У рамках акцыі “За бяспеку разам” супрацоўнікі Шчучынскага РАНС правялі рэйд па домаўладаннях аграгарадка Балічы

На фінішы рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “За бяспеку разам” супрацоўнікі Шчучынскага РАНС сумесна з газетай “Дзянніца” і членамі агляднай камісіі Ражанкаўскага сельвыканкама правялі рэйд па домаўладаннях аграгарадка Балічы

Збіраючыся ў дарогу, старшыня сельвыканкама Віктар Валянцінавіч Бурдзей прадбачліва захапіў з сабой з паўдзясятка прыбораў АПА. У мікрааўтобусе, прадастаўленым кіраўніцтвам Шчучынскага рамзавода, дзе разумеюць, што бяспека людзей – гэта самае галоўнае, месцы займаюць прадстаўнікі РАНС, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўстаноў адукацыі, электрасетак і газавай службы. Па дарозе да рэйдавай брыгады далучаецца загадчыца Баліцкага ФАПа В.С. Дзявульская.
Мы спыняемся на вуліцы Міру – адной з самых працяглых у аграгарадку Балічы. Яшчэ адна група на чале з участковым інспектарам міліцыі Д.А. Грымутам у рамках акцыі “Дом без насілля” адправілася ў праблемныя сем’і сельсавета. 
Першы дом, як, дарэчы, і многія наступныя, толькі парадаваў: ніякіх заўваг да клапатлівых гаспадароў не было ні ў інспектара групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Шчучынскага РАНС Лізаветы Віктараўны Орсік, ні ў іншых членаў рэйдавай брыгады. 
– Ды мы і самі ўсё разумеем, пільна сочым і за печкамі, і за комінам на гарышчы, і за газавай плітой, і за электраправодкай. Дзеці прыязджаюць, таксама ўсё гэта кантралююць, – гаворыць Ганна Антонаўна Чарняк. – Муж Сямён Рыгоравіч хоць і ў інваліднай калясцы, а ўсё адно гаспадар дбайны, парадак у яго ва усім. Вунь ля хлява працуе.
Бяспецы прыдамавых тэрыторый і пабудоў падчас рэйду ўдзялялася асаблівая ўвага. Як заўважыў В.В. Бурдзей, летась 11 пажараў у Ражанкаўскім сельсавеце пачыналіся менавіта з загарання хлявоў. А колькі трывог выклікаюць палы травы і бытавога смецця: то ў адной вёсцы, то ў другой узнікаюць надзвычайныя сітуацыі, калі на дапамогу прыходзіцца выклікаць пажарных! Пра ўсё гэта прадстаўнікі грамадскасці гутарылі з вяскоўцамі, прыводзілі яскравыя прыклады, пакідалі для азнаямлення буклеты з карыснай інфармацыяй і нумарамі тэлефонаў ключавых службаў. 
Тое, што ўдавалася пераканаць людзей, сведчыць хаця б такі факт: жыхары трох дамоў у гэты дзень набылі прыборы АПА, а Віктар Валянцінавіч Бурдзей самаручна іх устанавіў. 
Трэба сказаць, што большасць вяскоўцаў даўно карыстаецца пажарнымі апавяшчальнікамі. Напрыклад, у доме мнагадзетнай мамы Зінаіды Леанідаўны Ступакевіч, якая разам з мужам выхоўвае сем дзяцей, сігнал АПА выведзены на вуліцу. 
– Мы вельмі часта бываем у хатах сяльчан, праводзім вялікую работу па бяспецы, – гаворыць спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Н.З. Іваноўская. – Вось і з гэтай мнагадзетнай сям’ёй індывідуальна працуем. Важна, каб дзеці раслі ва ўтульным доме, адчувалі ўвагу і клопат бацькоў.
Аднак, наведваючы вяскоўцаў, не абышлося і без істотных заўваг. У адным з двароў па вуліцы Міру ў Балічах, дзе хата была на замку, а наўкола – ні душы, вецер ва ўсю раздзьмухаў незачыненае металічнай дзверкай полымя ў кормазапарніку, што дымеў на ўсю акругу. Тут паставілі варыць корм для жывёлы, і пакінулі агонь безнадзорна. Да таго ж няхітрая канструкцыя ўсталявана ўпрытык да старога сухога плоту. Па ўсім відаць, што да бяды нядоўга. Прыйшлося адшукаць сына гаспадыні, якая сама на рабоце, а малады чалавек так неабачліва пакінуў у двары па-сутнасці адкрытае полымя. Ушчуванні – ушчуваннямі, а гэтым дзеянням, як запэўніла інспектар Л.В. Орсік, будзе дадзена і прававая ацэнка. 
Усяго ў той дзень члены рэйдавай брыгады пабывалі амаль у 40 дамах. Людзі прыслухваліся да канструктыўных заўваг, рабілі вывады, хтосьці абяцаў набыць АПА ў бліжэйшы час, хтосьці – “завязаць” з дрэннымі звычкамі. Прыемна было зайсці ў адзін з дамоў, дзе гаспадар стрымаў дадзенае раней слова і прынцыпова адмовіўся ад ужывання спіртнога, з новымі сіламі ўзяўся наводзіць парадак на сядзібе.
 Вынікі рэйду былі падведзены ў Ражанкаўскім сельвыканкаме. Яго старшыня В.В. Бурдзей падкрэсліў, што пытанні бяспекі жыццядзейнасці людзей пастаянна ў полі зроку мясцовай вертыкалі, а прафілактычная рэспубліканская акцыя “За бяспеку разам” надала новы імпульс гэтай рабоце.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.