, рэтра-канцэрты і іншыя мерапрыемствы. А пачнуцца 3 ліпеня ў першым вызваленым горадзе на Гродзеншчыне - Астраўцы, і завершацца ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна 23 ліпеня.
Святкаванне 75-годдзя вызвалення пройдзе пад агульнай канцэпцыяй, якая адлюстроўвае адзінства нашага народа. Урачысты сход, прысвечаны Дню Перамогі, адбудзецца ў абласным цэнтры ў Гродзенскай абласной філармоніі. Мяркуецца, што дзейства будзе ладзіцца ў форме тэатралізаванага прадстаўлення “Дзённік салдата-пераможцы”. Урачыстыя мерапрыемствы ў Гродне таксама разгорнуцца 9 Мая на Кургане Славы. Традыцыйны ваенны парад, паказальныя выступленні воінаў ЗАК сёлета дапоўніць дэманстрацыя мірных дасягненняў, а таксама тэатралізаваныя эпізоды на ваенную тэматыку і канцэртная праграма.
Урачыста Дзень Перамогі рыхтуюцца сустрэць у раённых цэнтрах. У кожным з іх ужо распрацаваны свае канцэпцыі. Аб’яднае жыхароў вобласці 9 мая акцыя-канцэрт “У шэсць гадзін вечара пасля вайны“. Плануецца, што менавіта ў гэты час ва ўсіх населеных пунктах вобласці пачнуцца святочныя канцэрты, прысвечаныя Перамозе. А 3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Гродне пройдзе абласная акцыя “Вальс Перамогі”. 75 пар у гонар 75-годдзя вызвалення краіны закружацца ў вальсе і запросяць далучыцца ўсіх гасцей свята. Плануецца, што пад гукі “Майскага вальса” у кожным райцэнтры таксама аб’яднаюцца 75 танцуючых пар.
У спісе святочных мерапры­емстваў - уручэнне юбілейных медалёў “75 год вызвалення ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў”. Узнагароджваць медалём будуць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама тых, хто ўнёс значны ўклад ва ўвекавечанне памяці загінуўшых воінаў і героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян Беларусі.
– Канцэпцыя правядзення святочных мерапрыемстваў будзе яшчэ дапаўняцца. Важна, каб у баку не застаўся ніхто. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам на належным узроўні арганізаваць і правесці святкаванне знакавай даты, – падкрэсліў старшыня арганізацыйнага камітэта, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.
Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!